Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы – міжнародна бяспраўныя


Зыскі ў пракуратуру
Зыскі ў пракуратуру

Жыхарка Гомеля спадарыня Грохатава празь незарэгістраваны праваабарончы цэнтар “Вясна” спрабавала падаць зыск на Міністэрства абароны ў Міжнародны суд па правах чалавека ў Страсбуры.



Дагэтуль цягам трох год былі шматлікія пісьмовыя звароты да вышэйшых чыноўнікаў Цэнтральнага вайсковага шпіталю, міністэрства, Генэральнай ды вайсковай пракуратураў. У адказ адно – “у задавальненьні патрабаваньняў адмовіць”. “Перапіскі скончыліся адпіскамі!” – лічыць Зінаіда Сяргееўна.

Сёньня спадарыня Грохатава не зьвяртаецца, а патрабуе:

“Я патрабую прызначэньня вайсковай пэнсіі й ільгот, кампэнсацыі за маральныя выдаткі майму адзінаму сыну – за фізычныя пакуты, душэўны надлом. Перад сынам быў адкрыты сьветлы шлях у творчасьці і асабістым жыцьці. Але ўсё ператварылася ў разьбітыя мары – мы жывем на плошчы ў 20 мэтраў. Мой сын перад войскам хадзіў на мыліцах, калолі “біцэлін-5”. Аддала ўсё, што мела, каб паставіць на ногі. І дабілася стану рэмісіі. Але яго ўсё роўна прызвалі...”

42-гадовага спадара Грохатава дагэтуль добра памятаюць ў менскіх музычных колах, як таленавітага аранжыроўшчыка ды музыку. Паразу на невядомы вірус атрымаў за два гады да войску. Тады ставілі дыягназ “паліатрыт, кан’юктывіт”. Але, як вы чулі, хваробу ўдалося прыпыніць. Непапраўнае адбылося зь ім, годным, дарэчы, толькі да нестраявой службы, за два месяцы да звальненьня. Уладзімер распавядае:

“Я служыў у аркестры. Па Якуба Коласа і зараз існуе ўпраўленьне 2-й арміі СПА – вайсковы гарадок. Мяне туды кінулі на будаўніцтва
Войска мяне зрабіла інвалідам ...
дому для вышэйшага каманднага саставу. Я стаяў днямі па калена ў гліне з вадой у падвале. І ад перападу тэмпэратур мяне паралізавала. Маёр Балахнін, мой непасрэдны камандзір, сказаў, што непадпарадкаваньне – суд, трыбунал, дысбат. З-за маёра Балахніна войска мяне зрабіла інвалідам. Мой дыягназ – хвароба Бехцерава. З гадамі ў мяне асеў пазваночнік. Быў рост 188 см, цяпер менш на 12 см. Практычна не гнецца. Бывае, 3-4 дні не магу выйсьці з кватэры, абапірацца на ногі. Дзікі боль! Давялося перанесьці хіміятэрапіі. Закачваюць навакаінам, каб суставы не камянелі...”

Зараз Уладзімір Грохатаў – інвалід другой групы. Пры гэтым вайсковымі (!) мэдыкамі прызнана, што абвастрэньне было “атрымана ў пэрыяд вайсковай службы”. Але вайсковую пэнсію не даюць, бо ў частцы не прызнаюць, што на будаўніцтве генэральскага дому ён працаваў па загаду.

“Абавязаны мне яе даць! – перакананы Уладзімер. – Мяне камісавалі, значыць, прызналі сваю віну – я праваляўся 2 месяцы ў шпіталі. Пэнсія артыста аркестра 180 тысяч – на 30 тысяч ніжэй за ўзровень беднасьці. За яе можна хіба ў гаспадарчую краму схадзіць, каб купіць вяроўчыну з мылам...”

Кіраўнік незарэгістраванага праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі кажа, што дакумэнтаў дастаткова для падачы зыску ў Страсбург.

Алесь Бяляцкі
“Адназначна з папер вынікае, што захворваньне атрымаў, служачы ў войску, маючы хваробу, якая дала такія кепскія наступствы. Дзяржава магла б несьці адказнасьць, калі б Страсбурскі суд прызнаў, што ў гэтай сытуацыі яна не выконвае абавязкаў перад грамадзянінам. Але Беларусь не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы. Гэта, безумоўна, “заслуга” Аляксандра Рыгоравіча, што пасьля канстытуцыйнага перавароту 1996-а Беларусь пазбавілі статусу спэцыяльна запрошанага ў Раду Эўропы, і адпаведна нашы грамадзяне міжнародна бяспраўныя. І церпяць, у першую чаргу, беларускія грамадзяне, у прыватнасьці, Уладзімер Грохатаў...”

Уладзімер і яго маці, між іншым, таксама інвалід па зроку, ня думаюць спыняцца. Пакуль у айчынныя суды будуць пададзеныя зыскі ўжо на Міністэрства абароны.

“Так, бо мяне войска зрабіла інвалідам і зыходзіць ад абавязкаў і пакараньня. Яны нават не даюць мне вайсковую пэнсію, каб я мог хоць неяк сябе ўтрымліваць. На лекаваньне, увогуле, не хапае. Канешне, буду падаваць!”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG