Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не дазваляюць пікеты супраць АЭС


Астравецкі суд не задаволіў пазоў актывістаў антыядзернага руху да райвыканкаму. Сябры аргкамітэту “Астравецкая атамная — гэта злачынства” Мікола Ўласевіч і Іван Крук дамагаліся ў судзе адмены рашэньня райвыканкаму, згодна зь якім ім не дазволілі ў лістападзе правесьці 5 пікетаў супраць будаўніцтва АЭС.

Пазоў астравецкіх актывістаў суд не задаволіў па трох прычынах: па-першае, адсутнічалі асобныя заявы ў сельскія Саветы вёсак Варняны, Міхалішкі й Гервяты, дзе плянаваліся пікеты акрамя раённага цэнтра.

Па-другое, у заяўках нічога не гаварылася пра тое, хто будзе падчас пікетаў пільнаваць грамадзкі парадак. Трэцяя прычына: павінны былі быць напісаныя асобныя заяўкі на тое, што падчас пікетаў будзе весьціся збор подпісаў супраць будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне.

Па сутнасьці суд пацьвердзіў рашэньне Астравецкага райвыканкама пра адмову сябрам аргкамітэту ў правядзеньні пікетаў.

Іван Крук пасьля вынясеньня рашэньня суду заявіў нашаму радыё:

“З такім рашэньнем я яўна ня згодны. У ім парушаны адразу два артыкулы Канстытуцыі Беларусі, № 30 і № 40, а таксама Орхуская канвэнцыя. У панядзелак я атрымаю на рукі рашэньне й мы будзем абскарджваць яго ў абласным судзе. У дадзенай сытуацыі іншага выйсьця для нас няма”.

Свой пункт погляду на рашэньне суда выказаў і Мікола Уласевіч, старшыня аргкамітэту “Астравецкая атамная — гэта злачынства”:

“Я думаю, яны баяцца, што мы будзем казаць людзям праўду пра наступствы АЭС, а праўду людзі заўсёды ацэняць. Яны не даюць нам магчымасьці сустракацца зь людзьмі. І таму райвыканкам нам адмовіў і суд таксама”.

Нагадаем, сябры аргкамітэту зьвярнуліся да міжнароднай супольнасьці й зьбіраюцца правесьці ў Астраўцы “круглы стол” з удзелам замежных навукоўцаў і грамадзкасьці Астравецкага раёну. Дзеля гэтага ўжо пададзена заяўка ў райвыканкам з просьбай выдзеліць залю ў кінатэатры “Кастрычнік”. Надалей працягваецца збор подпісаў супраць будаўніцтва АЭС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG