Па-беларуску зьвяртаюцца да выбарцаў, па-беларуску заносяць прозьвішчы ў падпісныя аркушы.
Гаворыць вылучэнец АДС, актывіст стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Кастусь Жукоўскі:
“Мы вядзем кампанію збору подпісаў выключна па-беларуску, зьвяртаемся да людзей па-беларуску. Канешне, калі сустракаецца эмігрант — у нас ён жыве й ня разумее насамрэч беларускай мовы, мы зь ім размаўляем па-расейску, бо мы ня дзелім людзей паводле моваў. За рэдкім выключэньнем, усё вядзецца па-беларуску”.
Трыццаць восьмая акруга, дзе група спадара Жукоўскага зьбірае подпісы, ахоплівае тры раёны — Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Чачэрскі й невялікую частку Жлобінскага раёну. Тут жыве шмат людзей са сваімі традыцыямі й звычкамі.
Як жа ставяцца людзі да беларускамоўнай ініцыятыўнай групы?
Спадарыня Вольга, сябра групы, зборшчыца подпісаў:
“Людзі ставяцца добра і падтрымліваюць, калі размаўляеш на роднай мове. Але некаторыя глядзяць зьдзіўленымі вачыма”.
У зборшчыка подпісаў Сьвятаслава набралася больш назіраньняў. Іншы раз яму даводзілася сутыкацца нават зь непрыязьзю:
“Як калі. Некаторыя людзі ўвогуле лічаць беларускую мову мовай апазыцыі. І мне аднойчы было сказана, што беларуская мова — гэта мова ворагаў. Гэта — ня нашая. Я спытаў: “Прабачце, калі ласка, а што — беларусы ўжо ня нашыя й мова ня нашая”? Па-другое, багата парушэньняў. Напрыклад, у адной вёсцы ў Буда-Кашалёўскім раёне настроілі людзей, і на мяне кідаліся з кулакамі. Нашыя канкурэнты, я ня ведаю, якога кандыдата, прама казалі выбарцам: “За Кастуся галасаваць нельга”. Гэта грубае парушэньне. Мы толькі зьбіраем подпісы, а супраць нас ужо агітуюць.
У Хальчы Веткаўскага раёну нам казалі, што міліцыянт праехаў па вёсцы й папярэдзіў выбарцаў, што подпіс можна ставіць толькі адзін раз — і больш ні за кога нельга аддаваць свае подпісы”.
Зборшчык Андрэй паведаміў, што сутыкаўся з даволі своеасаблівай сытуацыяй, калі за беларускамоўнага прэтэндэнта ў кандыдаты ставілі подпісы, даведаўшыся, што ён ідзе на выбары не ад улады:
“Людзі пераважна з даверам ставяцца да тых, хто зьбірае подпісы. Кажуць адзін аднаму: вось тут малады размаўляе па-беларуску. Іншы раз крыху дзівяцца, але ставяцца добра. У маім выпадку, як гэта тут сфармуляваць, своеасаблівым пропускам на подпіс былі словы, калі я казаў пра Кастуся Жукоўскага, што ён не кагэбэшнік, што ён не ад улады. І гэта было пропускам — чалавек ставіў подпіс”.