Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праца — не для апазыцыянэраў


Алесь Масюк
Алесь Масюк

Слонімскі актывіст Алесь Масюк з 2002 году ня можа ўладкавацца на працу ў школу. Івану Шэгу, мэдыку, былому кандыдату ў дэпутаты, галоўны лекар прапануе звольніцца па ўласным жаданьні.

Алесь Масюк напісаў скаргу ў пракуратуру. У 2002 годзе ён паступіў на завочнае аддзяленьне гістфаку ў Горадні й адразу стаў на ўлік у Слонімскі аддзел адукацыі, каб атрымаць працу.

У 2008 годзе скончыў унівэрсытэт і ў жніўні пісьмова зьвярнуўся да начальніцы ўпраўленьня адукацыі райвыканкаму. Прычым у заяве прасіў разгледзець усе магчымыя варыянты працаўладкаваньня. Яму адмовілі.

У верасьні ён сам пайшоў па школах, і высьветлілася: вольныя гадзіны ёсьць, можна весьці гурткі, займацца арганізатарскай працай. Але калі дырэктары даведваліся, што ён займаецца палітычнай дзейнасьцю, адразу адмаўлялі.

Масюк: “Яны ж наўпрост ня кажуць, што ня хочуць браць мяне за маю палітычную дзейнасьць. Толькі адна дырэктарка пра гэта адкрыта сказала. Яна запыталася, ці маю я дачыненьне да палітыкі. Я адказаў, што зьяўляюся даверанай асобай Івана Шэгі. Тады яна заявіла, што ня возьме мяне на працу, бо яе звольняць за гэта самую, а ёй, маўляў, трэба жыць...”

Начальніца ўпраўленьня адукацыі Слонімскага райвыканкаму Тацяна Казакевіч ніякай палітыкі ў гэтым ня бачыць.

“У нас настаўнікі гісторыі, якія працуюць шэраг гадоў, ня ўсе маюць поўную колькасьць гадзінаў, бо скараціліся ўрокі гісторыі. Калі маюць, то ня больш як стаўку. Няма ў нас вольных гадзінаў гісторыі, каб яго забясьпечыць”.

Алесь Масюк мае дваіх дзетак: аднаму два з паловай гады, другому восем месяцаў. Сам ён падпрацоўвае рознарабочым, а жонка ў дэкрэтным адпачынку.

Іван Шэга
Яшчэ аднаму слонімскаму актывісту, Івану Шэгу, галоўны лекар шпіталя й ягоныя намесьнікі прапанавалі звольніцца з працы па ўласным жаданьні.

Гэта адбылося пасьля таго, як Шэга разам зь іншымі актывістамі падаў у райвыканкам заяўку на правядзеньне пікету, каб патрабаваць ад уладаў не дапусьціць зьбядненьня людзей.

“Крыўдзіліся на мяне, што я падстаўляю кіраўніцтва, што заўсёды з-за мяне нейкія праблемы, што вось надумаў нейкі пікет. Казалі, што я дрэнны чалавек, ствараю начальству праблемы і г.д.”

Заяву на звальненьне па ўласным жаданьні Іван Шэга пісаць адмовіўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG