Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая чытанка для дзетак — ад Вячоркі й Садоўскага


У менскім выдавецтве “Мэдысонт” выйшаў зборнік твораў для дзяцей дашкольнага ўзросту, які так і называецца — “Чытанка для дзіцячага садка”. Ягоныя складальнікі — мовазнаўцы і палітыкі Вінцук Вячорка і Пётра Садоўскі, а выдадзена кніга па замове Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.

Кніга на 370 старонак зьмяшчае творы беларускага фальклёру, сучасных пісьменьнікаў і клясыкаў айчыннае і ўсясьветнае літаратуры. Яны скампанаваныя ў тры разьдзелы, кожны зь якіх разьлічаны на адпаведную ўзроставую групу. Такой чытанкі для дзяцей вельмі бракуе ў сучаснай Беларусі, кажа старшыня “Бацькаўшчыны” Алена Макоўская.

“Ідэя выданьня чытанкі ў нас нарадзілася даўно і зьвязаная яна з тым, што сёньня ў Беларусі ёсьць праблема зь беларускамоўнай дзіцячай літаратурай. Натуральна, што гэтая літаратура ёсьць у продажы, але я па сваім досьведзе магу сказаць, што выбар яе ня вельмі багаты. Бальшыня тых твораў, якія я чытала свайму сыну да школы, яны ня вельмі цікавыя і напэўна я пад іх засынала раней за яго”.

Алена Макоўская
Мець літаратуру, лёгкую для дзіцячага ўспрыняцьця, важна таму, што менавіта ў дзяцінстве закладаюцца моўныя формулы. Гэтаму крытэру адпавядае выдадзены зборнік, перакананая спадарыня Макоўская.

“Там можна знайсьці вершы, апавяданьні, казкі і яны настолькі лёгкія ва ўспрыняцьці, што адразу і запамінаецца пачутае і ствараецца яго вобраз. Мы даслалі асобнік гэтай кнігі яе фундатару Ірэне Калядзе-Сьмірновай, то яна сказала, што знайшла сярод твораў тыя, якія бабуля расказвала ёй у дзяцінстве. Творы лёгка пазнавальныя, лёгка запамінальныя і памятаюцца цягам усяго жыцьця”.

Складальнікі кнігі Вінцук Вячорка і Пётра Садоўскі ўжо мелі досьвед падобнае працы — у 1990 годзе тады яшчэ ў савецкай Беларусі дзяржаўнае выдавецтва 70-тысячным накладам выдала іх чытанку для дзіцячага сада. Гэта была першая цалкам беларускамоўная дашкольная хрэстаматыя.

Яна мела вялікі посьпех сярод выхавальнікаў садкоў і бацькоў, якія хацелі, каб на літаратурных тэкстах іх дзеці засвойвалі асновы роднай мовы. Што праўда, тое выданьне мела ў духу патрабаваньняў часу і ідэалягічныя творы, якіх цалкам пазбаўленая новая чытанка. Затое напоўненая тымі творамі, якіх нельга знайсьці ня толькі ў кнігарнях, але і ў бібліятэчных сховішчах. Таму, кажа, Алена Макоўская, яна вартая кніжных паліцаў усіх беларускіх бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці змалку спасьцігалі хараство роднае мовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG