Сёньня павінна было адбыцца першае паседжаньне суду, але яго адклалі па хадайніцтве райвыканкаму. Сябры аргкамітэту лічаць, што ўлады наўмысна зацягваюць час.
Астравецкія ўлады палічылі, што пікетаваньне з адначасовым зборам подпісаў супярэчыць заканадаўству. У суд ніхто з гарвыканкаму не зьявіўся. Адтуль толькі даслалі пісьмовае хадайніцтва з просьбай перанесьці паседжаньне з прычыны занятасьці.
Другое хадайніцтва з гарвыканкаму тычылася таго, каб суд папрасіў Вярхоўны суд і Міністэрства юстыцыі даць тлумачэньне другога артыкулу Закону “Аб масавых мерапрыемствах”.
Першае хадайніцтва суд задаволіў і перанёс паседжаньне на 29 сьнежня. Другое хадайніцтва было адхілена.
Сябры аргкамітэту лічаць, што ўлады наўмысна зацягваюць час, каб потым сказаць, што будаўніцтва станцыі ўжо вядзецца. Кажа Мікола Ўласевіч:
“Справа ў тым, што час ідзе і мы яго трацім на гэтыя судовыя цяжбы, калі трэба было б сустракацца з насельніцтвам і рабіць тое, што мы плянавалі”.
Сябры аргкамітэту працягваюць збор подпісаў супраць будаўніцтва АЭС. У Астравецкім раёне сабралі 205 подпісаў. Іван Крук кажа, што гэта даецца зь цяжкасьцю:
“Што вы хочаце — людзі замбіраваныя. Улада абяцае, што будзе добрая праца”.
Іван Крук кажа, што аргкамітэт не спыняе дзейнасьці. Сябры аргкамітэту зьвярнуліся да міжнароднай супольнасьці й зьбіраюцца правесьці ў Астраўцы “круглы стол” з удзелам замежных навукоўцаў і грамадзкасьці Астравецкага раёну.
Дзеля гэтага ўжо пададзена заяўка ў райвыканкам з просьбай выдзеліць залю ў кінатэатры “Кастрычнік”. Пра меркаваную падзею сябры аргкамітэту паведамілі дзяржаўным СМІ.
Іван Крук перакананы, што ўлады ня здолеюць цяпер ім адмовіць у правядзеньні мерапрыемства:
“У дадзенай сытуацыі мы іх паставілі перад фактам. Я думаю, што дазволяць, павінны дазволіць правядзеньне гэтага мерапрыемства”.
Нагадаю яшчэ, што Астравецкі райвыканкам не дазволіў сябрам аргкамітэту правесьці мітынг-дыскусію, які плянаваўся на 27 сьнежня ў Міхалішках, спаслаўшыся на тое, што ў законе адсутнічае такое паняцьце, як мітынг-дыскусія.