Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Багдановіч: сучаснае прачытаньне з дапамогай Моцарта



Афіша спэктаклю
10 сьнежня ў вялікай залі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі адбудзецца прэм’ера містэрыі “Дзень Максіма Багдановіча”. Гэта творчы праект кампазытаркі, сьпявачкі і харэографа, кіраўніцы тэатра-студыі “Госьціца” Ларысы Сімаковіч.

Перад прэм’ерай яна пагадзілася раскрыць некаторыя сакрэты сваёй “творчай кухні”.




Міхась Скобла:
“Спадарыня Ларыса, вы вядомыя як чалавек неўтаймоўнай творчай натуры. І неаднаразова тэатар-студыя “Госьціца” пад вашым кіраўніцтвам і ўражваў, і зьдзіўляў, і захапляў гледачоў. Што вы на гэты раз прыдумалі? Які “Дзень Максіма Багдановіча” пабачым мы ўвечары 10 сьнежня?”

Ларыса Сімаковіч
Ларыса Сімаковіч:
“Мы пабачым сучасную містэрыю ў адной дзеі. Слова “дзень” азначае ня толькі частку сутак, але й цэлую эпоху. І ад нас залежыць, колькі гэты “дзень” будзе доўжыцца, колькі такіх “дзён” будзе ў нашым жыцьці. Задумваючы гэты праект, недзе падсьвядома я думала, што нашым людзям абрыдла слухаць заежджых чужых прарокаў. Наш наіўны, даверлівы народ слухае іх, часам верыць ім. І гэта пры тым, што мае прарокаў сваіх. І адзін зь іх – гэта, безумоўна, Максім Багдановіч. Тое, што ён пісаў на пачатку ХХ стагодзьдзя, актуальнае і сёньня. Пра народ, пра культуру, пра мову, пра нешта істотнае ў чалавеку Багдановіч, які амаль усё жыцьцё пражыў па-за межамі Беларусі, ведаў больш, чым сёньня ведаюць сучасныя беларусы”.

Скобла: “Наколькі ў гэтым спэктаклі будзе прысутнічаць сам Багдановіч?”

Сімаковіч: “Я вас узрадую – на сцэне будзе суцэльны Багдановіч. Больш за тое, прагучаць чатыры прэм’ерныя песьні на вершы Багдановіча кампазытара Яна Жанчака. Ролю Максіма Багдановіча выканае Сьвятлана Зелянкоўская – вядомая актрыса тэатру і кіно. І ў гэтым няма аніякага эпатажу і эксцэнтрыкі. Усё даволі арганічна, лягічна, сцэнічна і апраўдана паводле тэатральных законаў”.

Міхась Скобла
Скобла:
“У Зелянкоўскай, дзякуючы фільму “Анастасія Слуцкая”, імідж такой беларускай амазонкі. Пытаньне вам як рэжысэру – наколькі яна змагла спасьцігнуць тонкі рамантызм і лірызм паэзіі Багдановіча?”

Сімаковіч: “Сьвятлана спасьцігнула ня толькі паэзію. Думаю, што і сьветапогляд, і жыцьцёвая філязофія Багдановіча блізкія ёй, як былі блізкімі і мне, калі я пачынала працаваць над сцэнаром. Іначай тыя маналёгі, якія прысутнічаюць у спэктаклі, не гучалі б так пераканальна і пранікнёна, як гэта атрымалася ў Зелянкоўскай. Я не шукала на ролю Багдановіча актора-мужчыну. Ведаеце, я пагаджаюся з псыхааналітыкам Юнгам, які пісаў, што ў кожным паэце прысутнічае жаночая субстанцыя. Дадам хіба, што і ў акторы – таксама. І я не сумняваюся, што Сьвятлана з гэтай роляй справілася”.

Скобла: “У яшчэ аднаго ўдзельніка вашага спэктаклю – Лявона Вольскага – столькі сцэнічных увасабленьняў: і N.R.M., і ZET, і “Народны альбом”… А што ён пакажа ў вашым спэктаклі?”

Сімаковіч: “У містэрыі прысутнічае і архаічнае мінулае (з чаго і пачаўся Багдановіч), і сучаснасьць. І Лявон стварае акурат кантэкст сучаснасьці. На сцэне, дарэчы, акрамя N.R.M. і Вольскага, выступяць вулічныя музыкі-рэперы і… Мікалай Пінігін. Ролю Пінігіна выканае актор Купалаўскага тэатру Міхась Зуй”.

Скобла: “А вы не прапаноўвалі ролю Пінігіна самому Пінігіну?”

Сімаковіч: “Тады гэта была б ужо не містэрыя, а – дакумэнтальны спэктакль. У нас жа – іншы жанр”.

Скобла: “У вашым спэктаклі занятыя гэткія розныя калектывы, як “Клясык-авангард”, “Ліцьвінскі хмель”, N.R.M. А ці не атрымаецца ў выніку нешта маласумяшчальнае, як кажуць, боб з гарохам?”

Сімаковіч: “У нас учора быў першы прыкідачны начны прагон спэктаклю. Начны, бо днём сцэна занятая. І ён паказаў, што ўсё нармальна, эклектыкі няма. Усё лягічна выбудавалася, усё мяне задавальняе, нічога не даводзіцца выкідаць. Апошнія рэпэтыцыі пацьвярджаюць, што “дзень” Максіма Багдановіча не мінуўся. Ён – працягваецца. І які ён, гэты дзень, у разуменьні маім і актораў, мы пабачым на прэм’еры”.

Скобла: “Сёньня пайшла своеасаблівая мода на абсучасьніваньне клясыкі. Маладзёвы гурт “Жаба ў каляіне” выконвае “Я мужык-беларус” Якуба Коласа. Гурт “Тлуста луста” парадыйна перасьпеўвае савецкія вершы Янкі Купалы… Вы можаце гарантаваць, што ваша прачытаньне Багдановіча не абразіць далікатныя пачуцьці ягоных шматлікіх прыхільнікаў?”

Сімаковіч: “Ні ў якім разе! І ў першую чаргу таму, што я сама вельмі далікатна стаўлюся да паэзіі Багдановіча. І ўсё, што прыніжае і апашляе паэзію, – гэта не маё, гэта не для мяне, яно са мной аніяк не вяжацца. Падчас працы над сцэнаром мяне чакала маленькае адкрыцьцё. На трыялет Багдановіча “Чэліні статуй не рабіў…” нечакана легла музыка з “Чароўнай флейты” Моцарта! І яна ёсьць у спэктаклі, як ёсьць Моцарт і Сальеры. Таму што Багдановіч разважаў і на гэтую тэму, яго цікавілі ўзаемаадносіны Моцарта і Сальеры. Дарэчы, ён спачатку стаяў на баку Сальеры. Дык вось, трыялет Багдановіча гучыць на музыку Моцарта! І гэта – конгеніяльна, па-першае, а па-другое, вось вам паказчык таго, што вышыня Багдановіча ну аніяк не заніжаная”.

Скобла: “А наколькі ўвогуле дазваляецца “абсучасьніваць” клясыку? Калісьці Рыгор Шырма на дух не пераносіў аранжыроўкі Ўладзімера Мулявіна, якія сёньня самі ўжо сталі клясыкай”.

Сімаковіч: “Клясыка – гэта эталён. І ў гэтым эталёне павінна сумяшчацца далёкае вечнае і актуальнае сёньняшняе. Таму ў “абсучасьніваньні” аніякае супярэчнасьці няма. Калі ў “Дні Максіма Багдановіча” ў выкананьні хлопчыкаў-рэпераў гучыць верш Багдановіча, альбо верш Аляксандра Пушкіна ў беларускім перакладзе Максіма Лужаніна, – гэта нармальна. Таму што падлеткавы ўзрост, вулічная, як сёньня кажуць, тусьня-тусоўка… І вельмі добра, што ў такім кантэксьце гучыць Багдановіч, хай сабе і ў нечаканым выглядзе. Але ён ёсьць, ён прысутнічае. І гэта галоўнае.

Што да Шырмы… З вышыні свайго аўтарытэту, Рыгор Раманавіч мог наківаць пальцам Мулявіну і “Песьнярам”. Але сам Шырма неадэкватна запісваў песенны фальклёр. Зборнікі ў ягоным запісе – каштоўнасьць, гэта залаты фонд айчыннага песеннага мастацтва, але, паўтаруся, запісаныя яны недакладна. Сёньняшнія фальклярысты занатоўваюць народныя песьні куды больш дакладна, да адна-васьмітонавых зьмяненьняў голасу! Так што і Шырму можна выказаць нейкія прэтэнзіі, што да аўтэнтыкі ягоных запісаў”.

Скобла: “Бывае, рэжысэр задумвае адно, а на сцэне, у працэсе працы, атрымліваецца нешта зусім іншае. Наколькі адсоткаў у спэктаклі “Дзень Максіма Багдановіча” вам удалося рэалізаваць сваю першапачатковую задуму?”

Сімаковіч: “Пра гэта я даведаюся пасьля спэктаклю. Таму што трэба ўлічваць экстрым, натхненьне актораў і факусоўку ўсіх сілаў, занятых у спэктаклі. Сёньня мяне ўсё задавальняе, усё, дзякуй Богу, стаіць на сваіх месцах. Аб адным хіба даводзіцца шкадаваць, што ў нас не тэатральны рэжым рэпэтыцый. Рэпэтуем, калі дадуць залю. Па-мойму, Кірыл Сярэбраньнікаў, вядомы расейскі тэатральны дзеяч, сказаў, што для таго, каб атрымаўся добры вынік, трэба, каб на дзьве хвіліны спэктаклю прыпадала шаснаццаць гадзінаў рэпэтыцый. Гэтага ў нас і блізка няма, таму, пэўна ж, нейкіх стратаў пазьбегнуць ня ўдасца. Мяне тут супакоіў прыклад Кшыштафа Занусі, які нядаўна прыяжджаў на “Лістапад”. Жонка Занусі пасьля прагляду ягонага фільму прызналася: у канчатковай вэрсіі так мала засталося ад Занусі, ад ягонай першаснай задумы! Проста можна паспачуваць славутаму рэжысэру. Але вернемся да “Дня Максіма Багдановіча”. Як паказаў учорашні прагон, нешта грандыёзнае, магутнае і высокадухоўнае ў гэтым спэктаклі ёсьць. Пра ўсё астатняе хай скажуць гледачы, якіх я запрашаю 10 сьнежня на прэм’еру”.

Рэпэтыцыя містэрыі “Дзень Максіма Багдановіча”


  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG