Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагноз МВФ: у Беларусі падзеньне 4,3 працэнты

абноўлена

Міжнародны Валютны Фонд
Міжнародны Валютны Фонд

Паводле прагнозаў Міжнароднага валютнага фонду, у выпадку ажыццяўленьня нэгатыўнага сцэнару разьвіцьця сытуацыі ў эканоміцы Беларусі, які быў зроблены ў абноўленым Аглядзе ўсясьветнай эканомікі, валавы ўнутраны прадукт упершыню за апошнія 15 гадоў можа ўпасьці. Сёлета эксперты МВФ чакаюць падзеньне ВУП Беларусі на 4,3%. У 2008 годзе ВУП Беларусі вырас на 10%

На думку эканаміста Аляксандра Кавалёва, гэта пакуль толькі прагноз. Яшчэ ў студзені экспэрты МВФ выказвалі аптымізм і прагназавалі хоць невялікі, але рост валавага ўнутранага прадукту амаль на паўтара працэнта.Таму пакуль невядома, наколькі істотным будзе спад:

Аляксандар Кавалёў

“Што ён можа быць – гэта не навіна. Асабліва для тых прадпрыемстваў, якія перайшлі на няпоўны працоўны тыдзень. Іншая справа – можа, усё ня так і дрэнна. Я ў гэтым сэнсе аптыміст, бо не адзін год эканомікі ўсяго сьвету падсілкоўваюцца дармавымі крэдытамі для таго, каб рост гэтага сукупнага прадукту неяк падхлёстваць. На сёньняшні дзень проста ўсё становіцца на свае месцы, інвэстыцыі, якія былі зробленыя ў непатрэбныя галіны эканомікі – я цяпер кажу ня толькі пра Беларусь, а пра ўсясьветную эканоміку – будуць адміраць”.

Катастрофай было б не зьніжэньне ВУП, гэта было б як раз нармальна ў сытуацыі, калі падае попыт на прадукцыю, якую прадпрыемствы вырабляюць, кажа эканаміст Сяргей Чалы:

“Значным горшым быў бы працяг палітыкі стымуляваньня росту, калі гэта прадукцыя не прадаецца. Ёсьць такі адметны радок у мэтадалёгіі разьліку ВУП, яна называецца “інвэстыцыі ў складзкія запасы”. Продажаў насамрэч амаль няма. Значна горш было б працягваць вырабляць тое, што не купляюць у сытуацыі, калі аб’ём зьнешняга гандлю працэнтаў на 40 падае. Значна менш правільным быў бы выраб таго, што не купляюць, чым зьніжэньне ВУП”.

Эканаміст Аляксандар Кавалёў прызнаецца, што доўга пераконваў сябе ў тым, што гэты паказьнік – ВУП -- наагул мала што адлюстроўвае і мала пра што сьведчыць:

“Прыкладам, у яго не ўлічваюцца ўсе тыя самапаслугі, якія мы аказваем самі сабе. Прыкладам – дачы. Мы працуем на іх, прадукт расьце, але ў статыстыку гэта не ўключаецца. У мяне ёсьць цяпер такі жарт для студэнтаў. Калі ў чалавека заможнага і нежанатага працуе хатняя работніца, прыслуга, і ён плаціць ёй заработную плату. Гэта лічыцца як сукупны прадукт. А калі гэта робіць жонка – гэта ня лічыцца. Такім чынам, калі ўсе алігархі ажэняцца са сваёй прыслугай, дык сукупны прадукт упадзе”.

Паводле эканаміста Сяргея Чалага, паказьнік “валавы ўнутраны прадукт” наагул для Беларусі не надта падыходзіць:

Сяргей Чалы

“Сам па сабе ВУП паводле парамэтраў для нашай эканомікі ня вельмі падыходзячы. Ён вельмі добра падыходзіць для эканомікі рынкавага кшталту, і ня вельмі добра – для эканомікі савецкага кшталту. Што як раз пасьпяхова дазваляла нашым уладам маляваць гэтыя парамэтры. Усе гэтыя паніжэньні прагнозаў МВФ ідуць у межах паніжэньня прагнозаў адносна ўсясьветнага росту”.

МВФ таксама прагназуе і значнае пагаршэньне эканомікі Расеі, якая зьяўляецца асноўным гандлёва-эканамічным партнэрам Беларусі і ключавым рынкам збыту беларускіх тавараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG