Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога кандыдата абавязалі вярнуць “выбарчыя” грошы


Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі
Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Жана Андрэйчык разгледзела з удзелам перакладчыка пазоў акруговай камісіі на спагнаньне “выбарчых” грошай з былога кандыдата ў дэпутаты ад Аб’яднаных дэмсілаў Кастуся Жукоўскага. Спадар Жукоўскі абавязаны вярнуць са сваёй кішэні на рахунак Буда-Кашалёўскага райвыканкаму больш як мільён семсот тысяч рублёў, якія былі выкарыстаныя на перадвыбарчыя ўлёткі.

На сёньняшняе паседжаньне, як запатрабаваў былы кандыдат у дэпутаты, суд запрасіў перакладчыцу з расейскай на беларускую мову — дацэнта катэдры беларускай мовы Дзяржунівэрсытэту імя Францыска Скарыны Натальлю Цімашэнку.

“Я хацеў, — патлумачыў спадар Жукоўскі, — каб суд быў на беларускай мове. Гэта — мая мова родная. А то атрымліваецца, як у показцы: вешаюць ды яшчэ патрабуюць вяроўку з сабой прывалачы”.

Літаральна зь першай хвіліны судовага паседжаньня ўзьнікла непаразуменьне. Зачытаўшы правы па-беларуску, перакладчыца сказала Жукоўскаму, што зараз у яго трэба “адабраць подпіс”. Адказчык зьдзівіўся: “У мяне подпіс можна толькі “ўзяць”. А як ад мяне яго “адабраць”?

Судзьдзя Андрэйчык нават запыталася ў Кастуся: “Дзе ён навучыўся так добра размаўляць па-беларуску?” Бо цяпер, як лічыць судзьдзя, “даже в деревне разговарівают на каком-то смешанном русско-белорусском языке”.

“Дык у мяне род такі, памяць генэтычная захавалася — усе размаўлялі на мове, дадзенай Богам”, — патлумачыў Кастусь Жукоўскі.

Агучваючы пазоў акруговай камісіі, дацэнт перакладала, што Жукоўскі быў зарэгістраваны “акружной выбарачнай” камісіяй кандыдатам у дэпутаты “Палаты старшынь”. “Ізбірательный кодекс” перакладаўся таксама як ”Выбарачны кодэкс”, “расчетный счет” як ”разьліковы лік”, “частічно” як ”частотна”.

З прэтэнзіямі выбарчай камісіі Кастусь Жукоўскі не пагадзіўся. Але не з-за перакладу. Былы кандыдат заявіў, што ня верыць у аб’ектыўнасьць суду: “Гэта — судзілішча”. Судзьдзя пацікавілася: “Таму што ў нас няма малатка”?

“Не, — адказаў Жукоўскі. — Вы ня ёсьць незалежныя. Але гэта сьмяротны грэх — судзіць так, як скажуць”.

Спадар Жукоўскі апавёў, што сваю кандыдатуру з выбараў у Буда-Кашалёўскай акрузе № 38 ён зьняў у першы дзень датэрміновага галасаваньня з прычыны няроўных умоваў вядзеньня перадвыбарчай агітацыі з кандыдатам ад улады Уладзімерам Кужанавым. Апрача таго, у склад участковых выбарчых камісіяў мясцовыя ўлады не ўключылі ніводнага з шаснаццаці прапанаваных прадстаўнікоў дэмсілаў.

На сяброў ініцыятыўнай групы чыніўся ціск — звольнілі з працы ня толькі самога Жукоўскага, але й кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы Алеся Сівакова. Усё гэта, на думку кандыдата, — слушныя матывы адмовы ад удзелу ў выбарах.

Пасьля абвяшчэньня рашэньня суду былы кандыдат у дэпутаты Жукоўскі заявіў:

“Рашэньне было цалкам чаканае. Пра што я й сказаў у сваім слове. Гэта проста „Закрытае акцыянэрнае таварыства Рэспубліка Беларусь“, у якім — адзін уладальнік акцыяў. Я лічу, што выбары былі несумленнымі, умовы — няроўнымі. Але я не зьбіраюся хавацца — буду сплачваць грошы і далей ня буду судзіцца. Праз чатыры гады я зьбіраюся ў гэтай жа акрузе зноў балятавацца кандыдатам на выбарах. Таму „чорны піяр“ сабе рабіць ня варта. А калі зьменіцца ўлада, мы прынясем гэтую заяву ў суд яшчэ раз, каб разгледзелі й вярнулі грошы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG