Тэксты гімнаў райцэнтру напісалі пэнсіянэрка Рэгіна Ластоўская, паэт зь вёскі Камаі Аркадзь Нафрановіч ды пэдагогі Ірына і Люцыян Каранеўскія. Усе творы самадзейных літаратараў былі надрукаваныя ў газэце “Пастаўскі край”, пасьля чаго кампазытары ўзяліся пісаць музыку. Дарэчы, словы Аркадзя Нафрановіча ўпадабалі адразу тры кампазытары, і ягоны верш, пакладзены на музыку, гучыць у трох варыянтах.
Пастаўчанам прапанавана ўзяць удзел у выбары гімну. Дзеля таго, каб людзям было прасьцей вызначыцца, пададзеныя на конкурс творы пэрыядычна трансьлююць па мясцовым радыё. Таксама запісы гімнаў ёсьць на прадпрыемствах і ў арганізацыях гораду, і ў вольны ад працы час іх можа праслухаць кожны ахвотны.
Акрамя саміх пастаўчан, сваю думку пра найлепшы варыянт выкажа і прафэсійнае журы. Плянуецца, што гімн зацьвердзяць да 600-х угодкаў горада, якія будуць сьвяткавацца сёлета ўлетку.