Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абарона роднай мовы каштуе 9 мільёнаў


У Гомелі зь сямі ўдзельнікаў акцыі ў абарону роднай мовы пакараныя штрафамі двое апошніх — Зьміцер Кутасаў і Яўген Якавенка. Адпаведна на 1 мільён 50 тысячаў і 700 тысячаў рублёў.


Пастановы на пакараньне штрафамі за подпісам судзьдзі Цэнтральнага раёну Гомеля Алены Цалковай актывісты атрымалі ў мінулыя выходныя па пошце. Суды былі завочнымі. Міліцыя нібыта ня здолела ўручыць актывістам позвы на суд.

“Гэта цалкам брутальны прысуд, — лічыць Яўген Якавенка. — У Міжнародны дзень роднай мовы мы ішлі ўскласьці кветкі да помніка праваслаўнаму асьветніку Кірылу Тураўскаму”.

Ахоўнікі перастрэлі моладзь мэтраў за трыста да помніка. І паколькі ў руках маладыя людзі разам з кветкамі трымалі невялікія аркушы паперы з надпісам “Беларуская мова. Запрещено”, міліцыянты адвезьлі ўсіх у пастарунак і склалі адміністрацыйныя пратаколы на ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці.

Спадар Якавенка ня бачыць сэнсу абскарджваць пастанову суду — звычайна такія штрафы суды не адмяняюць. А вось Зьміцер Кутасаў мяркуе, што варта было б прайсьці ўсе беларускія судовыя інстанцыі, каб потым мець магчымасьць абараніць свае правы ў Камітэце ААН. Ёсьць, аднак, істотная перашкода: тэрмін абскарджваньня фармальна прайшоў.

Усяго за ўдзел у флэш-мобе ў абарону роднай мовы, які адбыўся ў Гомелі 21 лютага, пакараныя штрафамі агулам на 8 мільёнаў 50 тысяч рублёў 6 удзельнікаў і двое журналістаў.

Прадстаўнік стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Кастусь Жукоўскі быў арыштаваны за акцыю на 7 сутак адміністрацыйнага арышту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG