Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нашу маёмасьць маюць захоўваць шэсьць месяцаў. Нашых жывёлін – пяць дзён”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – эканаміст Тацяна Вайтовіч. Яна працуе ў адной са сталічных лізінгавых кампаній. А ў вольны ад працы час едзе на вуліцу Гурскага, 42, дзе месьціцца цэнтар бяздомных жывёлін “Фаўна гораду”. Нядаўна там пачаліся перамены, якія выклікалі хвалю пратэсту сярод валянтэраў, грамадзкасьці. Спадарыня Вайтовіч ад імя больш чым тысячы чалавек разаслала ў СМІ Беларусі адкрыты ліст з просьбай дапамагчы абараніць жывёлін, вынесьці гэтую праблему на шырокае абмеркаваньне. Сёньня Тацяна Вайтовіч расказвае, як доўга захоўваюць жывымі страчаных або бяздомных жывёлін, і якія дакумэнты гэта рэглямэнтуюць.

У першую чаргу дакумэнты, на якія спасылаюцца амаль усе чыноўнікі – гэта дакумэнт Жыльлёва-камунальнай гаспадакі “Палажэньне аб парадку дзейнасьці, арганізацыі па адлову, адстрэлу, утрыманьні і эўтаназіі бадзяжных жывёлін”. А таксама – аб утрыманьні хатніх сабак, котак, а таксама адлову бадзяжных жывёлін у населеных пунктах”.

Гэта – два асноўныя дакумэнты, якія рэгулююць праблему бадзяжных жывёл сёньня, на іх спасылаюцца ўсе. Але нават тое, што ўтрымліваецца ў іх, вельмі часта не выконваецца. Прыкладам, ЖЭСы павінны інфармаваць насельніцтва пра заплянаваную акцыю адлову жывёл. Але ЖЭСы гэтую працу не праводзяць, што аўтаматычна мінімізуе магчымасьці старых гаспадароў знайсьці сваіх жывёлін. Таксама арганізацыі па адлову жывёлін павінны “перасьцерагаць размнажэньне жывёлін, якія знаходзяцца ў пунктах ператрыманьня, прымаць меры па стэрылізацыі”… Нават гэтыя некалькі пунктаў кіруюць у бок гуманных адносін да жывёл. Але гэтага ўсяго ня робіцца, і ўсё гэта робяць валянтэры за ўласны кошт.

Асобная гаворка – пяць дзён, цягам якіх утрымліваюць у менскім пункце прыёму бадзяжных жывёл. Пяць дзён – тэрмін, якія ўстанавілі яшчэ за савецкімі часамі, і дагэтуль ён не быў перагледжаны. Пяць дзён – тэрмін, які ніякай лёгіцы не паддаецца. Чаму? Карантын, прыкладам, шалёнасьці складае прынамсі 10 дзён. Аптымальна – 14. Лягічна, каб ён мінімальна і складаў тэрмін утрыманьня – мінімум 10 дзён. Пяць дзён – гэта тэрмін “ні аб чым”.

Апроч таго, паводле грамадзянскага кодэксу, хатнія нашы жывёлы зьяўляюцца нашай уласнасьцю. Паводле грамадзянскага кодэксу, калі наша ўласнасьць патрапіла да камунальных ці нейкіх іншых дзяржаўных службаў, яны павінны гэтую ўласнасьць захоўваць шэсьць месяцаў і шукаць цягам гэтага часу гаспадара. Калі за шэсьць месяцаў не знайшлі, тады яны могуць рабіць з гэтай уласнасьцю што заўгодна.
У Расеі гэта ўжо даўно так. Нават муніцыпальныя іх прытулкі шукаюць гаспадароў і ўтрымліваюць жывёлу шэсьць месяцаў. А ў нас – узятыя немаведама адкуль пяць дзён.

Калі вас гэтая праблема турбуе, варта скардзіцца і даводзіць свае думкі адпаведным інстанцыям. Пачаць варта з малага – з ЖЭСаў. Паведаміце ім, што яны павінны інфармаваць вас пра пляны адлову. Плён будзе вельмі вялікі, калі вярхі зразумеюць, што гэтая праблема хвалюе людзей, што людзі не жадаюць, каб сытуацыя заставалася такой, як ёсьць сёньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG