У Празе адбыўся інаўгурацыйны саміт праграмы “Ўсходняе партнэрства”. У ім узяла ўдзел афіцыйная дэлегацыя Беларусі на чале зь першым віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам. Таксама ў гэтыя дні ў Празе правялі важныя сустрэчы з эўрапейскімі палітыкамі Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч, Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч. Чаго чакаюць афіцыйны Менск і дэмакратычная апазыцыя ад “Усходняга партнэрства”? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з Валерам Булгакавым.
Дашчынскі: “Відавочна, што і ў афіцыйнага Менску, і ў дэмакратычнай апазыцыі ёсьць свае спадзяваньні і патрабаваньні да праграмы “Ўсходняга партнэрства”. У якім становішчы цяпер апынуліся ўлада і дэмакратычная апазыцыя?”
Булгакаў: “У рупары Лукашэнкавай адміністрацыі, газэце “Советская Белоруссия”, зьявіўся знакавы артыкул. Круглы стол з удзелам, здавалася б, надзвычай апазыцыйных аналітыкаў Віталя Сіліцкага і Дзяніса Мельянцова пад назвай “Усходняе партнэрства” ЭЗ: пэрспэктывы для Беларусі”. Сама гэтая публікацыя сыгналізуе, што тэма яшчэ далёка не закрытая і ў кароткачасовай пэрспэктыве яна будзе актыўна распрацоўвацца. Чаму ва ўлады ўзьнікла такое крытычнае запатрабаваньне да дыялёгу з ЭЗ? З чыста нейкай бягучай, эканамічнай каньюнктуры гэты разварот не растлумачыць. І гэта стварае вялікую апэратыўную прастору для палітычнай гульні. Стаўкі яе вельмі высокія. Выжывальнасьць палітычнага рэжыму ў Беларусі і мадэрнізацыя нацыянальнай эканомікі пры дапамозе заходніх інвэстыцый і тэхналёгій — гэта з аднаго боку. З боку ЭЗ — гэта магчымасьць нарэшце цьвёрда ўвабраць Беларусь у сваю геапалітычную арбіту. Беларускай апазыцыі ў гэтым раскладзе цяжка прэтэндаваць на нейкую асноватворную ролю”.
Дашчынскі: “Чатыры палітыкі — Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч і Аляксандар Казулін — падпісалі супольную заяву адносна “Ўсходняга партнэрства”. Аляксандар Мілінкевіч яе не падпісаў. Пра што гэта сьведчыць?”
Булгакаў: “Гэта значыць: розныя апазыцыйныя групы будуць будаваць сваю палітычную стратэгію ў адпаведнасьці са сваім бачаньнем сытуацыі. Першая стратэгія — працягу канфрантацыі з рэжымам і апэляцыі да эўрапейскай супольнасьці з мэтай падтрымаць акурат дэмакратычную супольнасьць усярэдзіне краіны. І другая апазыцыйная стратэгія — скіраваная на завязваньне дыялёгу, нейкіх кропак супрацоўніцтва зь цяперашнім беларускім рэжымам у імя збліжэньня з Эўропай. Я думаю, абедзьве яны маюць права на існаваньне. І якая зь іх больш эфэктыўная, пакажа будучыня.
Ліст гэтых чатырох палітыкаў вытрыманы ў досыць канфрантацыйнай стылістыцы. Яна нагадвае адпаведныя палітычныя заявы сярэдзіны 90-х гадоў. Ёсьць цьверджаньні, якія цяжка ўспрымаюцца брусэльскай бюракратыяй. Напрыклад, што значыць “свабоднае разьвіцьцё беларускай культуры, адукацыі і творчасьці”? Гэтае цьверджаньне, асабліва “творчасьць”, досыць галаслоўнае. Бо незалежную творчасьць ня здольны стрымаць беларускі рэжым. Для камунікацый з Эўропай, магчыма, ужо адышоў час нейкіх вельмі рэзанансных, ідэалягічна афарбаваных адозваў. А надыходзіць пара значна больш манатонных, але эфэктыўных канкрэтных рэкамэндацый для эўрапейскіх палітычных элітаў з боку беларускай незалежнай супольнасьці. Як зрабіць так, каб Беларусь па мілімэтрыку рухалася ў бок эўрапейскай супольнасьці? Мне здаецца, група Мілінкевіча робіць стаўку на іншыя лябісцкія інструмэнты, чым група, якая досыць неспадзяваным чынам сфармавалася ў выглядзе такога альянсу паміж І.Сурвілай, З.Пазьняком, С. Шушкевічам і А. Казуліным”.
Дашчынскі: “Але сама гэтая праграма “Ўсходняе партнэрства”, новая эўрапейская палітыка даюць магчымасьць для нейкага супрацоўніцтва паміж уладамі і апазыцыяй?Вось жа прадстаўнікі А.Мілінкевіча кажуць, што гатовы супрацоўнічаць у тым, што набліжае Беларусь да Эўропы”.
Булгакаў: “Гэтае супрацоўніцтва дэ-факта ўжо адбываецца. І больш за тое, яно страшна цікавіць нашых заходніх партнэраў. Я зьвярнуў увагу на публікацыю Сіліцкага і Мельянцова ў газэце “Советская Белоруссия”. Фактычна, год таму такая публікацыя наогул была немагчымая. Сёньня адбыўся чарговы суд у справе экстрэмісцкага нумару часопіса “Архэ”, і хачу зьвярнуць увагу, што акурат публікацыя Сіліцкага была клясыфікавана экспэртамі з упраўленьня КДБ як публікацыя, якая зьмяшчае экстрэмісцкія заклікі. На падставе гэтай публікацыі часопіс хацелі прысудзіць да зьнішчэньня. Гэта тое, што кідаецца на вочы. Ёсьць вялікая нефармальная работа, якая зьдзяйсьняецца эўрапейскай дыпляматыяй. “Усходняе партнэрства” пацягнула досыць глыбокі зрух ня толькі ўсярэдзіне Беларусі, але і ў міжнародным пазыцыянаваньні Беларусі. Узаемадзеяньне адбываецца, але ў вельмі абмежаваным полі і не закранае структуру палітычнага рэжыму ў Беларусі. Палітычная сфэра як была замарожаная пасьля канстытуцыйнага перавароту 1996 году, так і застаецца. А бяз гэтых зьменаў — падвышэньня ролі грамадзянскай супольнасьці, зьмены выбарчага заканадаўства, ператварэньня палітычных партый у паўнавартасныя суб’екты беларускай палітыкі — ніякі сур’ёзны рух да эўрапейскай палітычнай прасторы немагчымы”.