Лех Качыньскі спачатку размахнуўся на грандыёзныя ўрачыстасьці – адмысловыя запрашэньні былі дасланыя кіраўнікам многіх дзяржаваў, прычым ня толькі Эўразьвязу. У тым ліку і прэзыдэнту ЗША Джорджу Бушу, які выконвае свае абавязкі яшчэ да сярэдзіны студзеня. Усяго разьлічваюць на больш чым паўтары тысячы гасьцей. Распавядае ўласны карэспандэнт агенцтва РИА “Новости” ў Варшаве Леанід Сьвірыдаў:
“Раней паведамлялася, што запрашэньні былі дасланыя кіраўнікам 55 дзяржаваў. Потым лічба з 55 упала да 20. На сёньняшні дзень мы ведаем, што будуць прэзыдэнты Літвы, Латвіі, Эстоніі, прэзыдэнты Сэрбіі і Харватыі ды канцлер Нямеччыны Мэркель. Натуральна, яшчэ прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі і, магчыма, прэзыдэнт Украіны Юшчанка. Што тычыцца кіраўнікоў дзяржаў, гэта ўсё”.
Да таго ж, у самой Польшчы стаўленьне да гэтага балю неадназначнае. Яго вырашылі праігнараваць прэм'ер Дональд Туск, абодва віцэ-прэм'еры, амаль усе міністры, за выключэньнем міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага. На прэзыдэнцкі баль не запрошаны былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса, невядома, ці будзе там першы прэзыдэнт Польшчы Войцэх Ярузэльскі.
Урачыстасьці пачнуцца раніцай ля магілы невядомага жаўнера, потым гасьцей чакаюць у Каралеўскім замку. А ўвечары ў Тэатры Нарадовым адбудзецца сам баль. На ім абавязковы дрэс-код – мужчыны павінны быць у смокінгах.
Зь беларусаў на баль запрошаныя былы сьпікер Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч і экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта 2006 году ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч з жонкамі. Гутару з Аляксадрам Мілінкевічам:
Карэспандэнтка: “Вы таксама будзеце ў смокінгу?”
“Так, гэта абавязковы строй, арганізатары папярэджвалі некалі разоў. Абавязкова буду ўпершыню ў смокінгу”.
Карэспандэнтка: “А прымяралі, зручна яго насіць?”
“Нармальна, нармальна! Толькі апранаеш – і такая ўжо ўрачыстая фігура атрымліваецца. Нейкі я ня той, самому цікава”.
Карэспандэнтка: “Ці будзеце вы выкарыстоўваць магчымасьць дзелавых сустрэч, перамоваў”
“Так, нават заплянавана гэта. Па-першае, для кіраўнікоў краінаў будзе абед у Палацы прэзыдэнта, а потым будзе вячэра ў Тэатры опэры, там так і напісана: “неафіцыйныя размовы”. З тых, каго ведаю, я абавязкова хацеў бы перагаварыць з усімі: гэта прэзыдэнты Літвы, Латвіі, Эстоніі, гэта Ангела Мэркель. Паспрабую як мага больш перагаварыць. Гэта вельмі важна – размовы ў неафіцыйнай абстаноўцы”.