Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады душаць незалежную прэсу ў рэгіёнах?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” (эфір 30-га траўня).



Незалежную “Газету Слонімскую” высяляюць з памяшканьня. Якія ўвогуле мэтады ціску выкарыстоўваюць улады супраць недзяржаўных выданьняў? Ці ёсьць у рэгіёнах попыт на незалежную прэсу? Як можна процідзейнічаць ціску ўладаў?

Удзельнікі: галоўны рэдактар газэт “Ганцавіцкі час” і “Нясвіжскі час” Аляксей Белы і галоўны рэдактар газэты “Вольнае Глыбокае” Ўладзімер Скрабатун.

Мэтады ціску

Валер Карбалевіч: “Рэгулярна шмат зь якіх рэгіёнаў Беларусі прыходзіць інфармацыя пра ціск уладаў на незалежную прэсу. На незалежныя газэты забараняюць падпіску. Іх не дазваляюць прадаваць у шапіках, рэдакцыі пазбаўляюць памяшканьня. Менавіта гэта цяпер адбываецца з “Газетай Слонімскай”. У зьвязку зь ціскам на гэтую газэту можна ўбачыць тыя мэтады, якія ўжываюцца супраць журналістаў рэгіянальнай прэсы. Напрыклад, галоўнага рэдактара “Газеты Слонімскай” Віктара Валадашчука, ужо сталага чалавека, выклікалі на вайсковыя зборы, спрабавалі праверыць на псыхічнае здароўе і інш. Як можна ацаніць мэтады, якія выкарыстоўваюць улады супраць незалежных газэт?”

Аляксей Белы: “Гэты ціск ідзе даўно. Мы выдавалі тры газэты, цяпер засталося толькі дзьве. Бо газэту “Мясцовы час” у Пінску не пусьцілі ні друкавацца, ні прадавацца. Спрабавалі прадаваць яе ў прыватнай краме, але ўлады прымусілі гаспадара крамы адмовіцца”.

Уладзімер Скрабатун: “У нармальнай сытуацыі ў нашай газэты быў бы наклад 10 тысяч экзэмпляраў, а цяпер ён — 2100. Нашая газэта зарэгістраваная як газэта паўночна-заходняй часткі Беларусі — гэта шэсьць раёнаў Віцебскай вобласьці. Мы спрабавалі прадаваць газэту ў іншых рэгіёнах. Але нават калі ёсьць усе неабходныя дакумэнты, прыходзілі міліцыянты і складалі пратакол, бо, як яны лічаць, газэта “антыпрэзыдэнцкая”.

Таму газэта распаўсюджваецца толькі ў Глыбоцкім раёне. Забаронена падпіска, продаж у шапіках. Застаецца прадаваць на рынку. Калі просім дазволу прадаваць газэту ў краме, то ўлады кажуць, што трэба пачакаць, пакуль пройдзе чарговая выбарчая кампанія. Потым дазволілі прадаваць у адной прыватнай краме, але колькасьць — 10 асобнікаў і ня больш”.

Незалежныя газэты і выбары

Карбалевіч: “Вось сп. Скрабатун ужо завёў гаворку пра выбары. Ці зьвязаная новая хваля ціску супраць незалежных газэт з набліжэньнем выбараў у Палату прадстаўнікоў? Ці асьцерагаюцца ўлады незалежнай прэсы ў гэтай кампаніі?”

Белы: “Так. Набліжэньне выбараў адчуваецца. Газэта “Нясвіжскі час” мела наклад больш за 2 тысячы асобнікаў, і былі добрыя пэрспэктывы росту. Але нас выкінулі з “Саюздруку”. З 25 пунктаў распаўсюду засталося толькі 6. Некаторыя дырэктары крамаў не дазваляюць нашым распаўсюднікам прадаваць газэту на прыступках крамаў, каб гэта не было на “іх тэрыторыі”.

У Ганцавічах мы працуем год бяз офісу, ня можам знайсьці нават прыватную кватэру, людзі баяцца. Ужо не кажу пра тое, што нашых журналістаў не пускаюць на афіцыйныя мерапрыемствы, кажуць: “Мы вас не запрашалі”. Хоць журналістам запрашэньне не патрэбнае”.

Скрабатун: “Я думаю, што выданьне нашай газэты выгоднае ўладам. Бо мы адзіная газэта ў рэгіёне, якая прапагандуе беларускую культуру, краязнаўства.

Але напярэдадні выбараў усе гэтыя матывы перакрэсьліваюцца. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году нас выкінулі і з падпіскі, і з шапікаў. І цяпер з трывогай чакаем, што на гэты раз прыдумае ўлада. Хоць рэальна мы ніяк ня можам паўплываць на гэтыя выбары. Але ініцыятыва ціску, мусіць, зыходзіць зь Менску ці Віцебску”.

Карбалевіч: “Чаму вы кажаце, што ня можаце паўплываць на выбары? Вы ж можаце даць трыбуну нейкаму непажаданаму для ўладаў кандыдату”.

Скрабатун: “Нядаўна быў выпадак. Група людзей даслала ў нашу газэту віншаваньне аднаму чыноўніку. Дык ён цэлы месяц тросься, баяўся, што яго звольняць”.

Ці запатрабаваныя незалежныя газэты ў рэгіёнах?

Карбалевіч: “Ці ёсьць у рэгіёнах попыт на незалежную прэсу, незалежную інфармацыю? Можа, насельніцтву гэта непатрэбна? Калісьці ў 90-я гады рэдактары незалежных цэнтральных газэт сутыкнуліся з сытуацыяй нізкага попыту на іх выданьні. А як цяпер, ці запатрабаваныя незалежныя газэты ў рэгіёнах?”

Белы: “Людзей вельмі цікавяць нашы газэты. Напрыклад, у Ганцавіцкім раёне, невялікім і самым стратным раёне Берасьцейскай вобласьці наклад нашай газэты — каля 3 тысяч асобнікаў. Каля 700 асобнікаў прадаецца на рынку.

А астатнія распаўсюджваюцца па ўласнай падпісцы. Амаль у кожнай вёсцы валянтэры разносяць газэту падпісчыкам. Калі чытачы нас падтрымліваюць грашыма, значыць, ёсьць зацікаўленасьць у нашым выданьні. Газэта ўздымае актуальныя праблемы, ставіць пытаньні перад чыноўнікамі. Журналістам там працаваць вельмі цяжка”.

Скрабатун: “Нашых чытачоў можна прыкладна разьдзяліць на дзьве катэгорыі. Настаўнікі, бібліятэкары цікавяцца краязнаўствам. А іншыя людзі, у прыватнасьці бізнэсоўцы, цікавяцца эканамічнай інфармацыяй. Вось бабуля, якая хоча прадаць ці купіць казу, ідзе да нас і дае аб’яву. Людзі тэлефануюць з далёкіх рэгіёнаў, пытаюцца, як можна атрымаць газэту”.

Ці канкурэнты незалежныя газэты дзяржаўным выданьням?

Карбалевіч: “А чаму дзяржаўныя раённыя газэты не задавальняюць патрэбы грамадзян? У іх жа спрыяльныя ўмовы існаваньня”.

Скрабатун: “У свой час мы друкавалі інфармацыю раённага ДАІ пра месячнік бясьпекі руху. Мы вельмі апэратыўна надрукавалі яе. А ў раённай газэце няма месца, матэрыял можа ляжаць месяц, калі гэтая кампанія скончылася. І ДАІ было ўдзячнае. Але цяпер гэтым органам забаранілі супрацоўнічаць з намі.

Увогуле інфармацыі шмат, а газэтаў мала. У міжваенны пэрыяд, калі Глыбокае ўваходзіла у склад Польшчы, на 12-тысячны горад выдавалася 6 газэтаў. Цяпер толькі 2”.

Белы: “Яны пішуць пра сваё, а мы пра сваё. Дзяржаўныя газэты даюць зводкі сельскагаспадарчых работ. Але там мала ўздымаюцца праблемы. Структуры ўлады даюць інфармацыю толькі дзяржаўным газэтам, а нам адмаўляюць.

Падпіска на дзяржаўныя газэты часта прымусовая. Але наш чытач больш прасунуты, ён добраахвотна выбірае нашу газэту”.

Як можна процідзейнічаць ціску ўладаў?

Карбалевіч: “Як процідзейнічаць ціску ўладаў у рэгіёнах? Ці ёсьць нейкія мэханізмы супраціву?”

Скрабатун: “Каб у нашай дзяржаве панаваў закон, то выйсьце было б простае. А так атрымоўваецца, што “Вольнае Глыбокае” застаецца адзінай незалежнай газэтай у Віцебскай вобласьці. Абараніць газэту могуць чытачы альбо ціск міжнароднай грамадзкасьці”.

Белы: “Мы спадзяемся на падтрымку чытачоў і грамадзкасьці. Мы сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў, таму калі ў нас узьнікаюць праблемы, мы зьвяртаемся да гэтай арганізацыі. Бо ня ў кожнай газэты ёсьць юрысты такога ўзроўню. Увогуле, калі газэта аб’ектыўная, дакладная, своечасова прыходзіць да чытачоў, то яны падтрымаюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG