Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Д.Мур: Гілары Клінтан сама складзе думку пра Беларусь


Джонатан Мур
Джонатан Мур

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур адказаў на пытаньні наведнікаў сайту “Свабоды”.


Яўген Orca, Маладзечна: “Спадар Мур, ці не зацікаўленыя ЗША ў тым, каб Беларусь пасварылася з Расеяй, як Расея зацікаўлена ў тым, каб Беларусь, акрамя Расеі, нікому больш не была патрэбная?”

Джонатан Мур: “Я чуў шмат разоў і сам казаў шмат разоў: Беларусь можа зьмяніць свая эканамічную сыстэму, можа зьмяніць сваю палітычную сыстэму, але ня можа зьмяніць свайго геаграфічнага месца. Беларусь зьяўляецца суседкай Расеі і мае шмат сувязяў з Расеяй, уключна з энэргетычнай залежнасьцю. Аднак мы не глядзім на Беларусь праз маскоўскую прызму. Мы глядзім на Беларусь як на сувэрэнную, незалежную краіну са сваёй будучыняй, і хочам, каб яна засталася сувэрэннай і незалежнай краінай. Ці мае Беларусь добрыя або дрэнныя адносіны з Расеяй, ці маюць Злучаныя Штаты добрыя або дрэнныя адносіны з Расеяй — гэта не ўплывае на наша бачаньне Беларусі”.
Мы глядзім на Беларусь як на сувэрэнную, незалежную краіну


Ян Максімюк, Прага: “У нядаўнім інтэрвію Agence France-Presse прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ў яго былі сяброўскія адносіны з былым прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам. Таму ў сувязі з назначэньнем Гілары Клінтан дзяржсакратаром у адміністрацыі Барака Абамы, прэзыдэнт Лукашэнка выказаў надзею, што Вашынгтон хутка ўзновіць “нармальны дыялёг” зь Менскам. Як вы ацэньваеце шанцы ўзнаўленьня такога дыялёгу пры новай амэрыканскай адміністрацыі? І ці не маглі б вы паведаміць нейкія падрабязнасьці наконт таго, калі і ў якой форме Аляксандар Лукашэнка разьвіў сяброўскія адносіны зь Білам Клінтанам?”

Мур: “Як кіраўнікі сваіх дзяржаваў, прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка сустракалі адзін аднаго на розных самітах і паседжаньнях у Эўропе. Прэзыдэнт Клінтан з жонкай, якая неўзабаве стане дзяржсакратаром ЗША, наведалі Беларусь у 1994 годзе. Я ня думаю, што ён тады сустрэўся з Лукашэнкам. Мяне тады ў Беларусі не было, таму я ня ведаю дэталяў, але гэта быў вельмі кароткі візыт. Я лічу важным, што нашая будучая дзяржсакратарка была ў Беларусі, што яе ўжо цяпер інфармуюць пра сытуацыю ў сьвеце, уключна зь Беларусьсю. Але не менш важна і тое, што ў часе прэзыдэнцтва Біла Клінтана беларуска-амэрыканскія адносіны павярнуліся ў вельмі нэгатыўным кірунку. Тады якраз загінулі два амэрыканцы, калі іхны паветраны шар зьбілі над Беларусьсю ў верасьні 1995-га. Таксама ў часе прэзыдэнцтва Біла Клінтана нашага амбасадара прымусілі пакінуць рэзыдэнцыю ў Драздах каля Менску, разам з групай эўрапейскіх амбасадараў. Насамрэч, ужо тады мы мелі паверанага ў справах ЗША, а не амбасадара — гэта значыць, такую сытуацыю, як і цяпер, — цягам амаль году. Таму погляд адміністрацыі Клінтана на Беларусь зьмяняўся са станоўчага на адмоўны. Але я цалкам упэўнены, што Гілары Клінтан як дзяржсакратар самастойна складзе сабе думку пра Беларусь. Яна, вядома ж, будзе паінфармаваная намі з амбасады ды нашымі калегамі зь Дзяржаўнага дэпартамэнту пра сытуацыю ў Беларусі”.


Джон: "Калі амбасада ЗША адновіць выдачу ўязных візаў грамадзянам Беларусі?"

Мы ня зможам аднавіць візавыя службы да таго часу, пакуль амбасада ня будзе мець поўны камплект супрацоўнікаў
Мур:
"Дзякуй за пытаньне. Мы зь нецярпеньнем чакаем магчымасьці аднавіць візавыя службы ў Менску. Нам давялося скараціць візавыя службы ў сувязі з рашэньнем беларускіх уладаў прымусіць большасьць нашых супрацоўнікаў пакінуць Беларусь. На жаль, мы ня зможам аднавіць візавыя службы да таго часу, пакуль амбасада ня будзе мець поўны камплект супрацоўнікаў. Беларускія грамадзяне могуць атрымаць візы ў суседніх краінах – у Расеі, Украіне, Літве. Нехта нават зьвяртаецца па візу ў Грузіі, бо ёсьць наўпроставы самалётны рэйс [паміж Менскам і Тбілісі]. Нашы калегі ў іншых амбасадах ведаюць сытуацыю, ведаюць, што мы ня маем магчымасьці выдаваць візы, і яны дапамагаюць беларусам, якім патрэбныя візы".

Сяргей, Піншчына: "Паважаны спадар Мур, адкажыце, калі ласка, чаму апошнім часам стала столькі шмат адмоў па гасьцявых візах у ЗША для беларусаў, і чаму ваша пасольства не вяртае (як эўрапейцы) грошы за паслугу ў выпадку той жа адмовы?"

Мур: "Па-першае, варта зазначыць, што пераважная большасьць беларусаў, якія зьвяртаюцца па візы, атрымоўваюць іх. Наколькі я ведаю, гэта значна больш за палову, магчыма 75 працэнтаў тых, хто зьвяртаецца па візу. Гэта праўда, што ня ўсе атрымоўваюць візы – ёсьць канкрэтныя прычыны ў кожным выпадку, і кожны выпадак уважліва разглядаецца. Што тычыцца невяртаньня грошай, мы проста выконваем тыя правілы і законы, што існуюць у ЗША. Даводзіцца плаціць за разгляд дакумэнтаў незалежна ад таго, атрымаеце вы візу ці не. У некаторых краінах трэба плаціць дадатковую суму, калі вам выдаюць візу. Мы ня можам зрабіць вынятак толькі для беларусаў і вяртаць грошы. Такім чынам цяпер фінансуецца значная частка нашай консульскай, візавай працы, таму мы ня можам зрабіць вынятак толькі для Беларусі".

Віктар, Ліён: "Сп.Мур, ці да канца разумеюць ЗША, што самае галоўнае чаго пазбаўлены беларусы – гэта выбіраць сабе ўладу, прэзыдэнта? Вось ключ да перамен – мець выбар! Вы згодны? Дзякуй".

Мур: "Злучаныя Штаты моцна перакананыя, што народ Беларусі павінен мець магчымасьць выбраць шлях разьвіцьця, сваіх палітычных лідэраў, сваю ўнутраную і міжнародную палітыку. Так, адна з нашых галоўных заклапочанасьцяў (а іх шмат у сфэры правоў чалавека) – гэта недахоп магчымасьцяў для беларусаў рабіць свой ўласны выбар".

Віктар, Гомель: "Паважаны спадар амбасадар, што вы можаце сказаць аб праграме рэфармаваньня Беларусі, вядомай пад назвай "Дарожная карта" А.Мілінкевіча? Дзякуй".

Мур: "Па шчырасьці, я ня ведаю дэталяў "дарожнай мапы" спадара Мілінкевіча. Я час ад часу сустракаюся зь ім – апошні раз мы бачыліся на прыёме з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў у Злучаных Штатах месяц таму. Я думаю, што ёсьць шмат падыходаў да таго, як трэба разьвівацца Беларусі. Гэта вяртае нас да папярэдняга пытаньня – мы б хацелі, каб беларускі народ сам выбраў, як краіна мае рухацца наперад у палітыцы і эканоміцы і сацыяльнай сфэры".

Карэспандэнт: "Якое стаўленьне ЗША да умоваў, якія вылучае Беларусі Эўразьвяз?"

Усходняе партнэрства - яшчэ адзін вельмі пазытыўны знак з боку Эўразьвязу ў дачыненьні для ўсіх людзей Беларусі
Мур:
"Што тычыцца пляну Эўразьвязу і яго 12 пунктаў – яны адпавядаюць пажаданьням ЗША ў дачыненьні да Беларусі. Самі мы ня маем сьпісу з 12 пунктаў, але калі паглядзець на тыя зьмены, якія мы лічым пажаданымі, на тыя крокі, якіх мы чакаем ад беларускіх уладаў, то яны вельмі падобныя да умоваў Эўразьвязу. Таксама варта зьвярнуць увагу на нядаўняе абвяшчэньне Эўразьвязам праграмы ўсходняга партнэрства, у тым ліку для Беларусі. Гэта яшчэ адзін вельмі пазытыўны знак з боку Эўразьвязу ў дачыненьні для ўсіх людзей Беларусі, у тым ліку і да цяперашніх уладаў. Я думаю, што да гэтага трэба ставіцца сур'ёзна і разглядаць гэта як добрую магчымасьць".

Аляксей Бондар: "Спадар Мур, як вы ставіцеся да нашай "справы 14-ці", па якой мяне і большасьць іншых актывістаў асудзілі на 2 гады абмежаваньня волі, а А. Кіма – на 1,5 года пазбаўленьня волі? Ці ставяць ЗША адной з умоў паляпшэньня адносінаў з Беларусьсю адмену прысуду па гэтай справе?"

Мур:
"Мы вельмі занепакоеныя ўсімі выпадкамі, калі ў Беларусі людзей асуджаюць на палітычных працэсах ці з палітычных прычынаў. Нават сёньня, 8 сьнежня, адзін з маіх калегаў знаходзіцца на судзе над Аляксандрам Баразенкам. Мы вельмі ўважліва сочым і за справай гэтага абвінавачанага ў "справе 14-ці". Відавочна, што скасаваньне абвінавачваньняў супраць вас ды іншых асуджаных у "справе 14-ці" было б пазытыўным крокам. Мы аднак не падзяляем высновы некаторых людзей ў Беларусі, што хатні арышт у гэтых умовах раўназначны асуджэньню абмежаваньнем свабоды на гэтак званай "хіміі" ці турэмнаму зьняволеньню на 6 месяцаў ці даўжэй. Але пры гэтым мы заклапочаныя ўсімі выпадкамі палітычных прысудаў, і адмена гэтых прысудаў была б пазытыўным крокам".

Віктар, Гомель: "Шчыра дзякуй ЗША за падтрымку Радыё Свабода і ўвогуле дэмакратычнага руху на Беларусі. Лічу ЗША узорам дэмакратыі, да якога трэба набліжацца".

Мур: "Вялікі дзякуй за камэнтар. Нідзе ў сьвеце няма дасканалай дэмакратыі. Ёсьць знакамітая цытата з Ўінстана Чэрчыля, што дэмакратыя – найгоршая форма ўраду, калі не лічыць усе астатнія. Мы шмат чаму вучымся ў Злучаных Штатах – я думаю, што нашы сёлетнія прэзыдэнцкія выбары паказваюць, што дэмакратыя ў нашай краіне разьвіваецца, і я ганаруся гэтым. Дзякуй вам за добрыя пажаданьні".

Кірыл: "Шаноўны сп. Мур, я чуў, што праграма падтрымкі дэмакратычнага руху Беларусі, якую каардынаваў USIS, перагледжаная і скарочаная на карысьць іншых, не зьвязаных з прадэмакратычнымі НДА. Пракамэнтуйце, калі ласка".

Што тычыцца праграмы малых грантаў амбасады. Мы спадзяемся аднавіць яе ў іншай форме ў даволі хуткім часе
Мур:
"Дзякуй за пытаньне. Я думаю, што вы пытаецеся пра праграму малых грантаў нашай амбасады. Гэтую праграму ладзіла камісія па дэмакратыі праз аддзел грамадзкіх спраў амбасады. Калі пытаньне пра гэта, то так, мы спынілі гэтую праграму. Мы працуем над тым, каб аднавіць яе ў крыху іншай форме. Мы працягваем намаганьні працаваць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, але мы маем шэраг недзяржаўных арганізацый, якія выступаюць як партнэры ў гэтай сфэры. Што тычыцца праграмы малых грантаў амбасады. Мы спадзяемся аднавіць яе ў іншай форме ў даволі хуткім часе".

АК: "Может ли житель Беларуси купить жильё в США и даёт ли эта покупка право жить там?"

Мур: "Беларусы могуць набыць маёмасьць у ЗША. Яны могуць купіць дом, могуць купіць зямлю, могуць браць нешта ў арэнду. Але само па сабе валоданьне маёмасьцю ў ЗША не дае вам права жыць там. Каб жыць у ЗША, трэба мець адпаведны юрыдычны статус".

Даша, Менск: "Ёсьць вялікія праблемы з інтэрнэт-шопінгам у ЗША. Большасьць інтэрнэт крамаў адмаўляюцца высылаць тавары ў Беларусь, хаця адсылаюць, напрыклад, у Літву. Як можна паўплываць на сытуацыю? Бо беларусы б з задавальненьнем набывалі рэчы ў ЗША".

Мур:
"Гэта цікавае пытаньне. Я не задумваўся пра інтэрнэт-закупкі са Злучаных Штатаў. Некаторыя кампаніі маюць засьцярогу, ці дойдзе да адрасата тое, што будзе замоўлена і даслана. Я чуў гісторыі пра цяжкасьці з атрыманьнем пасылак у Беларусі. Калі вы не атрымаеце пасылкі, то можаце выставіць рахунак кампаніі на вяртаньне грошай. У сэнсе фінансавых апэрацый, Беларусь пакуль што яшчэ ня тое месца, дзе амэрыканскія кампаніі могуць актыўна рабіць свой бізнэс. Натуральна, цяпер яшчэ й вельмі цяжкая агульная эканамічная сытуацыя. Я думаю, што з разьвіцьцём і рэфармаваньнем эканамічнай і банкаўскай сфэры ў Беларусі, такія магчымасьці зьявяцца ў будучыні".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG