СЛУХАЦЬ:
Афіцыйная статыстыка абвясьціла вынікі працы эканомікі Беларусі за першы квартал. Згодна зь імі, ніякай рэцэсіі ў краіне няма. Рост валавога ўнутранага прадукту склаў 2,6%.
Звычайная норма для Беларусі — павелічэньне ВУП за год на 10—12%. Міністар працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Ўладзімер Патупчык згадвае, што прагнозных лічбаў ніхто не адмяняў:
“Выйсьці на тыя лічбы, якія закладзеныя ў праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, будзе надзвычай складана. Але Аляксандрам Лукашэнкам у сваім пасланьні да парлямэнту і беларускага народу была пастаўлена задача — нягледзячы на ўсе складанасьці, выкліканыя ўсясьветным фінансава-эканамічным крызісам, зрабіць усё, каб эканоміка Беларусі хутчэй зь яго выйшла. І забясьпечыла выкананьне прагнозных паказьнікаў”.
Экспэрты Міжнароднага валютнага фонду мяркуюць, што ўрадавыя прагнозныя паказьнікі невыканальныя. Іх пэсымізм кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка зьвязвае найперш з хуткімі стратамі Беларусьсю замежных рынкаў — асабліва расейскага, украінскага ды кітайскага:
“Зразумела, што падзеньне валавога ўнутранага прадукту будзе, што рэцэсія пойдзе дастаткова ўпэўнена. Цяпер у нас экспарт зьмяншаецца напалову. Што тычыцца нашай тэхнікі, машын, абсталяваньня, дык тут небясьпечная сытуацыя. Небясьпечная! У нас засталося ад зьнешніх рынкаў па шэрагу сэгмэнтаў зусім нямнога: напрыклад, па дарожна-будаўнічай тэхніцы — толькі 14%, па грузавых аўтамабілях і цягачах — толькі 22%, па трактарах засталося 54%.
Мы — невялікая краіна з адкрытай эканомікай. І для нас галоўнае — экспарт. Але цяпер уся наша эканоміка патрэбная ўсясьветнай эканоміцы роўна напалову”.
Спадар Заіка прагназуе, што дэпрэсіўнасьць у скіраваных на экспарт сфэрах эканомікі будзе працягвацца. Адзінае выключэньне можа скласьці толькі аграрны сэктар.
І яшчэ адна акалічнасьць надзвычай турбуе навукоўца:
“70% прадпрыемстваў ужо ня могуць аплачваць крэдыты”.