Гераіняй кнігі "Адзін дзень палітвязьня" не пасьпела стаць салігорская праваабаронца Яна Палякова.У ноч на 7 сакавіка 2009 году яе знайшлі ў пятлі ў сваім доме пасьля таго, як судзьдзя Аляксандар Бураўцоў прызнаў яе вінаватай у паклёпе на міліцыянта Віктара Пугачова і прысудзіў да двух з паловай гадоў "хіміі". Пасьля суду Яна гаварыла, што ніколі ня стане "зэчкай".
Героі гэтай кнігі — беларускія "зэкі", палітвязьні, якім давялося прайсьці тое, чаго не пагадзілася перанесьці Яна Палякова. Смурод сьледчых ізалятараў, нары Акрэсьціна, шматдзённы этап, адзінота перапоўненай камэры, тупая праца на "хіміі", галадоўкі ў бараках, страчанае здароўе, немагчымасьць прыехаць на пахаваньне бацькоў, туга па сям’і, бессэнсоўныя касацыі і — нарэшце свабода, дзе ўжо ўсё ня так, як было раней, а самае галоўнае — ты сам зьмяніўся...
Сярод герояў кнігі — паэт, мастак, геадэзіст, старшыня калгасу, лекар, прэм’ер-міністар, пасол, палітыкі, грамадзкія актывісты, праваабаронцы, прадпрымальнікі, дэпутаты, журналісты, міністры. Усіх іх аб’ядноўвае зьняволеньне з палітычных матываў у часе кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, пачынаючы ад Славаміра Адамовіча і завяршаючы Сяргеем Парсюкевічам. Гісторыю беларускіх палітвязьняў мы пачалі 1996 і завяршылі 2008 годам. Героі кнігі -- Славамір Адамовіч, Вячаслаў Сіўчык, Юры Хадыка, Уладзімер Кудзінаў, Рыгор Кійко, Уладзімер Лыско, Зьміцер Завадзкі, Павал Шарамет, Вадзім Лабковіч, Аляксей Шыдлоўскі, Вадзім Кабанчук, Васіль Лявонаў, Васіль Старавойтаў, Андрэй Клімаў, Уладзімер Плешчанка, Валер Шчукін, Павал Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч, Міхаіл Чыгір, Юры Бандажэўскі, Міхаіл Марыніч, Валер Леванеўскі, Аляксандар Васільеў, Сяргей Скрабец, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў, Артур Фінькевіч, Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая, Цімох Дранчук, Аляксандар Шалайка, Сяргей Ляшкевіч, Аляксандар Казулін, Іван Крук, Кацярына Садоўская, Зьміцер Дашкевіч, Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч – усяго 41 палітвязень.
У 2008 годзе памёр Аляксандар Салжаніцын, які пяцьдзясят гадоў таму напісаў свой "Адзін дзень Івана Дзянісавіча", што ўскалыхнуў і зьмяніў тагачаснае грамадзтва. Карэспандэнты "Свабоды" стварылі "адзін дзень сарака аднаго беларускага палітвязьня". Мы плянавалі даслаць гэтую кнігу Аляксандру Ісаевічу. Не пасьпелі...
Спачатку гэта быў проста цыкль перадачаў Радыё Свабода "Адзін дзень у сям’і палітвязьня". У 2006 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі было паўтара дзясятка палітвязьняў.
Карэспандэнты "Свабоды" праводзілі адзін дзень у сем’ях палітвязьняў, і праз размовы з жонкамі, мужамі, бацькамі, дзецьмі палітвязьняў, праз лісты вязьняў на волю вымалёўвалася сапраўдная карціна, дзе пацярпелым ад рэпрэсіяў быў ня толькі той, каго кінулі за краты,але і ўсе блізкія яму людзі, нават яшчэ ненароджаныя дзеці. Адных палітвязьняў вызвалялі, другіх садзілі,карэспандэнты "Свабоды" працягвалі трымаць гэтую тэму. У выніку ўзьнікла ідэя — расказаць калі не пра ўсіх, то прынамсі пра большасьць беларускіх палітвязьняў часоў прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.Карэспандэнты "Свабоды" праводзілі адзін дзень з былымі палітвязьнямі, і праз успаміны іх і іх родных,праз іхнія ацэнкі і аналіз стваралася гэтая кніга.
Кніга, натуральна, няпоўная, бо ў яе ня трапілі гісторыі соцень актывістаў, лідэраў апазыцыйных партыяў, праваабаронцаў, прадпрымальнікаў, шараговых грамадзянаў, якіх з палітычных прычынаў кідалі за краты на 10—15 сутак і болей. У штогадовых справаздачах Дзярждэпартамэнту ЗША, у справаздачах цэнтру "Вясна" ды іншых праваабарончых арганізацыяў на дзесятках старонак — толькі пералік імёнаў рэпрэсаваных з палітычных матываў. Мы ня ставілі сабе задачу расказаць гісторыю кожнага. Мы ўмоўна завяршылі кнігу 2008 годам.Аднак у 2009 годзе ізноў трапілі за краты яе героі— Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў, а тасксама Ўладзімер Асіпенка. Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала вязьнямі сумленьня 11 фігурантаў “Працэсу 14”. Кніга скончаная. Наша гісторыя — не...
Кнігу “Адзін дзень палітвязьня” у PDF-фармаце неўзабаве можна спампаваць з сайту “Свабоды”.