У Маскве міліцыя і АМАП зрабілі ўсе магчымае, каб не дапусьціць правядзеньня заплянаваных на сёньня акцыяў апазыцыі, арганізаванай вядомым крытыкам палітыкі Крамлю Гары Каспаравым.
Дзень таму Гары Каспараў, разам з Барысам Нямцовым стварылі новую палітычную партыю пад назвай “Салідарнасьць”.
У Маскве Трыюмфальная плошча, дзе меўся прайсьці мітынг, была ачэпленая. Удзельнікаў “Маршу нязгодных” затрымлівалі на шляху да месца правядзеньня акцыі. У ліку затрыманых – адзін з лідэраў “Іншай Расеі” Эдуард Лімонаў, лідэр руху “Мы” Раман Дабрахотаў, карэспандэнт газэты “Камэрсантъ” Андрэй Казенка, паведамляецца пра затрыманьні дзясяткаў чалавек.
Карэспандэнт Радыё Свабода быў відавочцам затрыманьня як найменей 50 чалавек, якія мелі намер узяць удзел у несанкцыянаванай уладамі акцыі. Многія пры затрыманьні былі зьбітыя.
У Пецярбургу "Марш нязгодных" падзяліўся на дзьве часткі. Быў дазволены мітынг у садзе Чарнышэўскага, але людзі зьбіраліся на раней дамоўленае месца збору у Гасьціннага двара, дзе міліцыя і АМАП затрымлівалі і груба штурхалі удзельнікаў з плякатамі ў аўтазакі. Паводле карэспандэнтаў Радыё Свабода, “людзі выглядалі азлобленымі, гучна крытыкавалі улады”.