Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства замежных справаў Беларусі.
“Паколькі зьмест “Усходняга партнэрства” выключна прыкладны і ахоплівае сацыяльна і эканамічна важныя кірункі супрацоўніцтва (гандаль, энэргетыка, транспарт, міграцыя), кантроль за ім аднесены да кампэтэнцыі ўраду”, - адзначылі ў беларускім МЗС.
Нагадаем, запрашэньне на сустрэчу кіраўнікоў краінаў, якія ўваходзяць у праграму “Ўсходняе партнэрства”, перадаў беларускаму кіраўніку Аляксандру Лукашэнку міністар замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг у часе красавіцкага візыту ў Менск. Шэраг краін Эўразьвязу выступілі супраць асабістага ўдзелу Лукашэнкі ў саміце. “Нідэрлянды не вітаюць прыезд Лукашэнкі ў Прагу”,-- адзначыў напярэдадні кіраўнік МЗС Нідэрляндаў Максім Вэрхагэн.
Да праграмы "Ўсходняе партнэрства" запрашаюцца Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна.
Польшча і Швэцыя запрапанавалі міністрам замежных справаў Эўразьвязу плян супрацоўніцтва з поставецкімі краінамі.
Плян прапануе "глыбейшую інтэграцыю" Эўразьвязу зь Беларусьсю, Украінай, Малдовай, Грузіяй, Армэніяй і Азэрбайджанам. Мэтай такога паглыбленага супрацоўніцтва павінна была быць падрыхтоўка гэтых краінаў да ўступу ў Эўразьвяз, хоць сам плян ня згадвае пра магчымасьці сяброўства ні словам. Плянам прадугледжваецца паскарэньне рэформаў, збліжэньне нацыянальнага заканадаўства з эўрапейскім для наступнай эканамічнай інтэграцыі краін у эўрапейскую супольнасьць.
Як вынік, "Усходняе партнэрства" мае спрыяць стабільнасьці ды дабрабыту ва ўсходніх суседзяў Эўразьвязу з дапамогай інструмэнтаў эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва.