Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП хоча аб'яднаць Мілінкевіча і Статкевіча


Палітычная рада Аб'яднанай грамадзянскай партыі выказалася за тое, каб замест некалькіх эўракангрэсаў, якія прапануюць Аляксандар Мілінкевіч і Мікола Статкевіч, правесьці адзін кангрэс дэмакратычных сілаў.


Менавіта такі форум, лічыць кіраўніцтва АГП, стане “шырокай пляцоўкай і для грамадзкіх арганізацыяў, і для ўсіх прыхільнікаў пераменаў. У рамках Кангрэсу дэмсілаў можна прыняць любы дакумэнт, любую стратэгію з эўрапейскім зьместам”.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька так тлумачыць партыйную ініцыятыву:

Анатоль Лябедзька
“Мы хацелі б знайсьці нешта, што аб’яднае ўсіх. Гэта дрэнна, калі з адной ініцыятыўнай групы вырастаюць два эўракангрэсы. Мы нагадалі, што ёсьць пастаянна дзеючы кангрэс аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Ёсьць пазытыўная практыка, пазытыўны досьвед, калі вылучаўся адзіны кандыдат, калі прымалася новая стратэгія... Усё было прынятае праз дэмакратычную працэдуру, зь вялікай колькасьцю людзей і структураў, прадстаўленых на кангрэсе”.

Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што за пытаньнем аб эўракангрэсах стаіць агульная сытуацыя ў стане апазыцыі.

Вінцук Вячорка
“У цяперашняй сытуацыі галоўнае пытаньне — гэта вызначэньне: ці мы пагаджаемся быць часткай кіраванай апазыцыі? Гэта ёсьць сапраўдны каштоўнасны выбар: ці хтосьці спадзяецца эўрапеізаваць Лукашэнку або зрабіць выгляд, што Лукашэнка здатны да эўрапеізацыі, ці ўсё ж такі мы сьцьвярджаем, што гэты рэжым, гэтая мадэль, гэтая палітычная сыстэма, гэтая эканоміка не рэфармавальныя? І ставім задачу — ухіліць гэты рэжым і збудаваць эўрапейскую дэмакратычную сыстэму палітычнай улады і свабодную эканоміку. Вось гэта і ёсьць сапраўдная дылема, якая перад усімі стаіць, чым бы яна ні маскавалася. Я думаю, што на любых форумах трэба менавіта гэтае пытаньне ставіць. І вызначацца”.

Лідэры АГП кажуць, што будуць абмяркоўваць сваю ініцыятыву і з суб'ектамі АДС, і з тымі, хто ў кааліцыю не ўваходзіць, і з тымі, хто прапаноўвае правесьці эўракангрэсы. Палітоляг Уладзімер Роўда кажа, што яму здаецца найбольш слушным плян АГП:

Уладзімер Роўда
“Мяне бянтэжыць толькі адно — у апазыцыі зноў узьнікае абсалютна неаб’ектыўная лінія падзелу. Чамусьці ідзе падзел на праэўрапейскія і антыэўрапейскія сілы. Гэта абсалютна няслушны падзел. А ўлічваючы, што камуністы-калякінцы зьмяняюць сваю праграму, назву і г.д., то нават і іх нельга адносіць да нейкіх там антыэўрапейскіх, прарасейскіх сілаў. Гэта ж трэба ўлічваць. І чым больш апазыцыя будзе дэманстраваць сваё адзінства, тым больш шанцаў для яе посьпехаў. І наадварот. Таму, я думаю, з гэтых трох варыянтаў самы лягічны — гэта, безумоўна, варыянт АГП”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG