Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ноч музэяў” у Магілёве


Магілёўскія музэі далучыліся да агульнаэўрапейскай акцыі “Ноч музэяў”. Да дваццаці трох гадзінаў у суботу жыхары абласнога цэнтру мелі магчымасьць пабачыць экспазыцыі абласнога краязнаўчага музэю й музэю этнаграфіі. Паводле музэйных супрацоўнікаў, за пяць гадзінаў акцыі выстаўныя залі наведалі сотні магілёўцаў. Наш карэспандэнт наведаў музэй этнаграфіі і паглядзеў тамтэйшую выставу “Зямлі роднай кругавод”.

“Ноч музэяў” у Магілёве пачалася а 18-й гадзіне. У этнаграфічным музэі, у залі з экспазыцыяй “Зямлі роднай кругавод”, сабралася чалавек дваццаць. У некаторых з наведнікаў пытаюся, чаму менавіта ў гэты дзень яны вырашылі прыйсьці ў музэй.

Спадарыня: “Таму што гэта навізна. У нас такога не было раней. Я даўно не была ў гэтым музэі й вырашыла прыйсьці. Дачку прывяла, каб паказаць гэта ўсё, каб яна ведала”.

Спадарыня: “Рэкляма была добрая. Сусьветная ноч музэяў, хацелі паглядзець, што гэта такое”

З экспазыцыяй знаёміць супрацоўніца музэю Жана Клімуць:

“Радыя, што да нас завіталі. Паглядзець, як мы спакон вякоў жывём. Як працуем, як сьвяткуем. Вёска нашая невялічкая. Усяго двароў дванаццаць. Зарэчча завецца, бо за ракой жывём”.

Музэй этнаграфіі месьціцца ў ацалелай частцы колішняга калегіюму езуітаў. Дзявятага сьнежня 1999 году адчынілася экспазыцыя “Зямлі роднай кругавод”. Пра яе апавядае спадарыня Клімуць:

“У нас была задума зрабіць экспазыцыю, каб паказаць жыцьцё празь сьвяты. Абрадавыя сьвяты – гэта ж ня проста так. Як уявіць сабе жыцьцё ланцужком, то гэта зьвяно. Выпадае зьвяно – значыць перарываецца жыцьцё. Для нашых продкаў гэта было натуральна”.

Цягам гадзіны спадарыня Жана кажа пра Каляды й куцьцю, пра масьленіцу й Вялікдзень, пра Тройцу й вясельныя абрады. Дзяўчаты ў беларускіх строях дапамагаюць экскурсаводу абрадавымі песьнямі:

“Ішла каляда калядуючы. Каляда-калядзіца...”


Грамада наведнікаў больш слухае, пытаньняў няшмат. У абрадавых гульнях удзельнічаюць дзеці. Забаўляцца іх выпіхваюць дарослыя.


Экскурсавод прапануе крупы ў ступе патаўчы. Да незнаёмага прадмета падыходзіць сямігадовая дзяўчынка. Зь цяжкасьцю разы тры падымае таўкач і больш ня можа. За ўзнагароду атрымлівае талерку з куцьцёй. Каштуюць яе й дарослыя. Каша ім падабаецца:

Спадарыня: “Ячная, з цукрам, цукар адчуваецца. Не – мёд? Мёд, напэўна”.


Пасіўнасьць наведнікаў не зьдзіўляе Жану Клімуць:

Яны звычайна больш слухаюць. Усё ўважліва. Асабліва пытаньняў не задаюць. Для большай часткі жыхароў нашага гораду гэта зусім незнаёмы сьвет. Зь ім яны сутыкаюцца дужа рэдка. Для іх гэта ўсё чароўнае, незнаёмае – казка карацей”.

Неўпрыкмет экскурсія па беларускай вёсцы канца XIX – пачатку XX стагодзьдзя завяршаецца. Наведнікі разыходзяцца па залі, каб ужо самастойна агледзець яшчэ ня ўбачанае. Тым часам ля ўваходу ўжо чакае наступная група гасьцей беларускай вёскі.

Міжнародны дзень музэяў адзначаецца ад 1977 году. Упершыню “Ноч музэяў” правялі французы 14 траўня 2005 году. У “Ноч музэяў” наведнікі ня толькі знаёмяцца з экспазыцыямі музэяў, але й становяцца ўдзельнікамі мастацкіх і тэатралізаваных імпрэзаў. У Беларусі першую “Ноч музэяў” правялі менскія музэі у 2007 годзе. Сёлета ў Беларусі, апрача Магілёва, "Ноч музэяў" праводзіцца яшчэ ў Гомелі, Горадні, Віцебску, Полацку і Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG