Нагодай стала публікацыя дзёньніка навабранца ў інтэрнэце. У частцы забаранілі недзяржаўную прэсу. Зьмітру Хведаруку таксама забаранілі чытаць “Нашу Ніву”. Тым часам Іван Шыла чакае судовага паседжаньня ў сваёй справе.
Франак Вячорка пазбаўлены звальненьня і ня можа сам распавесьці пра падзеі, якія адбыліся літаральна пару дзён таму. Ягоны бацька Вінцук Вячорка абураны дзеяньнямі вайскоўцаў, да якіх раней прэтэнзій не выказваў.
Гаворыць Вінцук Вячорка:
“Мне шкада, што менавіта ўзброеныя сілы, менавіта камандаваньне вайсковай часткі становяцца на шлях рэпрэсій у дачыненьні да ўнутрана свабоднага салдата, бо дагэтуль я казаў, што прызыў быў незаконны, што яго арганізоўвалі спэцслужбы і рэжым, але прэтэнзій уласна да арміі няма і быць ня можа.
Але, калі цяпер пачынаецца цяпер такое цкаваньне, то я, відавочна, буду гаварыць інакш”.
Вінцук Вячорка адзначыў адзіны станоўчы момант: салдаты выказалі Франку маральную падтрымку.
Вайскоўцы забралі ў Франка з пошты сьвежы нумар газэты “Наша Ніва”. Ягоны бацька абураны тым, што хлопца спрабуюць цалкам ізаляваць, пазбавіўшы ня толькі кантактаў са сваякамі і сябрамі, але й крыніцаў інфармацыі.
“Начальнік штаба батальёну маёр Капыловіч заявіў Франку, што незалежная прэса ёсьць антыдзяржаўнае і яе чытаньне і знаходжаньне ва ўзброеных сілах забароненае.
Нягледзячы на тое, што былі выпісаныя і “Народная Воля”, і “Наша Ніва”, і “Газэта Слонімская”, і “Белорусы и рынок”, і “Новы час”, наўрад ці яны патрапяць на салдацкія і афіцэрскія вочы”.
У Франка Вячоркі па-ранейшаму праблемы з сэрцам і ціскам. Франак настаяў, каб яму зрабілі ўльтрагукавое абсьледаваньне, але яму не далі азнаёміцца з заключэньнем.
Раней у 10-ым клінічным шпіталі Франку паставілі дыягназ, згодна зь якім нельга служыць у войску. Гэта пацьвердзіў і вайсковы мэдык на судовым паседжаньні. Ён толькі спаслаўся на адсутнасьць апаратуры для такой дыягностыкі ў вайсковым шпіталі.
Сваякі Франка будуць намагацца, каб яго абсьледавалі спэцыялісты-кардыёлягі і далі кваліфікаванае заключэньне.
Зьмітра Хведарука выпісалі з мэдычнай частцы. Ад пачатку сваёй службы ён практычна ўвесь час знаходзіцца то ў шпіталі, то ў санчастцы, то ў мэдычнай роце. Мэдыкі яму зрабілі апэрацыю і выявілі некалькі хваробаў. Але ў апошні дзень абсьледаваньня, калі мэдыкі мусілі вынесьці вэрдыкт наконт прыдатнасьці Зьмітра да вайсковай службы, маладафронтаўцы сустрэлі ў калідоры старых знаёмцаў – супрацоўнікаў КДБ, якія “курыруюць” “Малады фронт”.
Маці Зьмітра Ірына Хведарук так пракамэнтавала заключэньне мэдыкаў аб тым, што яе сын прыдатны да вайсковай службы.
“Не, ну, каб у адзін дзень сустрэць трох супрацоўнікаў гэтай паважанай арганізацыі на тэрыторыі шпіталя!.. Перад ВВК зноў здарылася наведваньне.
Можна, канешне, дапусьціць, што ўсіх іх сяброў паклалі ў шпіталь адначасова. Бываюць жа розныя цуды ў гэтым сьвеце”.
Зьмітру таксама забаранілі чытаць недзяржаўныя газэты. Цяпер іх выцягваюць зь ягонай асабістай пошты.
У справе Івана Шылы дагэтуль не прызначана дата судовага паседжаньня на ягоную заяву аб незаконнасьці гвалтоўнага вайсковага прызыву.
Тым часам заяву Зьмітра Хведарука разгледзелі ў Першамайскім судзе Менску, а заяву Франка Вячоркі – у міжгарнізонным вайсковым судзе.
12 траўня а 10 раніцы пачнецца разгляд касацыйнай скаргі Франка Вячоркі ў вайсковым судзе што на вуліцы Азгура,4.