Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францускія коні ў гарадзенскім Аграрным унівэрсытэце


У гарадзенскім Аграрным унівэрсытэце адкрылася фотавыстава, прысьвечаная традыцыям францускай коннай язды. І таксама сёньня ва ўнівэрсытэце адбылася прэзэнтацыя кнігі, прысьвечанай коням.

Тэма коней у Горадні і ў фатаздымках, і спэцыяльнай кнігай — упершыню. Адну зь нешматлікіх кніг, напісаных па конегадоўлі ў Беларусі, прэзэнтаваў кандыдат сельскагаспадарчых навук Дзьмітры Ракіцкі.

А фотавыставу, здымкі для якой былі зробленыя пазалетась у францускім Самюры, прадставіла дачка навукоўца — Наталя Ракіцкая-Жамар. Менавіта ў Самюры знаходзіцца француская Нацыянальная школа верхавой язды і штогод адбываюцца паказальныя выступы, якія называюць Карусэлямі.

Самой мастачкі на адкрыцьці не было, але яна даслала да сваіх здымкаў вельмі падрабязны тэкст пра гісторыю й традыцыі францускай школы коннай язды.

На самым пачатку тэксту спадарыня Ракіцкая-Жамар нагадвае, што пачынальнікі францускай школы ў XVI ст. навучаліся майстэрству ў нэапалітанцаў. І менавіта там вучыўся гэтаму майстэрству выхадзец з ВКЛ Кастусь Дарагастайскі, які пазьней заклаў першую школу коннай язды ў Мураванай Ашмянцы.

На выставе — пераважна студэнты і выкладчыкі. Спадарыня зь цікавасьцю разглядае здымак пад назвай “Урачысты ўезд герцагіні Бэрыйскай”. Пытаюся ў спадарыні — ці ёй цікава?

Спадарыня: “Я да коней стаўлюся вельмі добра, гэта ў мяне ў крыві. Мне заўсёды яны падабаліся, і жывёлай іх цяжка назваць — гэта не жывёліны…”

Да нас далучаецца яшчэ адна спадарыня:

“Першы такі прэцэдэнт у Горадні, каб выстава была прысьвечаная коням, хоць Беларусь мае традыцыі навукі аб конях. А вось выстава хіба першая…”

Падыходжу да студэнтаў, якія скрупулёзна, па дэталях разглядаюць здымкі. Пытаюся: ці блізкая ім тэма коней?

Першы студэнт: “Ну так, гэта ж зьвязана зь сельскай гаспадаркай, значыцца, наша”.

Карэспандэнт: “Але ж тут яўна коні не для сельскай гаспадаркі. Такіх пародзістых, прыгожых вам даводзілася бачыць?”

Другі студэнт
: “Так, у Ашмянах ёсьць конна-спартыўная школа „Гіпіка“. Там таксама ёсьць падобныя пародзістыя скакуны”.

На выставе прысутнічае трэнэрка з гарадзенскай конна-спартыўнай школы Ганна Паляшчук. Яна задаволеная. Распавядае, што літаратуру пра коней знайсьці можна ў інтэрнэце, праўда, практычна няма беларускіх аўтараў. А вось выставаў, прысьвечаных коням, зь яе слоў, наагул няма:

“Вельмі цікавая выстава, тым больш што француская школа заўсёды была на вышыні, іх спартоўцы дасягнулі высокіх вынікаў. Хацелася б на гэтую тэму яшчэ болей, мне гэтага замала”.

За сталом у канцы залі Дзьмітры Ракіцкі раздаваў аўтографы на сваёй кнізе. Калі дайшла чарга да мяне, я запытаўся — чаму ён прысьвяціў сваю працу менавіта коням?

Ракіцкі: “Апошнія гады майго жыцьця паказалі, што ў Беларусі каняводы маюць патрэбу ў літаратуры пра коней. Вось такі мой кароткі адказ на вашае пытаньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG