Усе прысутныя віншавалі Джонатана Мура з абраньнем прэзыдэнта Злучаных Штатаў. Прыём адбываўся раніцай у канфэрэнц-залі гатэля “Crone Plaza”, дзе на вялізным экране трансьляваліся апошнія навіны пра ход выбараў.
Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур, камэнтуючы “Свабодзе” вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, выказаў упэўненасьць у тым, што зьнешняя і ўнутраная палітыка ЗША істотна ня зьменіцца.
На пытаньне, чым абумоўлена такая высокая актыўнасьць выбаршчыкаў, Джонатан Мур адказаў наступнае:
“За апошнія восем гадоў зьмянілася сьвядомасьць амэрыканскага народу. Гэта было ня восем, а больш за сем гадоў таму, калі мы пацярпелі ад жудаснай тэрарыстычнай атакі. Натуральна, мы праявілі цікавасьць да такіх краінаў, як Ірак і Аўганістан.
Цяпер мы знаходзімся ў вельмі складаным эканамічным становішчы. У нас былі вельмі цікавыя выбары: упершыню кандыдатам у прэзыдэнты стаў афраамэрыканец. Другі раз у нашай гісторыі віцэ-кандыдатам была жанчына. Гэта паўтарэньне гісторыі 50-гадовай даўніны, калі абодва кандыдаты ўпершыню балятуюцца ў Белы дом. Ніводзін зь іх ня быў ні прэзыдэнтам, ні віцэ-прэзыдэнтам дагэтуль.
І ўвогуле такія цікавыя рэчы, якія адбываюцца як ува ўсім сьвеце, так і ў нас дома, у Злучаных Штатах, зрабілі гэтыя выбары такімі цікавымі”.
Лідэры дэмакратычных партый і аб’яднаньняў упэўненыя, што пры новым прэзыдэнце Бараку Абаму палітыка ЗША ў дачыненьні да Беларусі ня зьменіцца.
Гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька:
“Маккейн быў заангажаваны ў беларускім пытаньні, а ў Абамы ёсьць вельмі моцны экспэрт па Ўсходняй Эўропе і Расеі — віцэ-прэзыдэнт Байдэн і моцная каманда. Калі й чакаць нейкага пагаршэньня, то з боку беларускага рэжыму, а не грамадзянаў Беларусі і Аб’яднаных дэмакратычных сілаў”.
Намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка выказаў сваё меркаваньне:
“Акт аб дэмакратыі”, які прымаўся амэрыканскім Кангрэсам, заўсёды быў біпартыйны. Гэта значыць, што ён ініцыяваны і сэнатарамі, і дэпутатамі ніжняй палаты з абедзьвюх — рэспубліканскай і дэмакратычнай — партый.
Прафэсіяналы, якія займаюцца зьнешняй палітыкай у дзяржаўным Дэпартамэнце, — у прынцыпе, іх корпус застаецца”.
Аляксандар Казулін дадаў:
“Ён чалавек яшчэ не дасьведчаны ў зьнешняй палітыцы і ў першую чаргу будзе аддаваць увагу ўнутраным праблемам краіны. Я сустракаўся з галоўным дарадцам выбарчага штабу Абамы і бачыў, што пра сытуацыю ў Беларусі яны ведаюць вельмі мала.
Вядома, нам спатрэбіцца нейкі час, каб пытаньне пра Беларусь вярнулася ў тую ж плоскасьць”.
Усе прысутныя віншавалі прадстаўнікоў амбасады ЗША. Палітыкі адзначалі, што абраньне новага прэзыдэнта Злучаных Штатаў паскорыць распаўсюд дэмакратычных каштоўнасьцяў па ўсім сьвеце.