Сёньня ў Менску ў мэмарыяльнай залі Дома літаратара пройдзе вечарына памяці Валянціна Тараса. Паэт, празаік, публіцыст, перакладчык, кінасцэнарыст, віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру, апошні беларускі пісьменьнік з кагорты малалетніх партызан і вальнадумных шасьцідзясятнікаў пакінуў гэты сьвет 13 лютага. Фармальна вечарына прымеркаваная да саракавінаў.
Пасьля сьмерці многія назвалі яго апошнім прадстаўніком старэйшага пакаленьня маральных аўтарытэтаў нацыі. І ўжо адчулі, як нестае спакойнае, але бескампраміснае ягонае думкі пра ўсе надзённыя праблемы духоўнага жыцьця краіны. Сын Віталь, журналіст тыднёвіка “Наша Ніва”, кажа, што страціў ня толькі бацьку.
“Гэта цэлае пакаленьне адыходзіць ці ўжо амаль адышло. І, мабыць, ня ўсе адчуваюць, але рана ці позна адчуюць, што такое пачуцьцё адказнасьці, цяжар, які кладзецца на плечы майго пакаленьня і наступных. Ён як бы падвойваецца. Ці ўсе яго вытрываюць? Цяжка сказаць. Будзе відаць”.
Валянціна Тараса вельмі не хапае ўсёй інтэлектуальнай супольнасьці краіны, зазначае старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч.
“Спадар Валянцін Тарас быў архіпрафэсійным перакладчыкам, харошым публіцыстам, аўтарам вельмі каштоўнай мэмуарнай кнігі «На высьпе ўспамінаў». Цяпер, калі мы зьбіраемся на пасяджэньнях ПЭН-цэнтру, мне відавочна не хапае чалавека, які ўвасабляў пераемнасьць паміж традыцыямі і сучаснасьцю, чалавека, які быў напамінам пра тое, што такое добра, а што такое дрэнна, чалавека, які ніколі не губляў маральнага вымярэньня таго, што мы робім”.
Сябар і аднадумца Алеся Адамовіча, Навума Кісьліка і Васіля Быкава, Валянцін Тарас пасьля іх сыходу ў думках быў зь імі. Пра гэта ён напісаў незадоўга да сьмерці ў сваім апошнім вершы.
“Наш лес сякера часу нішчыць,
ужо сьпісалі нас на дровы,
ужо мы — іскры ў папялішчы
былой дубровы.
Іх сумны рой з-за небакраю
ляціць на выспу успамінаў,
дзе ў неба зорнае шугае
касьцёр сябрынаў,
дзе у абдымку на узьлесьсі,
адной агорнутыя думай,
стаяць бярэзіна Алеся,
дуб Васіля,
сасна Навума
і ліпка з клёнікам Брылёвы,
ялінка Сашы Дракахруста.
Шуміць сяброў маіх дуброва,
яна — ня пустка,
ня сталася залою шэрай.
Хто там сьпісаў яе на дровы?
Ня маніць прымаўка — сякерай
ня высекчы жывыя словы”.