Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Стары Ольса” прэзэнтаваў сваю “Дрыгулу”


Зьміцер Сасноўскі з вокладкай новага альбому
Зьміцер Сасноўскі з вокладкай новага альбому
3 лютага гурт сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса” прэзэнтаваў свой новы, дзявяты па ліку альбом. У ім сабраная танцавальная музыка ад позьняга сярэднявечча да раньняга барока, занатаваная ў Вялікім Княстве Літоўскім (зборнік “Полацкі сшытак”) і краінах Заходняй Эўропы. Назву альбому даў малавядомы дагэтуль беларускі танец “Дрыгула”.

Дэманструючы прэсе новы дыск, кіраўнік гурту Зьміцер Сасноўскі зазначыў, што на ім “Стары Ольса” ўпершыню грае музыку барока. Адмыслова для гэтага давялося замовіць пяць новых, адпаведных часу стварэньня музыкі, інструмэнтаў. Іх зрабілі паводле барочных гравюраў беларускія майстры Валер Зянкевіч, Тодар Кашкурэвіч і Сяргей Смут. Але, захоўваючы аўтэнтызм інструмэнтаў, музыкі дазволілі сабе ўласныя імправізацыі. Зьміцер Сасноўскі патлумачыў прысутным такі творчы падыход.

“Мы ўпершыню сабе дазволілі, насуперак крытыцы з боку акадэмічных музыкаў, ня проста ўзяцца за барока і выконваць яго на аўтэнтычных інструмэнтах — кожная кампазыцыя мае абгрунтаваньне, якія інструмэнты ў ёй гучаць — але яшчэ і зрабіць свайго ўзроўню аранжыроўкі, не падобныя да акадэмічных, якія, паводле апошніх нашых дасьледаваньняў, маглі прысутнічаць у той час”.

“Стары Ольса” на прэзэнтацыі

Альбом складзены з танцавальных мэлёдый. Канцэртная прэзэнтацыя адбудзецца 14 лютага ў залі “Менск”.

Пляцоўка гэтая вядомая тым, што ахова і міліцыянты сурова спыняюць усялякія спробы публікі пусьціцца ў скокі. На такую акалічнасьць спадар Сасноўскі зазначыў наступнае:

“Гэта складанасьці і нюансы нашага беларускага шоў-бізнэсу. Я ня ведаю, чаму так склалася, што ў гэтай залі танчыць немагчыма. А людзі захочуць, бо многія ведаюць гэтыя танцы. Мы даўно іх выконваем, але запіс цягнуўся вельмі доўга, і толькі цяпер скончылі. Многія прадстаўнікі танцавальных гуртоў і рыцарскіх клюбаў гэтыя танцы ўжо развучылі”.

А вось лютніст гурту Ільля Кубліцкі лічыць, што канцэртная заля “Менск” якраз адпаведная:

“У клюбы ходзіць моладзь, 90 адсоткаў там — моладзь. А ў залі ходзіць і моладзь, і больш сталага пакаленьня людзі. Таму хацелася б прэзэнтаваць гэты альбом больш шырокаму колу людзей”.

Альбом “Дрыгула” выдадзены пры падтрымцы Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” і фундатаркі з ЗША Ірэны Каляды-Сьмірновай. Растыражавала дыск “Беларуская музычная альтэрнатыва”. У афармленьні вокладкі выкарыстаны малюнак 17 стагодзьдзя, які захоўваецца ў музэі кляштару брыгітак у Горадні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG