Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэханізмы дыктатуры на прыкладзе Беларусі


Жан-Шарль Ляльмань і Вірджынія Шыманец
Жан-Шарль Ляльмань і Вірджынія Шыманец

Пра дачыненьні Беларусі і Францыі ў інтэрвію “Свабодзе” разважае парыскі палітоляг Жан-Шарль Ляльмань, суаўтар кнігі “Беларусь — мэханіка дыктатуры”.


Сябра Беларускага камітэту ў Францыі палітоляг Жан-Шарль Ляльмань мяркуе, што ў адносінах з афіцыйным Менскам Парыж пераважна дзейнічае ў рэчышчы агульнаэўрапейскай палітыкі. Навуковец перакананы, што яшчэ трэба шмат чаго зьмяніць, каб паміж Францыяй і Беларусьсю зьявіліся рэгулярныя і трывалыя сувязі.

“У Францыі ёсьць і яшчэ будуць ініцыятывы адносна Беларусі ў розных сфэрах — культурных, эканамічных, гандлёвых і іншых. Але аб’ём іх пакуль мала заўважны. Няма патрэбнага размаху”.

Жан-Шарль Ляльмань мае асабісты інтарэс да Беларусі. Ягоны дзядуля-габрэй паходзіў зь мястэчка Шамава Горацкага раёну, ён пераехаў у Францыю ў 1927 годзе, а ў мінулую вайну загінуў у Асьвенціме. Дзед ня змог нічога распавесьці пра Беларусь маці Жана-Шарля: ёй было толькі два гады, калі яго арыштавалі нацысты.

Сваю цікавасьць да Беларусі Жан-Шарль Ляльмань рэалізоўваў ва ўнівэрсытэце і пазьней у сваіх дасьледаваньнях як палітоляг. Спадар Ляльмань часта бываў у Беларусі. Цяпер ён працуе памочнікам дэпутаткі Нацыянальнай асамблеі Францыі ад Партыі зялёных.

На думку спадара Ляльманя, у францускім парлямэнце палітыкі значна меней цікавяцца Беларусьсю, чым у Эўрапарлямэнце:

“Увогуле ў Нацыянальнай Асамблеі няма амаль ніякай цікавасьці да Беларусі... Але ня ўсё так змрочна: бывае, што мы разам зь іншымі няўрадавымі арганізацыямі ініцыюем запыты дэпутатаў да ўраду Францыі з нагоды падзей і сытуацыі ў Беларусі”.

У прыватнасьці, былі запыты ад імя дэпутатаў францускага парлямэнту да ўраду Францыі аб вывучэньні справядлівасьці судовага перасьледу беларускага навукоўца Юрыя Бандажэўскага, наконт ацэнкі беларускай урадавай праграмы рэабілітацыі радыяцыйна забруджаных зямель, аб дапамозе беларускім палітзьняволеным. Апошняй была ініцыятыва аб зьніжэньні кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў. Запыты гэтыя перадаваліся ва ўрад, публікаваліся ў афіцыйных бюлетэнях, нейкім чынам рэалізоўваліся і сталіся знакам увагі да Беларусі, мяркуе Жан-Шарль Ляльмань.

Вокладка кнігі
Спадар Ляльмань асабіста напісаў нямала артыкулаў і кніг аб Беларусі. Апошнюю сваю кнігу, “Беларусь — мэханіка дыктатуры”, выдадзеную ў 2007 годзе, ён напісаў у суаўтарстве з кіраўніцай францускай суполкі “Беларускія пэрспэктывы” Вірджыніяй Шыманец.

Жан-Шарль Ляльмань зазначае, што ў гэтай кнізе аўтары імкнуліся паказаць станаўленьне рэжыму Лукашэнкі, які мае свае карані і ў савецкім мінулым, і ў часах няўстойлівай беларускай дэмакратыі 1991—1994 гадоў, імкнуліся адлюстраваць ушчамленьне беларускай мовы, культуры, незалежных СМІ ў Беларусі, усталяваньне дзяржаўнай ідэалёгіі, рэпрэсіі супраць іншадумцаў, супраць нацыянальных і іншых меншасьцяў.

“Апрача таго, мы хацелі напісаць у гэтай кнізе, што мэханізмы дыктатуры былі ў асноўным усталяваныя вельмі хутка. За два гады ўсё ўжо было ўсталявана”.

Спадар Ляльмань кажа, што аўтары хацелі на беларускім прыкладзе папярэдзіць іншых, што заняпад дэмакратыі і прыход дыктатуры можа адбыцца за лічаныя гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG