Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэст “Магутны Божа” скароцяць


Міжнародны фэстываль духоўнай музыкі “Магутны Божа” сёлета будзе праходзіць толькі тры дні замест традыцыйных пяці-сямі. Ня будзе сёлета традыцыйных урачыстасьцяў адкрыцьця й закрыцьця фэстывалю, а таксама конкурсу вакалістаў і хароў.

Пра скарочаную праграму сямнаццатага міжнароднага фэстывалю духоўнай музыкі “Магутны Божа” са скрухай паведаміў пробашч і дэкан магілёўскага касьцёла сьвятога Станіслава айцец Раман Факсінскі:

“Канцэрты будуць два дні, і ўсё. Ніхто нам не дапамагае. Усе нас кідаюць”.

Супрацоўніца аддзелу культуры Магілёўскага гарвыканкаму ўдакладніла, што фэстываль пачнецца 14 чэрвеня, а завершыцца сямнаццатага. Паводле яе, пакуль у праграме толькі чатыры канцэрты:

“Традыцыйнага, як раней, закрыцьця і адкрыцьця, конкурсаў сёлета ніякіх ня будзе. То бок будуць фэстывальныя дні, аднак крыху сьціплейшыя. Каму гэта цікава й хто сапраўдныя прыхільнікі фэстывалю, яны наведваюць канцэрты й будуць задаволеныя. Зараз павінен кожны праект акупляцца — над гэтым цяпер працуем”.

Суразмоўніца просіць не драматызаваць сытуацыі й не рабіць пасьпешлівых высноваў наконт будучыні фэстывалю:

“Каб фэстываль жыў і разьвіваўся, яму таксама патрэбныя нейкія вехі. Будзем лічыць, што гэта адна зь вехаў фэстывалю. Патрэбны нейкі новы падмацунак, патрэбная нейкая новая хваля”.

Магілёўскі журналіст Генадзь Суднік не выключае таго, што ўлада можа выкарыстаць нястачу сродкаў на фэстываль, каб наагул пра яго забыцца:

“Я думаю, што менш за ўсё тут вінаваты крызіс. Гэта вельмі няёмкае для ўлады мерапрыемства з-за таго, што людзі туды хадзілі зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі, з-за гімну „Магутны Божа“, што на ім калісьці прысутнічаў Пазьняк. Таму ёсьць такая падстава цяпер схавацца за крызіс, і яны з задавальненьнем гэта зробяць”.

Сёлетні фэстываль бяз конкурснай праграмы пройдзе не ўпершыню. Так ужо было два гады таму. Традыцыйныя ж урачыстасьці адкрыцьця й закрыцьця фэстывалю былі заўжды. На іх усе ўдзельнікі сьпявалі гімн “Магутны Божа” на мове арыгіналу.

Магілёўскі касьцёл і рымска-каталіцкая парафія Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі заклапочаныя ня толькі лёсам фэстывалю, пачатак якому яны паклалі ў 1992 годзе. Каталікі шукаюць сродкі, каб адрамантаваць будынак, у якім павінен разьмясьціцца душпастырскі цэнтар. Паводле Рамана Факсінскага, ахвотных дапамагчы касьцёлу ў гэтым пытаньні пакуль няма. Рамонт патрабуе дзясяткаў тысяч даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG