У рамках кампаніі “Камунізм — пад трыбунал” актывісты “Маладога фронту” выступілі з ініцыятывай дэмантаваць помнік Леніну на плошчы Незалежнасьці ў Менску.
Актывісты “Маладога фронту” Наста Палажанка, Наста Лойка і Аляксей Янушэўскі накіравалі заяву ў міністэрства культуры пра тое, каб пазбавіць помнік Леніну на плошчы Незалежнасьці ў Менску статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
Аднак міністэрства культуры адмовіла актывістам. У адказе гаворыцца, што “помнік Леніну стварылі скульптар Манізэр і архітэктар Лангбард як неад'емную частку агульнай кампазыцыі ансамбля плошчы Леніна (плошчы Незалежнасьці). Помнік і Дом ураду — адзін зь першых і найбольш значных узораў сынтэзу архітэктуры і манумэнтальнага мастацтва савецкага пэрыяду гісторыі Беларусі і ў цяперашні час застаюцца кампазыцыйнай дамінантай плошчы”.