Нядаўна мне сказалі, што Вільню трэба любіць за танныя майкі на распродажах і смачную каву. А мне гэтага мала. Мабыць, нездарма Адам Глобус некалі напісаў, што “Вільня ў кожнага свая”.
У сучаснай Вільні асабіста я бачу праекцыю будучай Беларусі.
Дзе ўжо мала хто размаўляе па-расейску.
Дзе моладзь ня п’е піва па пад’ездах, бо ўтульныя кавярні месьцяцца на кожным куце.
Дзе бабулькі езьдзяць на нядзельную службу ў касьцёл не ў пярэста-квяцістых хустках, а ў элегантных капялюшыках.
Дзе транспарт ходзіць дакладна па раскладзе.
Вільня – культурная сталіца Эўропы-2009. Шчыра кажучы, калі даведалася пра гэта, то надта захацела параўнаць яе з родным Віцебскам, які прынята называць культурнай сталіцай Беларусі.
Што ж… Можа і ў нас там культурная сталіца, а вось опэрная музыка гучыць у тралейбусе толькі тут, у Вільні.
Цікава, што Віцебск называюць культурнай сталіцай з-за таго, што там праводзіцца 17 фэстываляў, самы вядомы зь якіх Славянскі базар, а Вільню прызналі, пэўна, усе ж з-за атмасфэры.
Варта адзначыць, што з нагоды прызнаньня Вільні культурнай сталіцай Эўропы, ніякай спэцыяльнай падрыхтоўкі да сьвятаў я тут не заўважыла. Гэта мяне зьдзівіла, бо ў родным горадзе за колькі дзён да “базару” ў Віцебску працаўнікі ў аранжавых камізэльках насьпех кладуць асфальт, перасаджваюць кветкі, фарбуюць лаўкі. А тут жыцьцё ідзе звыкла і спакойна, няма незьлічонай колькасьці міліцыянтаў і вуліцы не перакрыты з-за рамонтных работ.
Родны Віцебск успомніўся і тады, калі ў сакавіку ў Вільні давялося патрапіць на традыцыйны кірмаш – Казюкас, прымеркаваны да дня Сьвятога Казіміра. З аднакурсьніцай-віцяблянкай пагадзіліся на тым, што ён вельмі падобны да фэстывальнага гораду майстроў у яго лепшыя часы.
Казюкас нагадаў: некалі і ў Віцебску прадавалі свае вырабы таленавітыя народныя майстры – разьбяры па дрэве, ганчары, кавалі. А зараз, на жаль, большасьць тавараў, якія там ёсьць, – кітайскай вытворчасьці.
У Вільні ня здрадзілі павазе да самабытнасьці, і людзі, якія прыйшлі на кірмаш, частаваліся традыцыйным цёплым півам ды смачнымі пернікамі.
Адзінае, чым сучасная Вільня надта падобная да фэстывальнага Віцебску, гэта вялікай колькасьцю сьмецьця на вуліцах. Аднак у Віцебску яго пастаянна прыбіраюць усё тыя ж людзі ў аранжавых камізэльках, а тут ўсё так і застаецца ляжаць на зямлі…
У межах праграмы “Вільня – культурная сталіца Эўропы” другога траўня тут будзе адзначацца Дзень вулічнай музыкі.Усе людзі з абмежаванымі магчымасьцямі, якія прымуць у ім удзел, змогуць бясплатна частавацца кавай у віленскіх кавярнях. Гэта, на маю думку, проста выдатна. Бо кава тут сапраўды надта смачная.У Віцебску такой нідзе не каштавала.