“Гэта патрэбная, вельмі патрэбная кніга для ўсіх. Але найперш хацелася б, каб яе прачыталі як мага больш тых, хто падтрымлівае і падтрымліваў уладу, каб яны пабачылі цёмны бок мэдаля, што там у закутках параднага будынку.
Але варта прачытаць і тым, хто ўсе гэтыя гісторыі добра ведае і праз расповеды незалежных СМІ, і праз турэмныя дзёньнікі саміх зьняволеных, і праз прыватныя размовы. Прынамсі, я, чытаючы кнігу, наноў перажыў тое захапленьне мужнасьцю Юрыя Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка, якое не пакідала мяне яшчэ доўга пасьля таго, як яны выйшлі з турмы. Гэтаксама як і захапленьне адвагай Васіля Лявонава, калі прачытаў напісаны ў турме адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі, поўны гневу і мужнасьці. Гэтым лістом Васіль Лявонаў рэальна паставіў на кон сваё жыцьцё, бо ў нашай турме з чалавекам лёгка зрабіць што заўгодна. Дзякаваць Богу, усё абышлося, але мая павага да Васіля Лявонава з тых часоў застаецца вялікай.
Зрэшты, кожная гісторыя з кнігі поўніла мяне пазытывам. І я каторы раз падумаў: чаму мы думаем пра сябе як пра нейкі занядбаны народ? Бо, здавалася б, адной гэтай кнігі, якая поўніцца праз край мужнасьцю і чалавечай годнасьцю, было б досыць, каб захапіцца беларусамі. І мы ўсё ныем і ныем. Менавіта таму такія кнігі нам вельмі і вельмі патрэбныя”.
Адзін дзень 41 палітвязьня на Радыё Свабода