Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Загадана прынесьці камандзіру квіток на падпіску”


20 сьнежня заканчваецца падпіска ў “Белпошце”. Пэрспэктыва набраць прыстойны наклад для многіх дзяржаўных выданьняў выглядае даволі праблематычнай.

Таму, прынамсі, у вайсковых частках вярнуліся да прымусовай падпіскі на цэнтральны орган Міністэрства абароны – газэту “Во славу Родины”.

У батальёне радыёэлектроннай барацьбы, дзе служаць сотні вайскоўцаў, я сустрэўся са старшым лейтэнантам Андрэем – па зразумелых прычынах, прозьвішча ў эфіры не называю. Аднак, паводле ягонага сьведчаньня, большасьць службоўцаў з такім прымусам сутыкнулася ўпершыню.

Праз два дні камандзір выклікае да сабе – “ніяк ня менш, чым на паўгода!”
“Я размаўляў са старэйшымі афіцэрамі, дык яны кажуць, што “такога з савецкіх часоў не было”. Пры канцы месяца, калі грошай так сабе, 35 тысяч рублёў “вынь ды пакладзі” – загадана прынесьці камандзіру квіток на падпіску “Во славу Родины”. Чым пагражалі? “Загады не абмяркоўваюцца”. Я вырашыў перахітрыць – падпісацца на адзін месяц, гэта пяць тысяч з хвосьцікам. Праз два дні камандзір выклікае да сабе – “ніяк ня менш, чым на паўгода!” На “Белпошце” база дадзеных і адразу відаць, хто на колькі падпісаўся. Ня толькі афіцэраў, прапаршчыкаў, але кухараў, работнікаў кацельных – усіх прымусілі служыць “Во славу Родины”. Падпісаў сваю маці – можа, праграму перадач пачытае...”

Мой суразмоўца ня ўтойваў свае адносіны да зьместу выданьня.

“Усё, што не датычыць перадруку з замежных газэт, гэта прапагандысцкі лісток – сумны, нецікавы, з дрэннай мовай, якой апісваецца быт афіцэраў, жаўнераў. Помню на расейскай мове:

“Когда вы по городу тихо идёте – взгляните на небо, как мирно оно.
Вы можете спать совершенно спокойно – вас охраняют войска ПВО!»

Такія вершы чытаць – апэтыт псаваць, гаворачы словамі прафэсара Прэабражэнскага...”

Тэлефаную ў рэдакцыю вайсковай газэты старшаму інспэктару па падпісцы, спадарыні Пцічкінай.

“Усё ў нас з накладам у парадку! Па будням 27 тысяч, па суботах да 28 дабаўляецца. Распаўсюджваньне праз кіёскі ідзе больш слабенька, а падпісная кампанія, як патрабуецца. Натуральна, вайскоўцы яе будуць падпісваць...”

Што тычыць практыкі прымусовай падпіскі, дык спадарыня Юлія кажа:

“Асабіста я гэтага ня чула, а як на самой справе... Яе проста прапануюць. Атрымліваць альбо адмаўляцца – справа кожага...”

Я папрасіў пракамэнтаваць сытуацыю намесьніцу старшыні праўленьня Беларускай асацыяцыі журналістаў Тацяну Мельнічук. Дарэчы, у савецкія часы спадарыня Тацьцяна сама чатыры гады працавала ў вайсковай газэце “Ленинец”.

Лічбы, на якія выходзіць вайсковая прэса, намаляваныя недзе ў пляне
"Калі я працавала, сытуацыя не абмяркоўвалася – служывы ці вольнанаёмны павінен мець падпіску на вайсковую газэту. Газэткі для рэгіёнаў ці ў вучэльнях былі бясплатныя, за дзяржаўны кошт. Але старая практыка засталася. Лічбы, на якія выходзіць вайсковая прэса, намаляваныя недзе ў пляне. Камандзіры павінны частку лічбы выканаць. А тое, што чытачы-вайскоўцы крытыкуюць гэту газэту, то каб не абмяжоўвацца гэтым чытвом, павінны мець яшчэ нешта. Тое, што навязваюць, не абавязкова чытаць. Прыкра, што за грошы вайскоўцаў, якія атрымліваюць не надта багата ў нашай краіне, папаўняюцца бюджэты, робіцца дуты імідж. Калі б быў свабодны выбар, наклады такой прэсы былі б вельмі незайздросныя – вельмі нізкія...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG