Слова „генацыд” (па-англійску: genocide) прыдумаў юрыст габрэйскага паходжаньня Рафал Лемкін (1900-1959), які нарадзіўся каля Ваўкавыску. Слова зьяўляецца спалучэньнем кораня грэцкага слова genos (сям’я, племя, раса) і лацінскага -cide (забойства). Першы раз слова было ўжытае ў кніжцы Лемкіна „Axis Rule in Occupied Europe” (1944), якая аналізавала акупацыйную палітыку нацыскай Нямеччыны ў Эўропе ў часе Другой Сусьветнай вайны.
ААН прыняла дэфініцыю генацыду Лемкіна як аснову для сваёй канвэнцыі. У гэтай канвэнцыі генацыд акрэсьліваецца як дзеяньне, накіраванае на поўнае або частковае зьнішчэньне якой-небудзь нацыянальнай, этнічнай, расавай або рэлігійнай групы як такой.
Доўгі час у агульнай сьвядомасьці слова генацыд спалучалася выключна з нацысцкім вынішчэньнем габрэяў. Спакваля аднак гэты тэрмін пачаў ужывацца і да іншых праяваў масавай разьні людзей у багатай на такія кашмары гісторыі ХХ стагодзьдзя: вынішчэньне асырыйцаў у Іраку ў 1933 годзе, вынішчэньне армянаў туркамі ў часе Першай Сусьветнай вайны, вынішчэньне свайго народу дыктатурай гэтак званых „чырвоных кхмэраў” у Камбоджы ў другой палове 1970-х гадоў.
Калі развальваўся Савецкі Саюз, савецкае грамадзтва ўпершыню дазналася пра жахі сталінскага пэрыяду, ў выданьнях таго часу магло часьцяком сустрэць акрэсьленьне „сталінскі генацыд”. Аднак гэтае акрэсьленьне так і не набыло юрыдычна аформленай дакладнасьці, ні на схіле савецкай эпохі, ні ў постсавецкі час.
Найдалей прасунулася Ўкраіна, парлямэнт якой у 2006 годзе прыняў закон, які назваў пэрыяд голаду ва Ўкраіне у 1932-1933 гг., калі ад нястачы ежы памерлі мільёны ўкраінцаў (ацэнкі кажуць аб 3-10 мільёнах людзей), актам генацыду супраць украінскага народу. Закон сьцьвярджае, што ўкраінскі Галадамор быў выкліканы палітыкай тагачаснага савецкага кіраўніцтва ў Маскве, якое загадала правесьці бязьлітасную рэквізыцыю збожжа на Ўкраіне.
Сёлета прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка запрасіў кіраўнікоў дзяржаваў сьвету ў Кіеў запаліць сымбалічную сьвечкі ў памяць ахвяраў Галадамору. Ні з Масквы, ні зь Менску не прыехалі афіцыйныя прадстаўнікі.
У 1932-1933 гг. савецкія ўлады правялі жорсткую рэквізыцыю жывёлы ў Казахстане, чым выклікалі агульны голад і, як ацэньваецца, сьмерць каля 1.5 мільёна казахаў, для якіх гадоўля жывёлы была тады асноўным сродкам утрыманьня. Аднак постсавецкія ўлады Казахстану ніколі не спрабавалі афіцыйна выказаць сваё стаўленьне да гэтага трагічнага пэрыяду ў гісторыі свайго народу.
У 1992 годзе казахскія ўлады, пад ціскам дзеячаў казахскай культуры, выдзелілі месца для помніку ахвярам казахскага галадамору. Але і па сёньняшні дзень на гэтым месцы стаіць адно камень з надпісам, які інфармуе, што гэткі помнік мае там узьнікнуць. Дазволу на яго пабудову ніхто так і ня даў.
У Беларусі таксама ніколі на афіцыйным узроўні не спрабавалі асудзіць злачынствы сталінскага рэжыму, якія можна было б акрэсьліць словам генацыд. Наадварот, колькасьць забітых у Курапатах спачатку паменшылі, а потым і ўвогуле спрабавалі сьпісаць на немцаў.