У заяве гаворыцца, што сябры аргкамітэту не падзяляюць плянаў будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Нарачанска-Вілейскага запаведнага краю, бо лічаць, што гэта месца можа ператварыцца ў яшчэ адну “чарнобыльскую дзірку” на мапе Эўропы.
“АЭС можа быць пабудавана ў самай сэйсьмічнай зоне нашай краіны, паколькі менавіта ў Астравецкім раёне ў 1999 годзе адбыўся землятрус”, — гаворыцца ў заяве.
У ёй таксама адзначаецца, што “будаўніцтва АЭС у постчарнобыльскай Беларусі — ня проста памылка, а злачынны намер, які можа прывесьці да яшчэ большай бяды, што здарылася на нашай зямлі”.
Сябры аргкамітэту заклікаюць усіх грамадзянаў Беларусі, каму неабыякавы яе лёс, далучыцца да іх ініцыятывы й разам супрацьстаяць будаўніцтву АЭС.
У склад аргкамітэту ўваходзяць сем чалавек: вэтэраны Вялікай Айчыннай вайны, працы, а таксама адзін рабочы й адзін індывідуальны прадпрымальнік.
Гэтым разам пад заявай падпісаўся й грамадзянін Нямеччыны, урач, які нарадзіўся ў Астраўцы, але зараз жыве й працуе ў горадзе Дуйзбургу.
Нагадаю, што некалькі тыдняў таму сябры аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы падавалі ў райвыканкам заяву на правядзеньне пікетаў супраць будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне. Калі ім адмовілі, яны зьвярнуліся з адпаведнай заявай у суд.