Першая ж залева выкрыла хібы эканомнага будаўніцтва
У мінулую ноч у Магілёве ля новага падземнага пераходу, якія злучае дзьве цэнтральныя гарадзкія магістралі — вуліцу Ленінскую і праспэкт Міру — асунуўся грунт. У выніку аварыі ўтварылася яміна глыбінёй два мэтры і дыямэтрам больш за тры.
Пасярод прагалу апынуўся асьвятляльны слуп. Каб ён не абрынуўся на праежджую частку альбо на казырок пераходу, яго падтрымлівае кран. Да пераходу адсюль — ня больш за два мэтры. На месцы аварыі мноства тэхнікі. Так выглядала сёньня карціна ля падземнага пераходу.
“Там вялікага страху няма, усё там прыбярэцца і ўсё будзе нармальна. Залева была ў нас дужа цяжкая. У нас дамоў дужа шмат пазалівала. Цяпер кіраўніцтва гарадзкое зьбіраецца, будуць думаць, якія прымаць меры й што рабіць дзеля ліквідаваньня”, — паведаміла супрацоўніца гарвыканкаму.
Мэтады будаўніцтва ўлады называлі наватарскімі: зэканомілі 11 мільярдаў.
Паводле відавочцаў, аварыя здарылася пасьля дваццаць другой гадзіны. Яміну хутка запоўніла вада. Адпампоўвалі яе і прадухілялі пашырэньне правалу ўсю ноч. Кіраваў працай сам старшыня гарвыканкаму Віктар Шорыкаў.
Падземны пераход адкрылі летась 19 сьнежня. Яго збудавалі за паўгода. Мэтады будоўлі ўлады называлі наватарскімі, бо звычайна на такія аб’екты адводзіцца каля дванаццаці месяцаў. На пераход патрацілі дзесяць мільярдаў рублёў, а зэканомілі — адзінаццаць.
“Каб тэрміны вызначаліся іншыя, то такога б не адбылося. Канечне, ён вырашае праблему транспарту. Заўжды было нешта, аднак панікі было менш. Там жа ніхто не пацярпеў, нічога ня здарылася”, — тлумачыць супрацоўніца гарвыканкаму.
Што да дажджоў, якія вінаваціць суразмоўніца ў аварыі, то яны ў ноч зь пятніцы на суботу залілі сам пераход. Пажарныя машыны некалькі гадзінаў выпампоўвалі ваду адтуль. Будаўнікі, калі рабілі пераход, не праклалі ліўневай каналізацыі.
Пераход у Магілёве пачыналі будаваць як найвялікшы ў рэгіёне і найбольш арыгінальны ў Беларусі. Для ўнутранага аздабленьня закупілі граніт і мармур, электрычны ліфт. Будоўлю ўлады называлі адной з галоўных.