Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдасца “зачысьціць” Беларусь ад манумэнтальнай ленініяны?


Ленін ля Дома ўраду
Ленін ля Дома ўраду
На гэтым тыдні па ўсёй Беларусі пачынаецца збор подпісаў грамадзянаў за неадкладную рэвізію “манумэнтальнай гаспадаркі”. На думку ініцыятараў кампаніі, абвяшчэньне 2009 году Годам роднай зямлі, дзеля чаго прэзыдэнт выпусьціў адмысловы ўказ, павінна спрыяць таму, каб на месцы помнікаў расейскім рэвалюцыйным дзеячам паўсталі скульптурныя кампазыцыі, прысьвечаныя выбітным беларусам. Ці рэальна гэта зрабіць ва ўмовах сучаснай Беларусі, чыё кіраўніцтва не хавае прыхільнасьці да савецкай мінуўшчыны?

Кампаніі збору подпісаў за дэмантаж помнікаў героям рэвалюцыі папярэднічаў ліст дэмакратычных актывістаў на імя Ўладзіміра Макея, кіраўніка Грамадзка-кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Чаму зварот зьявіўся менавіта зараз? Пытаньне да аднаго з заяўнікаў, гісторыка і палітоляга Ігара Лялькова:

Ігар Лялькоў
“Калі за 17 гадоў існаваньня незалежнай беларускай дзяржавы не дайшлі рукі да таго, каб прывесьці зьнешні выгляд нашай краіны, яе ў пэўным сэнсе аўру ў адпаведнасьць з тым, што Беларусь — сувэрэнная тэрыторыя са сваёй шматвекавой гісторыяй, са сваімі гістарычнымі, культурнымі дзеячамі, якімі варта ганарыцца, то падставу для гэтага дае 2009 год, які ўказам Лукашэнкі ад 29 сьнежня 2008 году абвешчаны Годам роднай зямлі. Ёсьць цудоўны шанец для дзяржавы даказаць: словы пра тое, што «абвешчаны Год роднай зямлі — у мэтах зьберажэньня і прымнажэньня нацыянальнага, духоўнага, культурнага набытку, гістарычнай спадчыны, выхаваньня моладзі ў духу любові да Айчыны», — не пустыя. Прыбраць помнікі, якія мала тычацца гісторыі Беларусі, і ўзьвесьці замест густой сеткі помнікаў рэвалюцыйным дзеячам Расейскай імпэрыі помнікі постацям нацыянальнай гісторыі і культуры — добры шанец для дзяржавы даказаць, што словы з указу ня ёсьць пустымі”.

За савецкім часам на тэрыторыі Беларусі было ўсталявана паўтысячы помнікаў Леніну — з агульнага ліку дзьвюх тысяч па ўсім Савецкім Саюзе.
За савецкім часам на тэрыторыі Беларусі было ўсталявана паўтысячы помнікаў Леніну — з агульнага ліку дзьвюх тысяч па ўсім Савецкім Саюзе. Першы ў СССР бюст правадыра пралетарыяту зьявіўся таксама ў Беларусі — драўляны Ільіч быў высечаны ў Краснапольлі ў 1922 годзе, яшчэ пры жыцьці арыгінала. Ленінскі рэкардсмэн — Бабруйск, дзе колісь прапісалася два дзясяткі скульптураў (цяпер засталося 12). Беларусі належыць і іншае дасягненьне: Ленін ля Дома ўраду ў Менску — самы высокі на пасьлясавецкай прасторы. А яшчэ ў розных месцах краіны можна наткнуцца на Сьвярдлова, Дзяржынскага, Калініна, Фрунзэ, Чапаева, іншых міталягізаваных асобаў, чые дасягненьні з гледзішча сучаснасьці падаюцца ўжо ня надта бясспрэчнымі.

Скульптар Гэнік Лойка згодны з тым, што надышоў час “падчысьціць” беларускую зямлю. Спадар Лойка — вядомы ў Беларусі майстар манумэнтальных, але нявечных скульптураў зь пяску. Вынікам штогадовых плэнэраў з удзелам суполкі маладых майстроў ужо сталі постаці Рагнеды, Міндоўга, Кейстута, папулярныя літаратурныя вобразы з творчасьці беларускіх клясыкаў:

Гэнік Лойка
“Ідэя вельмі цікавая, правільная — трэба падчышчаць родную зямлю, рабіць яе сапраўды беларускай. У Беларусі надзвычай шмат выбітных дзеячаў, і можна было б вельмі шмат паставіць помнікаў. Ведаю, што ёсьць нават ня скульптары, якія малююць эскізы будучых помнікаў, — бачыў на ўласныя вочы ў кнізе Тарасава. Нават непрафэсіянал бачыць, як у нейкім месцы будзе стаяць помнік паўстанцам Каліноўскага. На жаль, у мяне няма такіх ідэяў, каб ужо ўвасобіць у помнік, неяк не напрацавана”.

Карэспандэнт: “У якасьці адпраўнога пункту ёсьць жа скульптуры зь пяску…”

“У пэрспэктыве маладыя майстры, якія разам са мной рабілі скульптуры зь пяску, вядома ж, будуць рабіць помнікі ў бронзе. Бо, вядома ж, і Кейстута трэба рабіць — няхай не такога скутага, у зямлі. І Рагнеду трэба рабіць. Можа, яна ўжо ня будзе спаць, прачнецца ўва ўвесь рост. Усё гэта можа быць. Але галоўнае, што вырастуць майстры беларускія. Вось яны пачнуць гэта рабіць. Але было б вельмі добра пачысьціць зямлю родную”.

Дзеля захаваньня правоў грамадзянаў, якія стаяць на камуністычных пазыцыях, ініцыятары збору подпісаў за замену мэмарыяльных сымбаляў прапануюць стварыць музэй “рэвалюцыйнай скульптуры”. Паводле Ігара Лялькова, месцам яго дысьлякацыі мог бы стаць гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, дзе ўжо ўсталяваны бюст “айца народаў”. Вакол Сталіна маглі б згуртавацца і іншыя яго партыйныя паплечнікі. Аднак старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч зазначае, што ініцыятыва замены адных помнікаў іншымі досыць складаная ў тэхнічным сэнсе. Заканадаўства дакладна акрэсьлівае ўмовы, пры якіх нерухомыя аб’екты могуць мяняць месца дысьлякацыі:

Антон Астаповіч
“Такімі ўмовамі могуць быць стыхійныя няшчасьці, ваенныя дзеяньні, ліквідацыя наступстваў катастрофаў. Калі трымацца заканадаўства, быццам ня варта з ініцыятывай і выступаць. Аднак узьнікае шмат «але». Самі органы кіраваньня стварылі шматлікія прэцэдэнты адвольнага абыходжаньня зь нерухомымі гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі. Перамяшчэньне помніка Максіму Багдановічу — беспадстаўнае, проста дзеля таго, каб выканаць праект добраўпарадкаваньня. Хіба была вайна, стыхійнае няшчасьце ля опэрнага тэатру? Не было, але яго перамясьцілі. Увогуле, дзеля таго каб зруйнаваць аб’ект, яго выводзяць зь дзяржаўнага сьпісу. Перад Новым годам такім чынам выведзены будынак Музэю вайны. Падводзіцца база юрыдычная, каб аб’ект зьнішчыць, а на яго месцы пабудаваць высотны гатэль «Кемпінскі». Калі дзяржава стварае прэцэдэнт, значыць, гэта таксама трэба скарыстоўваць. Тым больш — мы не дамагаемся татальнага зьнішчэньня”.

У ідэі мэмарыяльнай рэвізіі ёсьць і апанэнты. Вядомы скульптар Уладзімер Жбанаў лічыць, што змагацца трэба толькі зь відавочнай халтурай, страта якой для краіны ня будзе істотнай. А вось згаданы ўжо помнік Леніну, альбо Калініну зь Дзяржынскім, чапаць ня трэба — гэтыя працы маюць мастацкую каштоўнасьць. Да таго ж, на думку Жбанава, стварэньне новых помнікаў патрабуе вялізных матэрыяльных выдаткаў, на якія дзяржава наўрад ці пойдзе:

Калі ацэньваць па тым, што Дзяржынскі кагосьці ў засьценках катаваў, дык пры чым тады Азгур, які ўсё прыгожа зрабіў?
“Трэба падыходзіць да пытаньня з гледзішча прафэсіяналізму: наколькі помнік якасна зроблены? А калі ацэньваць па тым, што Дзяржынскі кагосьці ў засьценках катаваў, дык пры чым тады Азгур, які ўсё прыгожа зрабіў? Ці Манізер, аўтар скульптуры Леніна. Сёньня ўжо ня кожны школьнік іх ведае, а праз сто гадоў, калі не крануць нас катастрофы, яны творамі мастацтва і застануцца. І яшчэ запытайце ў тых, хто пісаў ліст: ці ёсьць у іх грошы, каб і я паўдзельнічаў у стварэньні помніка любому беларускаму паэту, гісторыку? Вось калі яны прапануюць грошы, з задавальненьнем прыму. Але я насамрэч не чапаў бы таго, што ёсьць. Сёньняшняму пакаленьню судзіць, што было паўстагодзьдзя таму, ранавата. Я за зьнішчэньне непрафэсійных помнікаў. Калі праехаць па Беларусі, то столькі халтуры, якую трэба прыбраць: абсыпаныя бэтонныя Леніны па пяць штук на адным слупе сядзяць. А сур’ёзныя помнікі навошта чапаць? Укладзеныя народныя грошы, затрачана праца майстра. Зыходжу з такога гледзішча і як скульптар, і як грамадзянін”.

Паралельна са зборам подпісаў вядзецца маніторынг асабістых сымпатыяў грамадзянаў Беларусі. Немалаважнае пытаньне — хто ў тэорыі мог бы заняць месцы рэвалюцыйных правадыроў? Дзеячы якой эпохі вартыя найбольшай увагі і пашаны? Ці ня будуць адны прыярытэты раздражняльнікам для тых, хто схіляецца да іншага выбару? Нарэшце, ці можа пры нейкіх абставінах у Беларусі зьявіцца помнік першаму прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку, які, бясспрэчна, пры любым раскладзе пакіне глыбокі сьлед у беларускай гісторыі? Пакінуўшы глыбокую мінуўшчыну спэцыялістам, адносна пэрспэктывы Лукашэнкі ў бронзе цікаўлюся ў Ігара Лялькова ды Антона Астаповіча.

Лялькоў: “Я думаю, што пры ягоным жыцьці такое наўрад ці магчыма. А калі гэтага чалавека ўжо ня будзе сярод жывых, то ўжо нашы нашчадкі будуць вырашаць, наколькі першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь варты таго, каб услаўляць яго ў помніках. То бок мяркую, што гэта ўжо справа нашых нашчадкаў і будучых гісторыкаў — ацэньваць ягоную ролю. Зблізку вельмі цяжка даваць нейкую ацэнку, патрэбен нейкі час…”

Антон Астаповіч тэму падхапіў кароткай рэплікай, намякаючы на пэўныя прыхільнасьці кіраўніка Беларусі:

“Але ж шанец ёсьць. Засталося яму атрымаць двойчы Героя Савецкага Саюзу, і бюст у Александрыі забясьпечаны…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG