Адным зь першых, хто пачынаў дасьледаваць наватарскія вершы Алеся Разанава, быў літаратуразнаўца і гісторык Анатоль Сідарэвіч. Сёньня на вечарыне ён скончыў свой выступ заклікам да прысутных увесь час чытаць саму паэзію і зрэдчас нешта пра паэзію, бо растлумачыць сапраўдную творчасьць, маўляў, немагчыма. А ў інтэрвію “Свабодзе” сказаў, што хацеў бы пісаць не пра паэзію, а пра паэтаў:
“Мне б хацелася цяпер проста напісаць пра Алеся як пра чалавека. Ну напрыклад, як я іду па берасьцейскай шашы, як я збочваю з гэтай шашы, іду ў вёску Сялец – колішняе места, дзе некалі каралеўскія дыпляматы мелі сваю рэзыдэнцыю. Напісаць, як прыходжу ў Сялец, як я прыходжу ў хату Разанава. Вось гэта апісаць і многа чаго іншага расказаць...”
А вось паэт Андрэй Хадановіч лічыць, што чытачы могуць цалкам абмінуць толькі ідэалягічнае літаратуразнаўства. А прэзэнтаваная сёньня кніга да яго не належыць:
“Анатоль Івашчанка мае вельмі ня кепскіх папярэднікаў. Адразу згадваецца праца не абы-каго, а таленавітай і разумнай Ганны Кісьліцынай, якая пачынала шлях дасьледчыцы з Разанава. Таму ў сёньняшняга аўтара ёсьць добры трамплін, і дасьледаваць паэзію Разанава – гэта ого-го які някепскі дэбют для літаратуразнаўцы”.
Анатоль Івашчанка – выкладчык катэдры беларускай і расейскай моваў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. У аснову кнігі ён паклаў сваю кандыдацкую дысэртацыю. Цікава, што амаль адначасова зь ім свае кандыдацкія па творчасьці Алеся Разанава абараняюць яшчэ два маладыя навукоўцы, хаця рабіць гэта, як прызнаўся спадар Івашчанка, даволі складана:
“Справа вельмі ня простая, але патрэбная, паколькі на сёньня вельмі бракуе дасьледаваньняў, прысьвечаных паэталёгіі і паэтыцы. Пераважная частка, можа быць, дзевяноста дзевяць адсоткаў беларускай паэзіі сёньня застаецца без належнага аналізу навуковага і крытычнага”.
Наколькі дапамагае праца літаратуразнаўцаў самім творцам? Гаворыць герой кнігі Анатоля Івашчанкі Алесь Разанаў:
“Самае істотнае ва ўсіх кніжках – гэта зьява творчасьці. Ёсьць яна – тады нейкая дадатковая каардыната прысутнічае. І ўсе творцы шукаюць гэтыя дадатковыя каардынаты. Твор – гэта тое, дзе ўсход і захад сустракаюцца. Твор – гэта тое, дзе мэдытацыя і рацыя сустракаюцца і творыцца нейкая новая якасьць”.
Выступы паэтаў і літаратуразнаўцаў на імпрэзе дапаўняў гурт старадаўняй музыкі “Расалія”.