Ці не памрэ беларускі народ ад гэтага павальнага пераходу ў капіталізм?
Я не жартую.
Учора аўтарытэтны брытанскі мэдычны часопіс „The Lancet” апублікаваў дасьледаваньне, зь якога вынікае, што масавая і часьцяком шокавая прыватызацыя ў посткамуністычных краінах у першай палове 1990-х гадоў магла стаць прычынай павышанай сьмяротнасьці ў гэтых краінах.
Паводле спадароў Дэвіда Стаклера з Кэмбрыджскага ўнівэрсытэту, Лорэнса Кінга з Оксфардзкага ўнівэрсытэту і Марціна Маккі з Лёнданскай школы гігіены і трапікальнай мэдыцыны, якія прааналізавалі дадзеныя аб сьмяротнасьці ў 25 постсавецкіх і былых сацыялістычных краінах Цэнтральнай Эўропы, у першай палове 90-х гадоў у гэтым рэгіёне здарылася каля 3 мільёнаў заўчасных сьмерцяў, пераважна сярод мужчын у працаздольным узросьце.
Спадары Стаклер, Кінг і Маккі зьвязваюць прычыны гэтых сьмерцяў з раптоўным пераходам з сацыялізму ў капіталізм і з розным “шокавымі тэрапіямі”, якія датычылі імгненнай прыватызацыі.
Слова „зьвязваюць” — ключавое для разуменьня іхніх высноваў. Рэч у тым, што ў статыстычным аналізе, якім яны займаліся, амаль немагчыма ўстанавіць наўпроставую сувязь паміж прычынай і вынікам. Пра гэта спадар Стаклер выразна сказаў у інтэрвію Радыё Свабода.
„Мы былі вельмі асьцярожныя ў нашым артыкуле, кажучы, што масавая прыватызацыя была „моцна зьвязаная” або „спалучаная” з гэтым ростам сьмяротнасьці” — заявіў Стаклер.
А Марцін Маккі сказаў нашаму радыё, што папярэднія дасьледаваньні тлумачылі рост сьмяротнасьці павышаным алькагалізмам сярод рабочага люду посткамуністычных краінаў, горшым харчаваньнем і распадам дзяржаўнай сыстэмы аховы здароўя. Дык вось, усе гэтыя тры прычыны, паводле аўтараў згаданага артыкулу ў „The Lancet”, цяпер маюць адну галоўную прычыну — масавую шокавую прыватызацыю.
У Расеі, напрыклад, у дасьледаваным пэрыядзе сьмяротнасьць узрасла на 13 адсоткаў. Сьмяротнасьць таксама востра ўзрасла ў Казахстане, Латвіі, Літве і Эстоніі. Аўтары артыкулу не сумняюцца, што тут прагледжваецца „моцная сувязь” паміж заўчасным выміраньнем і прыватызацыяй.
А вось Беларусь тады так не вымірала, бо і прыватызацыі практычна не праводзіла. Стаклер растлумачыў нашаму радыё:
„Чаму алькагалізм і беспрацоўе ўзрасьлі нашмат больш у Расеі, чым у суседніх краінах, напрыклад, у Беларусі. Абедзьве краіны зьбіраліся зрабіць падобны пераход у капіталізм. Але Расея скарыстала раптоўны падыход, а Беларусь значна больш памяркоўны. Радыкальныя рэфарматары нават крытыкавалі Беларусь у свой час, называючы яе савецкім запаведнікам за тое, што яна рухаецца так павольна”.
Чаму алькагалізм і беспрацоўе ўзрасьлі нашмат больш у Расеі, чым у суседніх краінах, напрыклад, у Беларусі. Абедзьве краіны зьбіраліся зрабіць падобны пераход у капіталізм. Але Расея скарыстала раптоўны падыход, а Беларусь значна больш памяркоўны
O.K., гэта будзе зразумела. Але што далей? Адмяніць павальную прыватызацыю ў Беларусі ці ісьці да яе, так бы мовіць, па трупах?
Вось згаданыя мною аўтары цьвердзяць, што рост сьмяротнасьці, нягледзячы на жорсткую прыватызацыю, быў нашмат меншы ў такіх краінах, дзе людзі больш масава ўдзельнічалі ў розных формах сацыялізацыі, то бок, у арганізаваных формах грамадзкага жыцьця — у грамадзка-палітычных арганізацыях, прафсаюзах, царкоўным і спартовым жыцьці. На прыклад, у Польшчы і Чэхіі, дзе прыватызавалі без аглядкі, а людзі неяк менш паміралі. Бо былі больш арганізаваныя і кампанейскія.
Калі дараднікі кіраўніка беларускай дзяржавы прачытаюць гэты мой блог (і калі ім баліць душа за тое, што беларусаў нараджаецца менш, чым памірае), дык я не выключаю, што разам з пачаткам павальнай прыватызацыі беларускія ўлады могуць пачаць павальны ахоп насельніцтва членствам у БРСМ і „Белай Русі”. Каб народ не пачаў выміраць больш ударнымі тэмпамі.