Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Д.Мур: Мы спадзяваліся, што выбары пройдуць лепш


"ЗША не прызнаюць беларускіх выбараў, але будуць шукаць магчымасьці, каб будаваць адносіны", – заявіў кіраўнік амэрыканскай амбасады ў Менску.

"Магчыма, хтосьці меў ілюзіі наконт таго, што некаторыя апазыцыянэры будуць прызначаныя ў парлямэнт. Але мы ніколі не казалі аб выніках выбараў — мы казалі пра ўмовы правядзеньня выбарчай кампаніі… Думка пра тое, што ЗША і ЭЗ будуць задаволеныя "цудоўным" зьяўленьнем прадстаўнікоў апазыцыі ў парлямэнце, нягледзячы на недэмакратычныя выбары, проста сьмешная", – заявіў агенцтву БелаПАН часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур.

Дыплямат дадаў, што “гэта ніколі не было пазыцыяй ЗША або ЭЗ".

ЗША разьлічваюць, што дыялёг з Беларусьсю будзе больш прадуктыўным, кажа спадар Мур. Парлямэнцкія выбары, што прайшлі ў Беларусі, паводле ягоных слоў, давалі добрую магчымасьць для паляпшэньня двухбаковых адносінаў.

"Мы спадзяваліся, што яны пройдуць лепш. Было зроблена шмат абяцаньняў аб паляпшэньнях, але гэтыя абяцаньні не былі выкананы, — сказаў дыплямат. — Аднак выбары не зьяўляюцца адзінай магчымасьцю — у Эўразьвязу, напрыклад, ёсьць сьпіс з 12 умоваў. Мы будзем шукаць іншыя магчымасьці, на аснове якіх мы зможам будаваць нашы адносіны і ісьці далей".

ЗША спадзяюцца на аднаўленьне ранейшай колькасьці сваіх супрацоўнікаў у амбасадзе ў Беларусі.

"Мы працуем у складзе чатырох-пяці дыпляматаў на працягу шасьці з паловай месяцаў, — сказаў кіраўнік місіі Джонатам Мур. — Мы можам рабіць многае, але хацелі б рабіць значна больш. Напрыклад, зноў распачаць выдачу візаў беларускім грамадзянам у Менску".

Часовы павераны падкрэсьліў, што ЗША ніколі не абмяжоўвалі колькасьці беларускіх дыпляматаў на сваёй тэрыторыі:

"Мы б хацелі аднавіць ранейшую колькасьць супрацоўнікаў у нашым пасольстве. Мы думаем, што Беларусь таксама выйграла б ад павелічэньня колькасьці сваіх дыпляматаў у ЗША, — сказаў Дж.Мур. — Але я думаю, што вырашэньне гэтага пытаньня зойме яшчэ некаторы час".

Адносіны Беларусі і ЗША пагоршыліся ў сакавіку 2008 году пасьля таго, які Вашынгтон распаўсюдзіў эканамічныя санкцыі на тыя беларускія прадпрыемствы, у якіх доля канцэрну "Белнафтахім" складае 50% і болей. З Вашынгтона для кансультацый быў адкліканы пасол Беларусі Міхаіл Хвастоў. 12 сакавіка Менск на патрабаваньне беларускага боку Менск пакінула амбасадарка ЗША Карэн Ст'юарт.

Амэрыканскаму боку было рэкамэндавана скараціць колькасьць супрацоўнікаў дыпмісіі. 27 сакавіка Мінск пакінулі 17 амэрыканскіх дыпляматаў. 31 сакавіка Беларусь скараціла пэрсанал сваёй амбасады ў Вашынгтоне і прапанавала ЗША зрабіць тое ж самае. Пасьля таго як Злучаныя Штаты адмовіліся скарачаць колькасьць сваіх супрацоўнікаў, 30 красавіка МЗС Беларусі аб'явіў 10 амэрыканскіх дыпляматаў пэрсонамі нон грата. 3 траўня яны пакінулі Беларусь.

* * *
У лістападзе 2006 году Эўразьвяз паабяцаў выгадныя эканамічныя і гуманітарныя прапановы народу Беларусі — у выпадку, калі беларускія ўлады вызваляць палітвязьняў, дэмакратызуюць выбарчую сыстэму і будуць выконваць іншыя абавязаньні. Ніжэй — сьпіс "12 умоваў Эўразьвязу".

"Эўразьвяз заклікае, каб беларускія ўлады:

1. Паважалі права народу Беларусі выбіраць сваіх лідэраў дэмакратычным шляхам — іх права чуць усе меркаваньні й бачыць усіх кандыдатаў на выбары; права апазыцыйных кандыдатаў і групаў падтрымкі праводзіць кампаніі без прыгнёту, судовага перасьледу або турэмнага зьняволеньня; незалежнае назіраньне за выбарамі, беларускімі няўрадавымі арганізацыямі ўключна; права волевыяўленьне й права на справядлівы падлік галасоў.

2. Паважалі права народу Беларусі на незалежную інфармацыю, а таксама на свабоду слова, у прыватнасьці, дазволіўшы журналістам працаваць без прыгнёту або судовага перасьледу, не закрываючы газэтаў і не замінаючы іх распаўсюджваньню.

3. Паважалі правы грамадзкіх арганізацыяў як жыцьцёва важнай часткі здаровай дэмакратыі — не ўскладняючы іх законнага існаваньня, не прыгнятаючы і не перасьледуючы чальцоў грамадзкіх арганізацыяў і дазваляючы ім атрымоўваць міжнародную дапамогу.

4. Вызвалілі ўсіх палітычных зьняволеных — чальцоў дэмакратычных апазыцыйных партыяў і звычайных грамадзянаў, арыштаваных падчас мірных дэманстрацый і сустрэчаў.

5. Належным чынам правялі незалежнае расьсьледаваньне або перагледзелі выпадкі са зьнікненьнем грамадзянаў.

6. Забясьпечылі права народу Беларусі на незалежную і непрадузятую судовую сыстэму, дзе судзьдзі б не траплялі пад палітычны ціск, не праводзіліся б адвольныя і неабгрунтаваныя крымінальныя перасьледы альбо не прымаліся б палітычна матываваныя рашэньні — такія, як арышт грамадзянаў, якія мірна выказваюць свае погляды.

7. Спынілі адвольныя арышты, затрыманьні й нягоднае абыходжаньне зь людзьмі.

8. Паважалі правы грамадзянаў Беларусі, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

9. Паважалі працоўныя правы грамадзянаў Беларусі, у прыватнасьці, іх права на сяброўства ў прафсаюзах, і права прафсаюзаў дзейнічаць у абарону правоў чалавека.

10. Паважалі правы грамадзянаў Беларусі на прадпрымальніцкую дзейнасьць без празьмернага ўмяшаньня ўладаў.

11. Далучыліся да другіх народаў Эўропы і забаранілі пакараньне сьмерцю.

12. Выкарысталі падтрымку, якую прапаноўваюць Беларусі АБСЭ, ЭЗ і іншыя арганізацыі, каб дапамагчы ёй захоўваць правы чалавека".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG