Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цэны на нерухомасьць яшчэ не дасягнулі дна”


Як эканамічны крызіс адбіваецца на рынку нерухомасьці ў Беларусі? На гэтую тэму наш карэспандэнт Алесь Дашчынскі гутарыць з агентам па нерухомасьці Тацянай Сьнітко.


Карэспандэнт: Вядома, што за студзень беларускі рубель упаў больш чым на 25%, ад пачатку года на Беларускай валютна-фондавай біржы попыт на валюту значна перавышае прапанову, працягваецца дэвальвацыя рубля...Дык як гэта адбіваецца на рынку нерухомасьці?

Сьнітко: Рынак нерухомасьці зрушыўся. Кошты вельмі моцна падаюць. Я калі гляджу на гэтыя кошты, то ў мяне проста шок. І проста прадаюцца толькі тыя кватэры, на якія рэальна кошты зьніжаюцца. Пакупнікі, ў якіх ёсьць гатовыя грошы на набыцьцё, проста пачынаюць рабіцца нахабнымі. Мне распавядалі літаральна ўчора выпадак, калі перад дзьвярыма натарыюса, перад самым афармленьнем куплі-продажу пакупнік узяў за гузік прадаўца, прыцягнуў да сябе і сказаў: ”Мінус дзьве тысячы”. І таму не было чаго рабіць, як пагадзіцца. Гэта, канечне, усё вельмі нэрвуе тых, хто працуе зь нерухомасьцю, бо гэта пагражае зрывам таго, што рыхтавалася месяцамі”.

Карэспандэнт: Я бачыў у інтэрнэце дынаміку гэтых цэнаў, там бачна, што яны ўпалі...

Сьнітко: Так, мне чалавек сёньня тэлефанаваў і казаў, што глядзеў газэту “Нерухомасьць Беларусі” альбо “Нерухомасьць для ўсіх” і бачыў, што ў нашым раёне кватэры стаяць значна даражэй, чым вы кажаце. На што я адказала, вось таму яны і стаяць, бо не прадаюцца. Вы бачыце ў газэтах тое, што выстаўлена на продаж, але не прадаецца. Прадаецца рэальна тое, на што памяншаюцца кошты і ў рэклямах ужо не затрымліваецца. Рэальна ў сярэднім па Менску зараз дзесьці 1400 даляраў за квадрат. Можа быць 1500 – ідуць кватэры. Бывае нават меней”.

Карэспандэнт: Лягічна, што калі памяншаюцца цэны, то мусіць павялічвацца попыт.

Сьнітко: Паколькі попыт зрушыўся, зьявіўся, але ён не такі актыўны, як пры добрым падзеньні. Людзі яшчэ чакаюць. І кошты, відаць, пакуль не дасягнулі дна. Бо тут такі склізкі момант, калі толькі попыт пачне імкліва павялічвацца, то кошты перастануць гэтак падаць. Тут можа пайсьці адваротная дынаміка і мы пакуль не ведаем калі. І потым так могуць скокнуць кошты, што будуць большыя, чым да крызісу. Але калі гэты момант настане, ніхто не ведае. Адны кажуць паўгода, другія кажуць год. Прагнозы самыя розныя. Але відаць адно, што ў бліжэйшыя месяцы ўсё будзе ісьці па такой жа дынаміцы, як зараз”.

Карэспандэнт: Вядома, што яшчэ зьмянілася і крэдытаваньне грамадзянаў на набыцьцё жыльля. Ці гэта ўплывае нейкім чынам на попыт?

Сьнітко: Канечне, гэта вельмі істотна ўплывае. Гэта параджае так званы адкладзены попыт. Калі неабходнасьць набыць альбо збудаваць жыльлё ёсьць, але немагчыма рэалізаваць. І зараз, калі 20% стаўкі па крэдытах, то, канечне, вельмі мала пакупнікоў. Бо ў нас людзей з чыстымі грашыма вельмі мала, на жаль, у Беларусі. Я чула па радыё навіну, што будуць памяншаць такія стаўкі па крэдытах да 17%. Калі кошты падаюць і памяншаюцца працэнты па крэдытах, значыць нешта будзе”.

Карэспандэнт: А што тычыцца арэнды памяшканьняў, якая тут сытуацыя?

Сьнітко: Зараз арэнда імкліва падае. Тое, што раней здавалі за 300 даляраў, а потым за 280, зараз здаецца за 250. У Заводзкім раёне Менску за 250 можна і двухпакаёўку знайсьці. А што тычыцца офіснай нерухомасьці, там кошты падаюць таксама, проста не ўсе арэндадаўцы, уласьнікі гэтых памяшканьняў гэта зразумелі і прапануюць па 30 эўра за квадратны мэтар. Пераважна людзі цяпер шукаюць за 15-20 эўра”.

Карэспандэнт: У гэтай сытуацыі будаўнічым фірмам не выгадна працаваць.То яны будуць зачыняцца ці звальняць працоўных?Што там адбываецца?

Сьнітко: Яны зачыняцца не думаюць, менавіта тыя, зь кім я размаўляла. Сказалі. што яны і кошты не будуць моцна зьніжаць, скінуць да пэўнага ўзроўню і ўсё. Далей, проста будуць чакаць. Будаваць новае, ад самага пачатку, пакуль невядома, калі будзе дно вось гэтых коштаў, нявыгадна. Бо і будаўнічыя матэрыялы моцна падаражалі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG