Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадановіч абраны старшынём ПЭН-цэнтру


Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

Сёньня ў Менску адбыўся справаздачна-выбарны зьезд Беларускага ПЭН-цэнтру. Ягоныя ўдзельнікі абмеркавалі становішча ў гэтай грамадзкай арганізацыі, створанай дзеля абароны творчых правоў пісьменьнікаў і журналістаў, а таксама задаволілі просьбу яе старшыні Ўладзімера Някляева вызваліць яго ад пасады. Новым старшынём абраны паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.


Сход Беларускага ПЭН-цэнтру быў чарговы. Паводле статуту ён павінен праводзіцца раз на два гады. Аднак сытуацыя ў краіне мяняецца так хутка, што ня ўсе сябры ПЭН-цэнтру пасьпяваюць, на думку найстарэйшага пэнаўца Валянціна Тараса, адпаведна пераарыентоўвацца.

Ягоны маладзейшы калега, галоўны рэдактар тыднёвіка “Наша Ніва” Андрэй Скурко ўдакладніў сёньняшнія прыярытэты дзейнасьці ПЭНу:

“Сёньня — час малых справаў у тым значэньні, якое ўкладаў у гэтыя словы першы чэскі прэзыдэнт Масарык. Я лічу вялікай заслугай Беларускага ПЭН-цэнтру і ўсіх нас разам тое, што мы змаглі захаваць сам гэты Беларускі ПЭН-цэнтар, які на сёньняшні дзень у Менску зьяўляецца адной зь нешматлікіх пляцовак, на якой магчымая незалежная культурная дзейнасьць”.

Частка пісьменьнікаў сталейшага пакаленьня гэтую дзейнасьць маладых і іх творчасьць паставіла пад сумнеў. Гаворыць празаік і публіцыст Віктар Казько:

“Незразумелая, не заўсёды ўцямная нейкая пайшла літаратура, тое, што ня ведаю, як і назваць — постмадэрнізмам... (Голас з залі: “Дробнаслоўе і мартатраўства!”) Так, гэта тое, што цяжка ўвогуле назваць літаратурай”.

Прыхільнікі гэтае думкі спрабавалі пераканаць старшыню арганізацыі не сыходзіць са сваёй пасады, аднак Уладзімер Някляеў рашуча і пераканаўча — і, як паказалі потым вынікі галасаваньня, пасьпяхова — агітаваў залю абраць на старшыню спадара Хадановіча:

“Маладзейшы будзе біць капытамі мацней, весялей іскры будуць ляцець...”

Андрэй Хадановіч у сваёй новай ролі старшыні ПЭН-цэнтру назваў у бліжэйшых плянах некалькі літаратурна-арганізацыйных і праваабарончых захадаў, у тым ліку і зьдзяйсьненьне сваёй ружовай мары:

“Ружовая мара — спрычыніцца ПЭН-цэнтрам да арганізацыі міжнародных фэстываляў і міжнароднага літаратурнага фэстывалю ў Беларусі, які б тут здараўся рэгулярна”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG