Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым займаюцца былыя сілавікі?


&nbsp;<br>&nbsp;
&nbsp;<br>&nbsp;

Ня ўсе вызваленыя са сваіх пасадаў кіраўнікі сілавых ведамстваў сыходзяць на пэнсію. Адны зь іх узначальваюць спартовыя фэдэрацыі, іншыя — працуюць памочнікамі па адмысловых даручэньнях пры розных дзяржаўных установах.

СЛУХАЦЬ:


Вызвалены 6 красавіка з пасады міністра ўнутраных спраў Уладзімер Навумаў пакуль узначальвае Фэдэрацыю хакею Беларусі. Назаўтра пасьля сваёй адстаўкі ён паведаміў, што заставацца яму ў хакеі ці не, ён вырашыць пасьля 15 траўня. Назіральнікі зьвязваюць гэта з вынікамі галасаваньня, якое вызначыць краіну-гаспадыню чэмпіянату сьвету 2014 году.

Уладзімер Навумаў
Былы міністар ня змог канкрэтна адказаць на пытаньне, зададзенае яму падчас прэс-канфэрэнцыі, ці будзе ён старшынём фэдэрацыі, калі 8 траўня права правядзеньня хакейнага чэмпіянату давераць Беларусі. Ён паведаміў, што яму спатрэбяцца 1-2 тыдні, каб агледзецца і прыняць рашэньне.

У Беларусі спартовыя фэдэрацыі традыцыйна ўзначальваюцца сілавікамі. Палітыкі лічаць, што Аляксандар Лукашэнка раздае грамадзкія пасады сілавікам дзеля таго, каб тыя, ужываючы адміністрацыйны рэсурс, выбівалі зь незгаворлівых чыноўнікаў і бізнэсоўцаў грошы і кантралявалі разьмеркаваньне фінансавых сродкаў.

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка выказаў такое меркаваньне:

“Робячы стаўку на спорт як на зацьвярджэньне свайго іміджу і засваеньне грашовых рэсурсаў, Лукашэнка не давярае нікому, акрамя людзей у пагонах, асабліва тых, якія засьведчылі яму сваю вернасьць.

Юры Бародзіч
Леанід Ерын
Сьцяпан Сухарэнка
Дзьмітрый Паўлічэнка
Віктар Шэйман
Юры Падабед
Характэрным прыкладам ёсьць лёс Навумава. Пакуль ён быў усемагутным сілавым міністрам, хакей мог мець, дзякуючы гэтаму, нейкія крыхі са стала. Цяпер, калі Навумаў страціў гэты пост, пад пытаньнем, відаць, будзе на нейкі час і лёс хакейнай галіны народнай гаспадаркі Беларусі“.

Першая асоба ў галіне хакею, — безумоўна, сам кіраўнік дзяржавы. Ён распачаў маштабнае будаўніцтва лядовых палацаў у абласных цэнтрах і буйных гарадах, а кіраваць гэтым працэсам прызначыў тагачаснага прэзыдэнта хакейнай фэдэрацыі, кіраўніка сваёй службы бясьпекі Юрыя Бародзіча.

Пазьней спадара Бародзіча замяніў у гэтай якасьці галоўны міліцыянт краіны. Пры ім адказныя пасады ў фэдэрацыі і клюбе “Юнацтва” занялі сілавікі.

Былы шэф КДБ Леанід Ерын, якога Лукашэнка адправіў у адстаўку пасьля рэфэрэндуму-2004, узначальваў фэдэрацыю біятлёну. Пасьля сыходу ў адстаўку Леанід Ерын уладкаваўся намесьнікам кіраўніка буйнога ведамства — расейскай чыгункі.

Менш пашчасьціла ягонаму пераемніку Сьцяпану Сухарэнку. Значнага бізнэсу ён ня мае. Былы шэф КДБ — звычайны пэнсіянэр.

На пэнсіі й былы камандзір спэцназу ўнутраных войскаў Зьміцер Паўлічэнка.

Былы кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, у мінулым — генэральны пракурор і сакратар Савету бясьпекі, Віктар Шэйман цяпер ня мае ранейшых пасадаў. Фармальна ён сустаршыня “Беларуска-вэнэсуэльскай камісіі высокага ўзроўню” і памочнік па адмысловых даручэньнях кіраўніка краіны.

Былы камандзір спэцназу міліцыі Юры Падабед — цяпер палкоўнік запасу.

Віктар Шэйман, Зьміцер Паўлічэнка і Ўладзімер Навумаў дагэтуль знаходзяцца ў “чорным сьпісе” як падазроныя ў выкраданьнях і забойствах лідэраў беларускай апазыцыі і бізнэсоўцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG