Свабода на Белсаце, 18.04.2009. Частка 1
Лукашук: На гэтым тыдні у Менску зь візытам знаходзіўся Карэл Шварцэнбэрг, міністар замежных справаў Чэхіі, якая старшынюе ў Эўразьвязе і будзе арганізоўваць саміт Усходняга Партнэрства ў Празе. На момант запісу праграмы мы ня ведаем, ці ён уручыць афіцыйныя запросіны наведаць Прагу асабіста Аляксандру Лукашэнку – давайце асьвяжым нашы прагнозы – так ці не?
Дракахруст: Зараз я ўжо сказаў бы, што Лукашэнка ў Прагу запрошаны будзе. Падчас гэтага візыту міністра Шварцэнбэрга ці пазьней, зь нейкімі агаворкамі, з выказваньнем пажаданьня, каб прыехаў нейкі іншы прадстаўнік кіраўніцтва Беларусі – тут магчымыя варыянты. Але мяркую, што афіцыйна запрашэньне накіраванае будзе. Разумееце, нельга быць крыху цяжарнай. Калі Беларусь запрашаецца ў партнэрства на агульных умовах, то і запрашэньне аб прадстаўніцтве павінна быць накіраванае на агульных умовах, гэтак жа, як Украіне, Грузіі, Малдове, Азэрбайджану і Армэніі. Ужо як там самі краіны вырашаць, хто будзе іх прадстаўляць на саміце партнэрства – гэта іх справа.
Я б яшчэ дадаў, што вокрыкі Масквы наконт удзелу Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве, а таксама забурэньні, якія мы назіраем у Малдове і Грузіі, у вачах Эўразьвязу падвышаюць каштоўнасьць Беларусі, у тым ліку і каштоўнасьць удзелу А. Лукашэнкі ў праскім саміце.
Цыганкоў: Я таксама пагаджуся, што фармальна Лукашэнка будзе запрошаны ў Прагу. Гэта як мінімум лягічна – Беларусь запрошаная у праграму “Усходняе партнэрства”, ну а Аляксандар Лукашэнка зьяўляецца кіраўніком гэтай краіны. Іншая справа, што, магчыма, тыя эўрапейскія палітыкі, якія ўсё ж ня хочуць бачыць Лукашэнку на саміце ў Празе, зробяць так, каб ён туды не паехаў. Гэта можа быць і чарговая публічная заява, што Беларусь пакуль не зрабіла істотнага прагрэсу ў галіне правоў чалавека. А можа быць і больш тонкая гульня, калі па дыпляматычных каналах намякнуць, што значна лепш будзе для Беларусі, калі яе кіраўнік застанецца дома. Я па-ранейшаму лічу, што па тых ці іншых прычынах самога Лукашэнкі ў Празе ня будзе.
Лукашук: Гэты тыдзень быў даволі звычайны для апазыцыі: пагроза высяленьня з офісу БНФ, адмова ў рэгістрацыі Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі, затрыманьне на мяжы лідэраў апазыцыі, якія ехалі на сустрэчу з амэрыканскімі кангрэсмэнамі. У рэшце рэшт іх прапусьцілі, акрамя Артура Фінькевіча. Маё пытаньне – чаму ўсё як звычайна? І гэта - за тры тыдні перад Прагай?
Дракахруст: Сапраўды – спачатку затрымалі, потым усіх, акрамя Фінькевіча, прапусьцілі. А Арцёма Дубскага, паводле яго словаў, “выгналі з турмы” без тлумачэньня прычынаў. Улада, як і раней, гуляе з апазыцыяй, як кошка з мышкай – адпусьціць, прыцісьне. Не выключаю, што і офіс партыі БНФ, патрапаўшы нэрвы, пакінуць, і БХД пасьля некалькіх заходаў, як тое было з рухам “За Свабоду”, зарэгіструюць. Калі-небудзь. Дубскага вызвалілі, бо ён найбольш “цягнуў” на статус вязьня сумленьня. А Прага – беларускія ўлады разумеюць, што рашэньне не залежыць ад іх сёньняшніх дзеяньняў, хіба што зробяць нешта надзвычай жахлівае. Ну а тыя дзеяньні, якія вы пералічылі, пад гэтую катэгорыю не падпадаюць.
Цыганкоў: Усё гэта – у межах той тактыкі, пра якую мы казалі раней – дробныя ўколы і нэрваваньне апазыцыі. Сапраўды – паторгалі БНФ, але, здаецца, не выганяюць, БХД не зарэгістравалі, а можа, як рух “За Свабоду”, зарэгіструюць зь пятага ці дзясятага разу. Я б зьвярнуў увагу на вызваленьне Дубскага. Гэта робіцца за дзень да прыезду Карла Шварцэнбэрга. А Арцём Дубскі – гэта тая асоба, якая найбольш патрапляла пад паняцьце “палітычны зьняволены”. Ён вызваляецца.
Лукашук: Аляксандар Лукашэнка на мінулым тыдні зноў езьдзіў – і зноў у Расею. Абвешчанай мэтай візыту была сустрэча з патрыярхам Маскоўскім і Ўсяе Русі Кірылам, гутарка паміж кіраўнікамі сьвецкай і царкоўнай уладаў доўжылася тры гадзіны. Аднак потым адбылася сустрэча Лукашэнкі з расейскім прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым, ужо чацьвёртая з пачатку гэтага году. Чым тлумачыцца такая частата сустрэчаў кіраўніка Беларусі зь ягоным расейскім калегам?
Дракахруст: Паводле Лукашэнкі, у яго атрымалася вырашыць шэраг практычных пытаньняў: каб цана на газ для Беларусі была аднолькавая на працягу году, а не высокай напачатку і нізкай напрыканцы, ён дамовіўся, каб “Газпром” заплаціў за транзыт газу наперад, за ўвесь год, каб не было штрафных санкцый за недабор газу. Ішла размова і пра пастаўкі ў Расею беларускай прадукцыі, Лукашэнка прывёў словы Мядзьведзева: “Мы будзем купляць беларускае”.
Але так выглядае, што адной з важнейшых, калі не галоўнай тэмай быў удзел Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве, а шырэй – наладжваньне Беларусьсю адносінаў з Эўропай. Я мяркую, што Лукашэнка імкнуўся ўсяляк заспакоіць расейскі бок, што ягоныя рухі цела ў бок Захаду, у тым ліку і нежаданьне прызнаваць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, не азначаюць адыходу ад Расеі.
А Расея сапраўды выказвае занепакоенасьць з гэтай нагоды. Як заявіў на прэсавай канфэрэнцыі для замежных журналістаў у Маскве афіцыйны прадстаўнік расейскага МЗС Андрэй Несьцярэнка, патэнцыйны ўдзел былых савецкіх рэспублік у праграме “Ўсходняе партнэрства” можа падацца “ненатуральным выбарам”, штучным супрацьстаўленьнем Расеі і ЭЗ. Паводле Несьцярэнкі, Масква бачыць у гэтым “пагрозу”. Расейскі дыплямат таксама спыніўся на ўдзеле Беларусі ў гэтым праекце ЭЗ. Ён падкрэсьліў, што Масква ня можа не заўважаць спробаў Брусэлю ціснуць на яе саюзьніка.
Цыганкоў: Масква разумее, што Брусэлю яна сёньня “ня ўказ”, і нейкіх магчымасьцяў зьмяніць ці неяк паўплываць на сам праект Усходняга партнэрства ў Расеі фактычна няма. А вось дзейнічаць кропкава, праз самыя слабыя дзяржавы праекту – напрыклад, Беларусь ці Малдову – гэта якраз Маскве пад сілу. Потым, як мне здаецца, у расейскай замежнай палітыцы шмат чаго адбываецца ірацыянальна і, я б нават сказаў, інстынктыўна. Асабліва наконт дзяржаваў былога СССР. Калі хоць нехта зь іх робіць крок у бок Эўропы, гэта адразу менавіта інстынктыўна выклікае нэгатыўную рэакцыю. Колькі рэзкіх заяваў было зроблена, калі краіны Балтыі ўступалі ў НАТО. Здавалася, ледзь не вайну абвесьцяць. І што? Праглынулі, як і шмат чаго іншага. Але ўсё ж незадавальненьне Масквы можа прывесьці да пэўных непрыемнасьцяў для Менску, так што Лукашэнка нездарма прыкладае ўсе свае таленты і здольнасьці, каб даказаць, што ні ў якай ступені Беларусь не ідзе ўбок ад Расеі
Лукашук: Пасьля візыту ў Маскву і падчас нядаўняй сустрэчы з губэрнатарам Ленінградзкай вобласьці Валерам Сердзюковым беларускі кіраўнік надзвычай рэзка і нэрвова адкінуў абвінавачваньні ў тым, што Беларусь збліжэньнем з Эўропай, меркаваным удзелам ва Ўсходнім партнэрстве здраджвае Расеі, так бы мовіць, мяняе сваю геапалітычную арыентацыю.
У Менску пасьля маскоўскага візыту ён заявіў:
“Беларусь ніколі не вядзе перамоваў супраць Расеі”.
"Гэта нам ня выгадна, гэта шкодна зь любой пазыцыі. Чаму мы павінны адмаўляцца ад Расеі? Зь любога пункту гледжаньня мы не зьбіраемся адмаўляцца ад дасягнутага на расейскім напрамку, а наадварот, мы будзем нарошчваць намаганьні адносна Расеі”.
"Калі сёньня лічаць, што мы адвярнуліся ад Расеі і пайшлі ўрачыстым маршам у іншым напрамку, то гэта поўнае глупства: ніхто такіх мэтаў не ставіць”.
У гутарцы зь ленінградзкім губэрнатарам Лукашэнка выказаўся яшчэ больш красамоўна:
“Калі ў Расеі хтосьці скажа, што ў Беларусі зьявіліся нейкія тэндэнцыі ў бок ад Расіі, плюньце таму ў вочы. Мы ня бачым будучыні без Расеі, мы асуджаныя жыць разам".
Пры гэтым кіраўнік Беларусі нават прыгразіў Расеі ... сваім сыходам:
"Лукашэнка не вечны, вы назаўжды можаце страціць Беларусь. Пра гэта, на жаль, у Расеі ніхто ня думае, а думаць трэба. Я 15 год стаю, сьціснуўшы зубы. Нельга так супрацоўнічаць з самым блізкім народам і дзяржавай. Наш народ не заслужыў такіх адносін".
Ну калі ўжо гутарка пра такія сьвятыя рэчы, як уласная ўлада, то справа відаць сур'ёзная. А ў чым, уласна, яе сур'ёзнасьць? Чаму Лукашэнка ў такіх моцных выразах адмаўляе паварот Беларусі ад Расеі? Ня ў НАТО ж ёй прапануюць уступіць? Вось Украіна і Малдова нават абураюцца, што іх запрашаюць ва Ўсходняе партнэрства, бо гэта вельмі мала ў параўнаньні зь іх плянамі і намерамі.
Дракахруст: Гэта праўда, але для Расеі, якая прызвычаілася да манапольнага ўплыву на Беларусь, нават прывід таго, што ў Беларусі могуць зьявіцца геапалітычныя альтэрнатывы – пэрспэктыва даволі балючая, як у практычным, гэтак і ў ідэалягічным пляне. Прычым найбольш рэзкай і хваравітай яе рэакцыя будзе менавіта цяпер, калі яшчэ не вядома, якія ўстойлівыя формы прыме гэты “раман” афіцыйнага Менску з Эўропай, што гэта за зьвер – Усходняе партнэрства. А гэта могуць быць рэальныя грошы, якія не атрымае Беларусь ад пакрыўджанай Масквы. А можа і што горшае.
Таму для Лукашэнкі цяпер надзвычай важна ўлагодзіць, так бы мовіць, расейскага мядзьведзя, каб ён менавіта цяпер ня надта энэргічна махаў лапамі. Да таго ж гэтыя частыя паездкі ў Расею – гэта і дэманстрацыя Эўропе, што шлях у Маскву кіраўнік Беларусі забываць не зьбіраецца, што ня так яму ўжо і мёдам памазана ў той Эўропе.
Цыганкоў: У Лукашэнкі даволі складаная задача – пераканаць Маскву, што ягоны паварот на Захад Маскве якраз і выгадны. Тут трэба быць вялікім дэмагогам і нават сафістам. Гэта як дарослая дачка, якая пакідае бацькоўскі дом, а яны ня хочуць яе адпускаць. І вось яна ім даказвае, што якраз у асобнай кватэры ёй будзе лепш і яна нават будзе іх любіць больш, чым раней. Каб бацькі былі сучасныя і прагрэсіўныя, але яны, на жаль, ня хочуць адпускаць. Даводзіцца пагражаць, як Лукашэнка і робіць, што калі вы мяне не адпусьціце ў новую кватэру і ня будзеце даваць грошы яшчэ больш – зусім мяне страціце! Такую гульню можна весьці, толькі будучы ўпэўненым, што Масква ня скажа – ды ідзі ты куды хочаш, не патрэбны ты нам зусім! І вось Лукашэнка ўпэўнены, што Масква такога ня скажа. Таму і працягвае сваю гульню.
Свабода на Белсаце, 18.04.2009. Частка 2
Лукашук: У студыі – госьць, наш калега з Грузінскай службы Радыё Свабода Давід Какабадзэ. Давід, чым выкліканыя цяперашнія дастаткова шматлюдныя і працяглыя пратэсты? І патрабаваньне апазыцыі – адстаўка прэзыдэнта Саакашвілі. Што яна яму інкрымінуе?
Какабадзэ: Апазыцыя і частка насельніцтва абвінавачваюць прэзыдэнта ня столькі ў прайгранай вайне, колькі ў тым, што палез у пастку, якую яму зрабіла Расея, і нават не прызнае тых памылак, якія ў часе вайны і пасьля яе зрабілі ён і ягоныя паплечнікі. Гэта – галоўная прычына таго, што цяпер у Тбілісі і ў іншых гарадах Грузіі праходзяць апазыцыйныя мітынгі пратэсту.
Дракахруст: Мы толькі што назіралі за дзеяньнямі апазыцыі ў Малдове, дзе выкарыстоўваліся сучасныя мэтады мабілізацыі – смс, сацыяльныя сеткі, інтэрнэт... А якія мэтады дзеяньняў выкарыстоўвае апазыцыя ў Грузіі? Вы не маглі б расказаць аб гэтых мэтадах супрацьстаяньня?
Какабадзэ: Мэтады ў Грузіі крыху адрозныя ад тых, што ўжываюцца ў Малдове. Апазыцыя вырашыла гэта тэатралізаваць. Па горадзе расставілі клеткі, якія павінны сымбалізаваць тое, што Грузія – паліцэйская дзяржава і людзі жывуць ледзь ня ў турмах. У гэтых клетках сядзяць вядомыя прадстаўнікі грамадзтва – паэты, сьпевакі, навукоўцы – і абмяркоўваюць надзённыя праблемы зь людзьмі, якія да іх прыходзяць.
Акрамя клетак днямі апазыцыя зладзіла пэрформанс, калі на тэрыторыю прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі запусьцілі труса, а агароджу рэзыдэнцыі абвешалі гальштукамі. Гэта быў зьедлівы напамін пра тое, як летась падчас вайны прэзыдэнт Саакашвілі ў чаканьні запісу тэлеінтэрвію ад хваляваньня жаваў свой гальштук.
Лукашук: У лістападзе 2007 году сілы правапарадку жорстка разагналі мітынг апазыцыі. Цяпер, хаця пратэсты працягваюцца ўжо каторы дзень, улады не ўжываюць сілу. Чаму?
Какабадзэ: У лістападзе 2007 году ўлады атрымалі сур'ёзны ўрок. Відаць, улады вырашылі не паўтараць тых памылак і сапраўды паліцыя і праваахоўныя органы паводзяць сябе надзвычай мірна. Я павінен сказаць, што здараюцца інцыдэнты, некалькі дзён таму былі сутыкненьні паміж маніфэстантамі і супрацоўнікамі муніцыпалітэту, якія прыйшлі рабіць прыборку на плошчы перад будынкам парлямэнту. Але гэта не разгон дэманстрацыі.
Лукашук: У 2007 годзе ўлады зачынілі апазыцыйны тэлеканал “Імэдзі” , перасьледаваліся і іншыя СМІ. Наколькі шырока грузінскія СМІ асьвятляюць цяперашнія акцыі пратэсту? І як асьвятляюць?
Какабадзэ: У рэгіёнах няма тэхнічнай магчымасьці прымаць сталічныя апазыцыйныя тэлеканалы “Маэстра” і “Каўкасія”, але ў Тбілісі яны вяшчаюць, яны перадаюць у прамым эфіры ўсе дэманстрацыі. Акрамя таго, ўсе тры нацыянальныя тэлеканалы – “Імэдзі”, “Руставі-2” і “Грамадзкі канал” – даюць рэпартажы аб мітынгах, прычым уключаюць у іх выступы апазыцыйных палітыкаў.
Дракахруст: Якія настроі пануюць цяпер у грузінскім грамадзтве, якія суадносіны сілаў прыхільнікаў улады і апазыцыі?
Какабадзэ: Лічбы вельмі розныя. Калі слухаць тое, што кажуць апазыцыйныя прадстаўнікі, то атрымліваецца, што рэйтынг Саакашвілі – 15%. Калі браць пад увагу тыя лічбы, якія даюць нам прадстаўнікі ўладаў, то рэйтынг значна больш высокі, паводле іх больш за палову насельніцтва падтрымлівае Саакашвілі.
Лукашук: Афіцыйныя ўлады Грузіі заяўляюць аб замежным сьледзе ў цяперашніх акцыях пратэсту, гаворыцца пра тое, што гэтыя акцыі інсьпіраваныя ці то Расеяй, ці то расейскімі алігархамі. Нешта падобнае мы назіраем цяпер і ў Малдове, дзе ўлада абвінавачвае Румынію ў заахвочваньні і нават арганізацыі акцыяў пратэсту. Ці ёсьць у Грузіі аб’ектыўныя сьведчаньні такой зьнешняй інсьпірацыі?
Какабадзэ: Саакашвілі неаднойчы заяўляў, што ўсё гэта інсьпіравана з Расеі і часткова прафінансавана адтуль. Ён яшчэ напачатку сакавіка казаў, што ў Грузію трапляюць брудныя грошы і што гэтымі грашыма спрабуюць муціць ваду. Ёсьць зьвесткі, што некаторыя багатыя грузінскія бізнэсоўцы, якія жывуць у Расеі, яны грамадзяне Расеі, якія кепска ставяцца да Саакашвілі, неяк дапамагаюць апазыцыі. Але наколькі актыўна іх рука замяшаная ў тым, што цяпер адбываецца ў Тбілісі – я не магу пра гэта судзіць.
Дракахруст: Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў зьвярнуўся да Эўразьвязу зь нечаканым заклікам пацьвердзіць незалежнасьць і сувэрэнітэт Малдовы. МЗС Расеі таксама было заклапочанае сувэрэнітэтам Беларусі, якому быццам пагражае праграма Эўразьвязу Ўсходняе партнэрства. А як успрымаецца ў Грузіі Ўсходняе партнэрства? Ёсьць разыходжаньні ў гэтым пытаньні паміж уладай і апазыцыяй?
Какабадзэ: Я дадам яшчэ адзін эпізод. Днямі Дзьмітры Рагозін, прадстаўнік Расеі ў НАТО, выказаў занепакоенасьць пагрозай і сувэрэнітэту Грузіі. Ён заявіў, што вучэньні НАТО ў Грузіі, прызначаныя на пачатак траўня – гэта ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Грузіі, бо гэта будзе ўспрынята насельніцтвам як падтрымка рэжыму Саакашвілі.
Што тычыцца Ўсходняга партнэрства, то гэтае пытаньне ў Тбілісі ня надта актыўна абмяркоўваецца, хаця прадстаўнікі ўраду час ад часу гавораць аб важнасьці гэтай праграмы. Але адзіная зьнешнепалітычная праблема, якую цяпер абмяркоўваюць сур'ёзна – ці зьмянілася стаўленьне Злучаных Штатаў да Грузіі з прыходам да ўлады прэзыдэнта Абамы. Апазыцыя кажа, што Абама не падтрымлівае Саакашвілі, Саакашвілі кажа, што Абама ў гэтым пытаньні працягвае лінію Буша і што падтрымка ня толькі ня зьменшылася, але нават павялічылася.
Лукашук: Малдоўскі і грузінскі крызысы ужо не паўплываюць на іх сяброўства ва Ўсходнім партнэрстве – і Кішынэў і Тбілісі будуць прадстаўлены ў Празе. І першы іспыт – свабода палітычнай апазыцыі, мірнае вырашэньне канфліктаў, пазьбяганьне неадэкватнага ўжываньня сілы – абедзьве краіны пакуль вытрымліваюць.
Свабода на Белсаце, 18.04.2009. Частка 3
Лукашук: Гэта - асаблівы тыдзень для хрысьціян-вернікаў у Беларусі паміж двума Вялікаднямі. Я хачу вярнуцца да пачатку нашай гутаркі – да сустрэчы Лукашэнкі з патрыярхам Маскоўскім і Ўсяе Русі Кірылам. А празь некалькі дзён пасьля візыту ў Маскву Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. У чым былі мэты гэтых сустрэчаў?
Дракахруст: Паводле кіраўніка Беларусі, былі абмеркаваныя пытаньні, якія тычацца Праваслаўнай царквы і яе ўзаемадачыненьняў зь іншымі канфэсіямі. Таксама былі разгледжаныя пытаньні адзінства Беларусі і Расеі. Паводле патрыярха Кірыла, размова прайшла “бязь нейкай штучнай дыпляматыі”. Яму было важна ведаць думку кіраўніка Беларусі пра сувязі і кантакты з Расеяй, пра міжканфэсійныя стасункі. Патрыярх Кірыл плянуе наведаць Беларусь у верасьні гэтага году пасьля візыту ва Ўкраіну.
Варта заўважыць, што і Лукашэнка і патрыярх прыгадалі пра міжканфэсійныя стасункі. Гэта вельмі цікава ў сьвятле сустрэчы Лукашэнкі з арцыбіскупам Кандрусевічам, якая адбылася неўзабаве пасьля перамоваў з кіраўніком РПЦ.
Я мяркую, што акрамя ўсяго іншага сустрэча Лукашэнкі з патрыярхам была жэстам ветлівасьці. Паводле розных дадзеных да 80% беларусаў належаць менавіта да Рускай Праваслаўнай царквы. Так што цалкам натуральна іх кіраўніку сустрэцца зь першагіерархам гэтай царквы.
Ня выключана, што беларускі кіраўнік спрабаваў ці паўзьдзейнічаць на Крэмль праз патрыярха ці нэўтралізаваць ягоны неспрыяльны ўплыў. Прайшлі дні, калі Лукашэнка не вылазіў з расейскіх рэгіёнаў і расейскага тэлеэкрана, калі ў Менск не спыняўся паток расейскіх дзеячоў левага і дзяржаўніцкага накірунку. Цяпер царква – хіба не адзіны інстытут, які яшчэ мае сякі-такі ўплыў на Крэмль.
З другога боку, прадухіліць анатэмы праваслаўнай царквы супраць “праваслаўнага атэіста”, які “прадаўся” іншаслаўнаму Захаду – гэта задача-мінімум, якая, відаць, і выконвалася падчас гэтай сустрэчы.
Ну а сустрэча з арцыбіскупам – для балянсу, пасланьне Эўропе, што ў Беларусі ўлада паважае абедзьве канфэсіі, гэта актыў для наладжваньня адносінаў.
Цыганкоў: Тут зноў-такі пытаньне тонкага балянсу. Можна адзначыць, што гэты балянс сфармаваўся ня так даўно, яму толькі некалькі гадоў. Толькі некалькі гадоў, як на ўсе сьвяты кветкі, напрыклад, да помніка на плошчы Перамогі ўскладаюць і праваслаўныя і каталіцкія беларускія гіерархі. Раней на такіх імпрэзах прысутнічаў толькі праваслаўны гіерарх.
Я б паспрачаўся з гэтай лічбай: 80% беларусаў – праваслаўныя. Калі казаць пра актыўных вернікаў, тых, хто ходзіць у царкву хаця б некалькі разоў на месяц. Спытай на вуліцы ў чалавека пра веравызнаньне – адкажа, што праваслаўны. А калі Вы былі ў царкве? Ну, пару разоў у жыцьці быў.
Вяртаючыся да сустрэчы Лукашэнкі з Кандрусевічам, варта сказаць, што яна была няпростай. У Каталіцкай царквы назапасілася шмат праблемаў і пытаньняў да ўлады, пра што і было сказана падчас сустрэчы. Відавочна, неабходнасьць сустрэчы была вызначана даўно, ну і Лукашэнка проста абраў вельмі спрыяльны час для яе.
Лукашук: Некаторыя экспэрты нашага радыё выказалі гіпотэзу, што магчыма чаўночныя перамовы Лукашэнкі з патрыярхам Кірылам і арцыбіскупам Кандрусевічам – частка амбітнага пляну – арганізаваць сустрэчу ў Беларусі патрыярха РПЦ і папы Рымскага. Паспрабуем даць больш сьціплы прагноз – ці магчымы сёлета візыт папы ў Беларусь?
Дракахруст: Наўрад ці. Ня выключана, што Лукашэнка сапраўды вёў і з патрыярхам і з арцыбіскупам перамовы пра сустрэчу папы і кіраўніка РПЦ. Атрымаецца, не атрымаецца – хто ведае, але самы працэс дасьць магчымасьць Лукашэнку набіраць пункты з абодвух бакоў. У той жа час Масква і цяпер раздражнёная гульнямі афіцыйнага Менску з Захадам, запрашэньне папы толькі падалье алею ў агонь. А што выйграе Лукашэнка, запрасіўшы папу, калі разважаць зусім ужо цынічна, як ён, хутчэй за ўсё і разважае. У партнэрства запрасілі і бяз папы, ў Эўразьвяз у цяперашнім стане Беларусь не запросяць і з папам. А злосьць Масквы гарантаваная. Дык тады навошта?
Лукашук: А грахі адпусьціць? Віталь, ваш погляд.
Цыганкоў: Я лічу, што сёлета гэта маларэальна. Нават калі на гэты момант была поўная згода ўсіх зацікаўленых бакоў, трэба было шмат часу для падрыхтоўкі. Але пакуль гэтай згоды няма і РПЦ па-ранейшаму лічыць Беларусь сваёй кананічнай тэрыторыяй. Хаця зь іншага боку, ў Маскве і Ватыкане – новыя гіерархі, і калі адносіны паміж Расеяй і Эўропай будуць разьвівацца ў пазытыўным рэчышчы, то такая сустрэча тэарэтычна магчымая, але, мяркую, што не раней, чым празь некалькі гадоў.