Адвакат Зьміцер Гарачка наведаў Эмануіла Зэльцэра ў шпіталі Магілёўскай калёніі, куды амэрыканец патрапіў болей за тыдзень таму. Сустрэча цягнулася гадзіну. Зьміцер Гарачка не хавае сваёй надзвычайнай занепакоенасьці станам здароўя падабароннага.
“Яму ўсё горш. Скардзіцца на ногі. Кажа, да двух гадзінаў дня хадзіць увогуле не можа, потым болей-меней. Адчувае сябе вельмі дрэнна. Як я бачу, становішча пагаршаецца. Зараз я бываю ў яго два разы на тыдзень і бачу, што ўсё горш і горш”.
Паводле Гарачкі, таксама ў Зэльцэра вялікі ціск, ён пакутуе на шэраг хранічных захворваньняў, у тым ліку падагру. Лекі, якія ён ўжываў у ЗША, пасьля арышту ў менскім аэрапорце ў яго адабралі, назвалі іх наркатычнымі і нават абвінавацілі Эмануіла Зэльцэра ў кантрабандзе наркотыкаў. Праўда, суд гэтыя абвінавачаньні з амэрыканца зьняў, але карыстацца гэтымі лекамі яму не дазволілі. 20-га лістападу да Эмануіла Зэльцэра ў турму прыходзілі супрацоўнікі амбасады ЗША, яны перадалі асуджанаму некаторыя лекі амэрыканскай вытворчасьці. Аднак, кажа спадар Гарачка, гэта не вырашыла праблему лекаў.
“Усё ж гэта ня тое, што трэба, хаця і лепш, чым было. Яму патрэбныя больш моцныя лекі, а ня тыя, якія яму тут прапаноўваюць”.
Які псыхалягічны стан вязьня? Дагэтуль ён не прызнае сябе вінаватым, кажа , што калісьці справядлівасьць у ягонай справе пераможа, але ці спадзяецца Зэльцэр дачакацца гэтага часу. Вось як адказвае на гэта пытаньне Зьміцер Гарачка.
“Што яго там ня будзе, ён не сумняецца, але пытаньне, кажа, якім чынам: ён выйдзе сам ці яго вынесуць?! І я бачу, што ён мае рацыю. Не перабольшваю, а кажу тое, што ёсьць”.
Адвакат Зьміцер Гарачка па-ранейшаму ўстрымліваецца ад падрабязных камэнтараў адносна таго, чаму Эмануіла Зэльцэра дагэтуль не памілавалі, як чакалі назіральнікі, і хто зацікаўлены ў тым, каб амэрыканца трымалі ў беларускай вязьніцы без ўліку стану ягонага здароўя.
“Распавесьці ёсьць што, але мой падабаронны і я, як ягоны адвакат, зьвязаныя па руках грыфам сакрэтнасьці гэтай справы”.
Паводле Зьмітра Гарачкі, адміністрацыя Магілёўскай калёніі №15, дзе ўтрымліваюць Зэльцэра, не стварае штучных перашкод для сустрэч зь ім адваката.
Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку, просіць накіраваць ягонага брата Эмануіла Зэльцэра для лячэньня ў рэспубліканскі турэмны шпіталь, дзе, як ён лічыць, лепшыя ўмовы.
Нагадаю, Эмануіла Зэльцэра прызналі вінаватым у камэрцыйным шпіянажы і пакаралі трыма гадамі зьняволеньня. Шмат хто лічыць, што Зэльцэр стаў ахвярай інтрыг вакол спадчыны памерлага грузынскага алігарха Бадры Патаркацышвілі, чые даручэньні ён выконваў як адвакат.