Ад самага ранку сёньня Віктар Шалкевіч блукае вулкамі ўлюбёнага гораду. Балазе надвор’е там па-веснавому сонечнае і надарыліся, як ён лічыць, добрыя прыкметы:
“А палове на сёмую раніцы я прайшоў пад Востраю Брамай у Вільні, зьняўшы шапку, як заўжды. 8-га, перад тым як ехаць сюды, я знайшоў маленькую капеечку на вуліцы, ну і сёньня на мяне нагадзіў верабей, як заўсёды”.
Увечары Віктар вернецца ў родную Горадню да сямейнага стала. А 21 лютага зладзіць для землякоў юбілейную вечарыну. 15 лютага парадуе сваёй творчасьцю менчукоў і амаль адразу ж паедзе ў Маскву, дзе 19-га будзе весьці прэзэнтацыю нумару расейскага часопіса “Сибирские огни”, прысьвечанага сучаснай беларускай літаратуры. Гэты факт сваёй творчай біяграфіі яго самога крыху дзівіць:
“Самае дзіўнае, што там ёсьць усё-ткі людзі, каторыя цікавяцца сучаснай беларускай літаратурай і каторыя яе актыўна, так сказаць, прапіхваюць”.
Сямейнае паданьне сьцьвярджае, што будучы актор, музыка і літаратар прыйшоў на сьвет 9 лютага 1959 году ў санях, не дачакаўшыся, пакуль конь дамчыць тыя сані да бліжэйшай ад мястэчка Поразава радзільні. Так сам лёс наканаваў яму бясконцыя шляхі-дарогі па блізкім і далёкім сьвеце. Канцэрты Віктара Шалкевіча праходзілі ў Расеі, Украіне, Польшчы, Літве, Францыі, Нямеччыне, Чэхіі, Злучаных Штатах Амэрыкі і нават у Дамініканскай Рэспубліцы. Свой посьпех за мяжой бацька смутнага беларускага блюзу, як яго ахрысьцілі прыхільнікі на радзіме, тлумачыць простымі рэчамі.
“Многія праблемы, пра якія сьпяваецца ў гэтых песьнях, ці многія пытаньні, якія ў гэтых песьнях падымаюцца, яны для ўсіх актуальныя. Калі я французам расказваю, што ёсьць такая птушка жаўрук, каторая для мяне зьяўляецца сымбалем радзімы, а ня нейкай партыі, ці грамадзкага руху, ці нейкай палітычнай асобы. Гэта проста птушачка, якая, нягледзячы ні на што, што тут адбываецца, прылятае, знаходзіць чорную зямлю, віе сабе гняздо і выводзіць дзетак. І ўсе гэта разумеюць. Няма праблем спэцыфічна беларускіх, мне здаецца, а ёсьць праблемы агульначалавечыя, агульнаэўрапейскія”.
Аўтар шасьці альбомаў, ляўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў у дзень свайго пяцідзесяцігодзьдзя жадае сам сабе хутчэйшага зьдзяйсьненьня запаветнай мары:
“Каб я прыйшоў у гармонію адносінаў са ўсім сьветам і людзьмі, каб мой прыродны аптымізм да мяне вярнуўся. А то час ад часу ў мяне пытаюцца, чаго я такі сумны, то я кажу, што ў мяне аптымізм скончыўся. Дык вось я хачу, каб да мяне вярнуўся аптымізм”.