Як вынікае з паведамленьняў з Брусэлю, праўдападобна, што ва ўстаноўчым саміце “Ўсходняе партнэрства” ня возьмуць удзелу ні прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі, ні брытанскі прэм’ер Гордан Браўн, ні яго гішпанскі калега Хасэ Луіс Сапатэра.
Інтэрнэт-выданьне eubussiness са спасылкай на адказнага чыноўніка з Эўракамісіі адзначае: адсутнасьць Сарказі ў Празе павялічвае тую “небясьпеку”, што ўсходнюю палітыку ЭЗ будуць вызначаць краіны ўсходу ЭЗ, а міжземнаморскую – краіны Міжземнамор’я.
(Летась, калі Францыя ўзначальвала Эўразьвяз, францускі лідэр зь вялікай помпай заснаваў “Міжземнаморскі Зьвяз” дзеля ўмацаваньня сувязяў паміж краінамі міжземнаморскага ўзьбярэжжа, але з таго часу гэты форум заглух.)
Як лічаць эўрапейскія дыпляматы, рэгіён “Усходняга партнэрства” патрабуе вельмі вялікай увагі з боку ЭЗ. Тут патрабуюцца істотныя дэмакратычныя і эканамічныя рэформы.
Доўгі час у ЭЗ дыскутавалі адносна далучэньня да “Партнэрства” Беларусі, якой кіруе “апошні дыктатар Эўропы”. Аднак у выніку Брусэль усё ж вырашыў перадаць Менску запрашэньне на праскі саміт.
Як піша нямецкая Тagesspiegel, магчыма, “запрашэньне было неяк няўмела сфармулявана”, а таму Брусэль потым мусіў неаднойчы падкрэсьліваць, што на сустрэчы хочуць дыялёгу з краінай, а не зь беларускім аўтакратам.
“Гарачая дыпляматычная спрэчка адносна запрашэньня на праскую сустрэчу, магчыма, выглядала ня надта прыемна. Але зь яе вынікала: беларускі народ вітаюць у Эўропе, кіраўніка-дэспата —не”, — піша Тagesspiegel.