Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі помнікаў Леніну патрэбна ў Мазыры?


Прадстаўнікі апазыцыі ў Мазыры прапанавалі дэмантаваць адзін з трох помнікаў Леніну, якія ёсьць у горадзе. Пакуль што гэта выклікала толькі спрэчкі.

Мазырскі актывіст апазыцыі Павел Наздра лічыць існаваньне на цэнтральнай плошчы гораду помніка Уладзімеру Леніну “гістарычнай несправядлівасьцю й агульнанацыянальнай абразай”. Таму й зьвярнуўся ў мясцовы райвыканкам з прапановай:

“Зьвярнуўся ў выканкам з ініцыятывай наконт дэмантажу помніка Леніну. Адказу я яшчэ не атрымаў. Толькі мне патэлефанавалі нашыя мазырскія камуністы – менавіта апазыцыйныя камуністы. Сказалі, што ў мяне нічога не атрымаецца, бо я пайшоў супраць цэлай сыстэмы. Гэтая сыстэма стаіць, і яе ніхто не зварухне”.

Актывіст паабяцаў раённым уладам, што выдаткі на дэмантаж помніку будуць кампэнсаваныя праз збор ахвяраваньняў.
Прадстаўнікі Партыі камуністаў Беларускай надзвычай нэгатыўна паставіліся да прапановы моладзевага актывіста.
Гаворыць сябра ПКБ Уладзімер Жогла:

“Глупства гэта. Па-першае, уся міжнародная супольнасьць дала ацэнку Леніну яшчэ ў 1991 годзе на канфэрэнцыі ў Маскве. Вялікія людзі далі ацэнку Уладзімеру Ільічу. Нейкім маладым людзям патрабаваць нечага – гэта неразумна. Гэта ня іхняя справа, гэта нехта іх падштурхоўвае. Справа ня ў Леніне, справа ў яго вучэньні. Ён зьяўляецца разам з Марксам і Энгельсам заснавальнікамі марксізму-ленінізму. Гэта – вучэньне, і нікуды ад гэтага ня дзецца”.

Тым часам Павел Наздра лічыць, калі патрэбна, можна правесьці апытаньне сярод мясцовых жыхароў наконт мэтазгоднасьці існаваньня на цэнтральнай плошчы помніка Леніну. Бо ў горадзе ёсьць яму яшчэ два помнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG