Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі б ня быў актывістам, даўно б сядзеў на гаўптвахце”


Як ідзе служба ў салдат-апазыцыянэрыў, якіх прымусова забралі ў войска? Чаму бацькі Зьмітра Хведарука паедуць шукаць сына ў Барысаў? Што дапамагло пратрымацца ў войску Зьмітру Жалезьнічэнку? Чаму людзей, якія зьбівалі Франка Вячорку не прыцягнулі да адказнасьці? Што параіць Іван Шыла навабранцам?

Бацькі Зьмітра Хведарука наведваюць сёньня свайго сына ў шпіталі. Гэтым разам, у Барысаве.

Прыканцы студзеня Зьмітра Хведарука гвалтоўна забралі ў войска. За два з паловай месяцы ён пабываў ў розных шпіталях.

Зьміцер Хведарук прайшоў усе стадыі вайсковай мэдыцыны
Маці Зьмітра Ірына Хведарук вінаваціць прызыўную камісію якая без мэдычнага абсьледаваньня накіравала яе сына ў войска.

“Яго паклалі ў Барысаве ў мэдычную роту. Нават кропельніцы нейкія пачалі ставіць. Усе гэтыя абсьледаваньні, якія ён цяпер за кошт падаткаплацельшчыкаў праходзіць, знаходзячыся ў войску, яго павінна была прымусіць прайсьці мэдычная камісія. Толькі пасьля гэтага рабіць высновы: прыдатны ён да службы ў войску, ці не.

Ён прайшоў усе стадыі вайсковай мэдыцыны — санчастку ў частцы, мэдроту, рэспубліканскі шпіталь”.

15 красавіка у судзе Першамайскага раёну Менску адбудзецца суд у справе Зьмітра Хведарука. Хлопец абскарджвае незаконны прызыў у войска.

Зьміцер Жалезьнічэнка
Зьміцер Жалезьнічэнка ўпершыню знаходзіцца ў 10-дзённым адпачынку. Ён падзяліўся сваім досьведам, як зрабіць, каб служба ў войску пераносілася лягчэй:

“Чакаў Новага году і пераконваў сябе, што ўсё будзе добра. Потым вясны чакаў. Вось вясна прыйшла і праз тры месяцы я буду дома. А раней я быў жудасны пэсыміст.

Даходзіць незалежная прэса. Тая ж “Наша Ніва”, “Народная Воля”. Іх ужо не адбіраюць, як раней. Камандзір крычаў: “Забараняю табе сваёй уладай чытаць гэтыя газэты!”
Камандзір крычаў: “Забараняю табе сваёй уладай чытаць гэтыя газэты!”
Ну, перажылі. Я здолеў сваю правату даказаць. У гэтым пляне цяпер праблемаў няма.

Радыё Свабода можна слухаць. У нашай роце стаіць прымач, на якім “Свабода” цудоўна ловіцца“.

Франак Вячорка ізаляваны ў Мазырскай вайсковай частцы. Адзіны від сувязі — таксафон — не працуе. Тым часам ягоны бацька атрымаў адказ з пракуратуры Савецкага раёну Менску.

Франак і Вінцук Вячоркі
Вінцук Вячорка: “Справу па факце зьбіцьця Франка не распачалі, таму што “не ўдалося знайсьці” вінаватага і таму што скончыўся тэрмін.

Будзем абскарджваць. Як паказаў не хто-небудзь, а сам ваенны камісар падпалкоўнік Загорскі, у ваенкамаце ў той дзень знаходзіліся людзі ў цывільным. Яны былі вайскоўцы і адзін зь іх у неслужбовы час аказваў яму юрыдычна-кансультацыйную дапамогу.

Мы даможамся таго, каб высьветліць, хто быў гэты таямнічы чалавек“.

Іван Шыла
Іван Шыла праз два з паловай месяцы на тры дні апынуўся дома. Камандаваньне часткі адпусьціла яго на пахаваньне бабулі. Іван упэўнены, што статус апазыцыянэра пазбавіў яго шмат якіх непрыемных момантаў вайсковай службы.

“Кожны вайсковы камандзір разумее, што чым больш надаваць салдату ўвагі, тым горш. Усе мусяць быць аднолькавыя і стандартныя. Ёсьць яшчэ й субардынацыя, то бок ня можа палкоўнік завастраць увагу на нейкім радавым Шылу.
Калі б не мая рэпутацыя актывіста, я б даўно сядзеў на гаўптвахце. Гэта словы камандзіраў”.
Ён жа папросту нейкі кавалак, якога прыцягнулі з ваенкамату і мусіць як расходны матэрыял прабыць у войску 547 дзён і сысьці.

Ёсьць у мяне праблемы з кіраўніцтвам — і запужваюць, пагражаюць. Але з гэтым часта сутыкаюцца і іншыя салдаты. Мая ж рэпутацыя, тое, што я актывіст “Маладога фронту”, на сёньняшні дзень як імунітэт. Калі б ня гэта, я б даўно сядзеў на гаўптвахце. Гэта словы камандзіраў”.

Іван Шыла сёньняшнюю ноч правядзе ўжо ў казарме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG