Сёньня Мікалай Халезін разважае пра тое, чаму трупа не жадае пакідаць Беларусь, шукаць прытулку і славы на Захадзе.
– Cябры пытаюцца: “Чаму ты не зьяжджаеш? Навошта сядзіш тут – у цябе ж такія ўмовы ў Эўропе: можаш працаваць, можаш заключаць кантракты. І жыць там – добра, вольна, як ты гэтага хочаш…”
Адказваю: “Не, бо тут жа застаяцеся вы. Застаецца мой любімы бацька. Мой брат. Мае любімыя цешча й цесьць. Ужо з-за гэтага не магу адсюль зьехаць”…
Пытаюцца гледачы: “Чаму вы не ад’яжджаеце? Выступаеце тут на нейкіх затурканых пляцоўках, у нейкіх барах, кватэрах… А ў Эўропе: швэдзкі Каралеўскі тэатар, гэтаксама для вас – лепшыя сцэны Нью-Ёрку, Парыжу…Чаму не зьяжджаеце?”
Адказваем: “Таму што ёсьць вы, і мусім быць побач… Наш абавязак – іграць для вас: няма лепшых гледачоў, чым тыя, якія тут, на радзіме”…
Супрацоўнікі адміністрацыі прэзыдэнта пытаюцца: “Калі вы ўжо зьедзеце?! Каб тое адбылося, можам нават білеты купіць! Вы ж там у такіх умовах, а тут…”
Адказваю: “Не, не магу ехаць туды, таму што там – няма вас. Тых, хто робіць усё для таго, каб у нас былі лепшыя гледачы. Каб яны так добра нас разумелі”. У адказ чую: “Табе абы насьміхацца над намі!” – “Не, мне не да жартачак…”
Але…
Я нават і сам ня ведаю: чым, як пераканаць чынавенства ў сваёй матывацыі заставацца ў сваім доме, не мяняць яго на чужы.
Не магу ўцямна патлумачыць і сябрам: чаму заўсёды вяртаемся сюды і ставім спэктаклі ў паўразбураным пакоі…
Ведайце: адсюль мы паедзем толькі пры адной умове – калі ўзьнікне пагроза ў жыцьці нашым блізкім.
І так жа ня хочацца, каб тая пагроза ўзьнікла…
Так жа ня хочацца зьяжджаць…
Толькі з усіх бакоў усё роўна чуеш: ну чаму ты тут?!
Адказваю ўрэшце так: не пакідаем Беларусі, бо мы й тут – свабодныя.
Нават тут свабодныя – у краіне, дзе грамадзтва яшчэ не пачувае сябе свабодным.